На мове Лі Бо і Ду Фу

- 10:47Людзі адукацыі

Сёння ўжо нікога не здзівіш веданнем англійскай мовы, чаго не скажаш пра кітайскую. Яе вывучэнне становіцца трэндам апошняга часу, прычым цікавасць да мовы Канфуцыя звязана не толькі з культурна-адукацыйным складнікам, але і з цеснымі гандлёва-эканамічнымі сувязямі паміж краінамі. У Брэсце кітайскую мову вывучаюць у дзіцячым-садзе — пачатковай школе № 1, сярэдніх школах № 7 і № 28, гімназіі № 5. І можна не сумнявацца, што пералік устаноў адукацыі, дзе спасцігаюць таямніцы іерагліфічнага пісьма, паступова будзе пашырацца.

— Ідэя вывучэння кітайскай мовы ўзнік­ла яшчэ 6 гадоў назад, але аформілася ў канкрэтную справу не адразу, а толькі ў 2017 годзе, калі дзякуючы супрацоўніцтву з класам Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры ў нашай установе адкрыўся кабінет кітайскай мовы і культуры, — расказвае дырэктар сярэдняй школы № 28 Брэста А.А.Лазарук. — Універсітэт аказаў і працягвае аказваць вялікую дапамогу ў вучэбна-метадычным суправаджэнні адукацыйнага працэсу, умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы кабінета і пошуку педагогаў-валанцёраў з ліку носьбітаў кітайскай мовы, якія разам з роднай мовай павінны добра ведаць і рускую.

За час існавання кабінета ў школе адпрацавалі ўжо 6 педагогаў-валанцёраў. Сёння, акрамя Сюй Дзі, кітайскую мову выкладае настаўніца кітайскай і англійскай мовы Ганна Артураўна Скачко, выпускніца Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. 180 вучняў 1—11 класаў спасцігаюць мову Лі Бо і Ду Фу на факультатыўных занятках, а трэцякласнікі і чацвёртакласнікі — у якасці асноўнай замежнай. Акрамя таго, каля 20 малодшых школьнікаў займаюцца ушу, традыцыйным элементам кітайскай культуры.

— На жаль, у арганізацыі адукацыйнага працэсу па вывучэнні кітайскай мовы даводзіцца сутыкацца з шэрагам праблем, — гаворыць А.А.Лазарук. — Па-першае, адчуваецца недахоп вучэбна-метадычных дапаможнікаў. Па-другое, некаторыя бацькі і вучні з пэўным недаверам ставяцца да кітайскай мовы з-за яе складанасці і не зусім ясных перспектыў. Па-трэцяе, для далейшага паспяховага развіцця кітайскамоўнага напрамку не пашкодзіла б больш значная падтрымка з боку мясцовых органаў улады. У планах — пераўтварэнне кабінета кітайскай мовы і культуры ў клас Канфуцыя з адпаведным фінансаваннем з кітайскага боку. 

Ганна Артураўна Скачко родам з Баранавіч. У школьныя гады будучы педагог марыла стац­ь медыкам, як яе бабуля, але дзіцячае захапленне ўсходняй гісторыяй і культурай прывяло ў МДЛУ. Пры выбары спецыяльнасці дзяўчына звярнула ўвагу на кітайскую мову, вывучэнне якой толькі пачыналася ва ўніверсітэце і якую яна палічыла даволі перспектыўнай, улічваючы кітайска-беларускае супрацоўніцтва ў розных сферах.

— Вучыць кітайскую мову пачала з 3 курса, — расказвае Ганна Артураўна. — Дагэтуль на працягу 1,5 года хадзіла на курсы кітайскай мовы ў Інстытуце Канфуцыя МДЛУ, пасля якіх пабывала з двухтыднёвай стажыроўкай у Паднябеснай. Ад паездкі засталіся незабыўныя ўражанні і вялікае жаданне вярнуцца туды зноў. Мара ажыццявілася! Наступная стажыроўка доўжылася паўгода. Гэтыя паездкі толькі пацвердзілі правільнасць прафесійнага выбару.

Маладая настаўніца рада, што была размеркавана ў Брэст, хаця магла застацца і ў сталіцы. Па словах Ганны Артураўны, кіраўніцтва школы прапанавала лепшыя ўмовы для работы. Педагог адчувае моцную падтрымку адміністрацыі і цалкам задаволена заработнай платай.

— Калі вучылася ва ўніверсітэце, выдатна ўсведамляла, што давядзецца працаваць у школе, — гаворыць Г.А.Скачко. — Гэта зусім не засмучала. Настаўніцкая дзейнасць вельмі цікавая і захапляльная. Не абыходзіцца, канечне, і без цяжкасцей, але яны не пужаюць. Больш за ўсё падабаецца працаваць з дзецьмі, шчыра захопленымі кітайскай мовай. Малодшыя школьнікі любяць вывучаць яе ў гульнявой форме, асабліва маляваць іерогліфы. У пачатку навучання дзецям цяжэй за ўсё даюцца вымаўленне і запамінанне іерогліфаў і фраз, але праз 2—3 месяцы гэтыя праблемы зніка­юць. Зносіны з носьбітам кітайскай мовы Сюй Дзі дапамагаюць адпрацоўваць практычныя навыкі не толькі вучням, але і мне.

Па словах Ганны Артураўны, найбольшая складанасць у выкладанні кітайскай мовы заключаецца ў падборы вучэбна-метадычных матэрыялаў да заняткаў. Айчынныя падручнікі пакуль недасканалыя і выклікаюць пэўныя нараканні па структуры вучэбнага матэрыялу, яго якасці і актуальнасці. Так, падручнік для 4 класа перагружаны кітайскай лексікай, якую праблематычна засвоіць за час, адведзены на яе вывучэнне. Дапаможнікі, падрыхтаваныя кітайскімі спецыялістамі, таксама маюць шэраг недахопаў у падачы матэрыялу. З-за адсутнасці вучэбна-метадычных комплексаў у дапамогу настаўнікам даво­дзіцца самастойна шукаць і рыхтаваць неабходныя матэрыялы, што аднімае шмат часу.

Дырэктар школы А.А.Лазарук лічыць Ганну Артураўну вельмі адказнай, добра падрыхтаванай і перспектыўнай настаўніцай са здаровымі амбіцыямі і спадзяецца, што яна пасля адпрацоўкі тэрміну размеркавання застанецца вучыць дзяцей, якіх вельмі любіць.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.