На мове Паднябеснай

- 9:11Адукацыйная прастора, Адукацыйныя праекты

Першае ў Беларусі трохбаковае пагадненне аб намерах аб адукацыйным супрацоўніцтве падпісана паміж Інстытутам Канфуцыя ў МДЛУ, пачатковай школай Nanjing North Hongwu Road (Нанкін, Кітай) і сярэдняй школай № 7 Баранавіч.

Супрацоўніцтва прадугледжвае абмен вопытам, узаемныя візіты, арганізацыю летніх і зімовых лагераў, удзел у праграмах павышэння кваліфікацыі як для выкладчыкаў, так і для адміністратараў.  

— Нельга не заўва­жыць рост папулярнасці кітайскай мовы ва ўсім свеце. Адчуць сапраўдную душу Кітая, стаць бліжэй да яе культуры актыўна імкнуцца і ў Баранавічах, — падкрэсліла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце 7-й школы Вікторыя Аляксееўна Купцова. — Сённяшняй нашай падзеі папярэднічала доўгая карпатлівая праца. У 2019 годзе быў заключаны трохбаковы дагавор паміж Інстытутам Канфуцыя ў МДЛУ, упраўленнем па адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама і сярэдняй школай № 7 Баранавіч. Пагадненне прадугледжвала абмен кадрамі, вопытам, сумесную работу па навучанні школьнікаў. Ідэя далучэння да культуры вялікай усходняй краіны закранула ўвесь наш педагагічны калектыў. 

З наступнага года ў школе плануюць увесці кітайскую мову як асноўны прадмет з 3 класа. 

У 2019/2020 навучальным годзе мову Паднябеснай у школе выкладала Сін Юйфэй, валанцёр Інстытута Канфуцыя ў МДЛУ, кваліфікаваны педагог з вучонай ступенню бакалаўра мастацтваў. Сін Юйфэй выступала кансультантам для вучняў і педагогаў, якія вядуць даследчую дзейнасць. Праекты па беларускай мове “Сацыялінгвістычны кампанент этыкем беларускай і кітайскай лінгвакультур” і англійскай мове Animal images in Chinese, English and Belarusian animalistic tales: comparative analysis былі адзначаны дыпломамі I ступені на гарадской і абласной канферэнцыях, а работа па англійскай мове яшчэ і дыпломам III ступені рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару. Летась з-за пандэміі валанцёры з Кітая не прыбылі ў Беларусь. Але сёлета Інстытут Канфуцыя ў МДЛУ падтрымаў школу і накіраваў у якасці выкладчыка рускамоўнага аспіранта факультэта міжнародных адносін БДУ Лю Сянцяня, магістра прыродазнаўчых навук. Са студзеня гэтага года да яго далучыўся другі педагог-валанцёр — Чан Хуэй, аспірант БДЭУ.

Сёння ў школе арганізаваны факультатыўныя заняткі, якія наведва­юць 120 навучэнцаў пачынаючы з 2 класа. Дзеці не толькі вывучаюць асновы мовы і базавыя іерогліфы, але і знаёмяцца з гісторыяй і культурай Кітая. Педагогі выкарыстоўваюць на занятках аўтэнтычныя гульні, апавяданні, прэзентацыі, фота- і відэаматэрыялы аб усходняй краіне. Нават фізкультхвілінкі праходзяць з выкарыстаннем элементаў усходніх адзінаборстваў. 

Гаворачы аб сістэме адукацыі ў Кітаі, Лю Сянцянь адзначыў, што галоўнае ў ёй — дысцыпліна. З дзяцінства кожнае кітайскае дзіця ра­зумее, што павінна старанна вучыцца, каб пасля стаць падтрымкай і апорай сваёй сям’і. І толькі добрая адукацыя можа стаць гарантам паспяховай кар’еры ў будучыні. 

Абодва настаўнікі добра валодаюць рускай і англійскай мовамі, што спрашчае зносіны з вучнямі, якія лічаць іх ра­зумнымі, творчымі і вясёлымі. Па словах валанцёраў, работа ў Беларусі — вельмі важны і цікавы вопыт, які спатрэбіцца ім пасля вяртання на ра­дзіму. У нашай краіне ім вельмі падабаецца, бо тут мірныя і талерантныя людзі, прыгожая прырода і добразычлівая
атмасфера.

Дзеці, якія вучаць у школе мову Паднябеснай ужо трэці год, з лёгкасцю могуць паві­таць адно аднаго, расказаць пра сябе і задаць пытанні суразмоўніку. Кожны з іх ма­рыць пабываць у Кітаі, на свае вочы ўбачыць Пекін, Шанхай, Вялікую Кітайскую сцяну, пакаштаваць кітайскую нацыянальную ежу, асабліва пасля тэлемоста “Зносіны без меж: Беларусь і Кітай” у фармаце відэасувязі з вучнямі эксперыментальнай замежнай школы Чэнду ў правінцыі Сычуань. Баранавіцкая школа —першая і пакуль адзіная ў Беларусі, з якой гэтая кітайская школа мае намер супрацоўнічаць. 

Горад Нанкін, з якім таксама пачынае ўзаемадзейнічаць баранавіцкая школа № 7 у межах трохбаковага пагаднення, мае багатую гісторыю, у часы дынастыі Мін ён з’яўляўся сталіцай Кітая. Тут мноства гістарычных славутасцей, музеяў, зялёных паркаў, архітэктурных збудаванняў розных перыядаў і стыляў. Nanjing North Hongwu Road Primary School мае велізарны вопыт міжнароднага супрацоўніцтва. Сярод яе партнёраў — школы ў Канадзе, ЗША, Тайвані,
Расіі. 

У найбліжэйшы час запланавана сумеснае анлайн-пасяджэнне метадаб’яднання настаўнікаў замежнай мовы школ-пабрацімаў Нанкіна і Баранавіч. Прысвечана яно бу­дзе сістэме моўнай адукацыі ў Кітаі і Беларусі. 

Надзея ЦЕРАХАВА.