На мове Шэкспіра і Ленана

Выкладанне англійскай мовы — адзін з важных кірункаў у навучанні. Растлумачыць гэта даволі проста: ведаць замежную мову ў ХХІ стагоддзі — гэта прэстыжна. Менавіта таму спецыялісты згаданага профілю вельмі запатрабаваны. Але стаць добрым настаўнікам замежнай мовы даволі складана. Акрамя вышэйшай адукацыі, неабходна быць дасведчаным чалавекам, ісці ў нагу з часам, імкнуцца быць прыкладам для сваіх вучняў. І самае важнае: выкладчык англійскай мовы павінен ведаць прынцыпы педагогікі. Гэта дапаможа распрацаваць уласную методыку навучання, што, у сваю чаргу, дазволіць падаваць матэрыял правільна, даступна і цікава. Менавіта такім педагогам з’яўляецца Юлія Альфрэдаўна Волкава, настаўніца англійскай мовы вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі гімназіі № 3 Барысава. Яна не проста таленавіты і адданы прафесіі спецыяліст, але і добры, уважлівы да дзяцей, тактоўны чалавек.

Юлія Волкава добра ведае методыку выкладання свайго прадмета. Размаўляючы пра вывучэнне замежнай мовы ў школе, прынцыпы выкладання прадмета, настаўніца расказвае, што англійская мова часта асацыіруецца з карпатлівай працай: запамінанне новых слоў, завучванне тэкстаў, засваенне граматычных правіл. Аднак, як упэўнена Ю.А.Волкава, ідэальны настаўнік павінен зрабіць вывучэнне мовы максімальна даступным для вучняў. Педагога, які цікава падае матэрыял, заўсёды любяць вучні і цэняц­ь бацькі.

Сваю галоўную задачу настаўніца бачыц­ь у выяўленні індывідуальна-псіхалагічных асаблівасцей вучняў, у развіцці здольнасцей кожнага дзіцяці. Яна імкнецца, каб усе навучэнцы авалодалі неабходнымі ведамі, уменнямі і навыкамі.

Юлія Альфрэдаўна — прадстаўнік сямейнай дынастыі настаўнікаў. Яе бацька, Альфрэд Аляксандравіч, і маці, Людміла Васільеў­на, працавалі настаўнікамі англійскай мовы ў Верхнядзвінскім раёне. Юлія з залатым медалём скончыла Асвейскую сярэднюю школу. У 2001 годзе з дыпломам з адзнакай скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. З 2006 года настаўніца працуе ў гімназіі № 3 Барысава.

Ва ўмовах павышэння патрабаванняў да ўдасканалення іншамоўнай адукацыі прыярытэтнымі кірункамі ў сваёй рабоце Ю.А.Волкава лічыць уласны прафесійны рост і павышэнне якасці навучання. Яна пастаянна ўдасканальвае прафесійныя навыкі: займаецца самаадукацыяй, стараецца стварыц­ь на ўроку дасканалае моўнае асяроддзе, імкнецца выбудаваць такую сістэму падрыхтоўкі навучэнцаў, якая ў выніку прыводзіць да паспяховай выніковай атэстацыі, здачы цэнтралізаванага тэсціравання. З ранніх тэрмінаў навучання фарміруе ў вучняў матывацыю да вывучэння замежнай мовы на аснове выкарыстання праблемных сітуацый, займальных і гульнявых момантаў у індывідуальнай і ў пазаўрочнай рабоце.

Урокі Юліі Альфрэдаўны адрозніваюцца глыбокай прадуманасцю, выразнасцю, лагічнай складнасцю. Дыдактычным стрыжнем многіх з іх з’яўляецца дзейнасць саміх навучэнцаў, у ходзе якой дзеці назіраюць, параўноўваюць, класіфікуюць, абагульняюць, робяць высновы. Для яе ўрокаў характэрны лагічны пераход ад аднаго этапу ўрока да іншага, ад простага задання да складанага. І ўсё гэта ўзаемазвязана, падпарадкавана пастаўленай мэце і, як вынік, дапамагае падтрымліваць цікавасц­ь дзяцей да ўрока, іх актыўнасць і жаданне працавац­ь. Навучэнцы Юліі Альфрэдаўны не баяцца выказваць сваё меркаванне, задаваць пытанні, разважаць.

Юлія Волкава валодае інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі, удзельнічае ў распаўсюджванні педагагічнага вопыту.

Навучэнцы Юліі Альфрэдаўны падчас правядзення шматлікіх конкурсаў, алімпіяд і канферэнцый заўсёды паказваюць высокія вынікі: яны з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі раённай і абласной прадметных алімпіяд па англійскай мове. Сваім вучням настаўніца аддае шмат душэўных сіл і энергіі, надзяляе іх каласальным зарадам ба­дзёрасці, душэўнай раўнавагі, матывуе іх імкнуцца да поспеху.

Так, навучэнцы Ю.А.Волкавай 6 разоў станавіліся дыпламантамі абласнога этапу алімпіяды па англійскай мове: у 2018 годзе Дар’я Волкава атрымала дыплом І ступені. А на міжнародным конкурсе даследчых работ “Прызма”, што праводзіцца ў Маскве, Лізавета Дабравольская заваявала дыплом ІІ ступені.

Юлія Альфрэдаўна — гэта настаўнік з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Яна дзеліцца вопытам з калегамі, праводзіць адкрытыя ўрокі, майстар-класы, творчыя мера­прыемствы.

Акрамя актыўнага ўдзелу ў адукацыйным працэсе, педагог удзяляе многа часу выхаваўчай рабоце. Ужо некалькі гадоў запар яна сумяшчае сваё любімае захапленне, гульню “Што? Дзе? Калі?”, з работай і праводзіць школьныя клубныя мерапрыемствы ў гэтым кірунку, арганізуе ўдзел сваіх падапечных у раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных гульнях.

Але самыя галоўныя захапленні Юліі Альфрэдаўны — гэта яе сям’я і ружы. Безумоўна, настаўніца любіць, калі ёй іх дорац­ь, але больш, чым атрымліваць, ёй падабаецца іх вырошчваць на ўчастку ля свайго дома. Дамашні сад Ю.А.Волкавай штогод папаўняецца новымі гатункамі самых розных расфарбовак, стужка Instagram мільгаціць ад дасягненняў у кветкаводстве, а сябры і вучні любуюцца цудоўнымі фотаздымкамі і захапляюцца шмаграннасцю настаўніцы. Напэўна, менавіта такі сур’ёзны падыход да ўсяго, што робіць, дазваляе настаўніцы дасягаць задуманага. А калі шчыра, то ў адносінах да Юліі Альфрэдаўны варта сказаць, што таленавіты чалавек можа ўсё. Згадзіцеся, нельга быць бездакорным настаўнікам і не быць цудоўным чалавекам.

Крысціна МУЛІЦА,
настаўніца гісторыі гімназіі № 3 Барысава.
Фота Сяргея ПАНКРАЦЬЕВА.