Таццяна Леанідаўна Макарэвіч, настаўніца фізікі мінскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 14 для дзяцей з парушэннем слыху, у мінулым годзе была адзначана прэміяй Мінгарвыканкама за стварэнне адаптаваных вучэбных электронных дапаможнікаў па фізіцы, астраноміі і па прадмеце “Чалавек і свет”. Змест дапаможнікаў і спосабы падачы матэрыялу ў іх улічваюць асаблівасці гэтай катэгорыі дзяцей. Выкарыстанне дапаможнікаў зрабіла працэс навучання больш эфектыўным і займальным.
45 хвілін бесперапыннай увагі
Чаму ўзнікла патрэба ў распрацоўцы такіх ЭСН? Як вядома, у пачатковых класах дзеці з парушэннем слыху, якія наведваюць спецыяльныя школы, займаюцца па падручніках і праграмах, прызначаных менавіта для спецыяльных школ. У сярэдніх жа і старшых класах заняткі па-ранейшаму вядуцца па праграмах і падручніках для масавай школы, і слыхавыя парушэнні дзяцей у поўнай меры не ўлічваюцца.
Працэс развіцця і навучання дзіцяці, якое не чуе, іншы, чым у яго звычайных равеснікаў. Часта адсутнасць слыху абцяжарана стратай маўлення, недастатковым псіхічным развіццём, што, канечне ж, замаруджвае пазнавальную дзейнасць дзяцей. Яны часта няўседлівыя і няўважлівыя, хутка страчваюць цікавасць да вучэбнага матэрыялу, забываюць інфармацыю, атрыманую на ўроку, часам не разумеюць заданні, прапанаваныя ў падручніку, не могуць самастойна выканаць іх.
Настаўніку вельмі цяжка на працягу 45 хвілін утрымліваць увагу такіх вучняў. Дзіця, якое зусім не чуе, успрымае інфармацыю толькі праз зрок. Яго мова — мова жэстаў і малюнкаў, а мысленне — гэта аперыраванне вобразамі, а не словамі, якімі яны амаль не карыстаюцца. Таму нават пры нязначным адцягненні ад тлумачэння настаўніка яны не могуць паўнацэнна асэнсаваць і засвоіць матэрыял урока. Для такіх дзяцей неабходны дапаможнікі з максімальнай візуалізацыяй вучэбнага матэрыялу. Значна лягчэй вучыць дзяцей з аслабленым слыхам, яны атрымліваюць інфармацыю на ўроку не толькі візуальна, але і праз рэшткі слыху, і актыўна ўключаюцца ў працэс навучання.
— Улічваючы ўсе цяжкасці, якія ўзнікаюць пры навучанні дзяцей з парушэннем слыху, я распрацавала мультымедыйныя прэзентацыі і адаптаваныя вучэбныя электронныя дапаможнікі па курсах фізікі, астраноміі і прадмета “Чалавек і свет” (з улікам методыкі выкарыстання апорна-лагічных схем, за стварэнне якіх у 2002 годзе атрымала грант Мінгарвыканкама), — расказала Таццяна Леанідаўна. — Я мадэрнізавала гэтую методыку і ўключыла яе ў мультымедыйнае суправаджэнне ўрокаў і лабараторных работ па фізіцы.
Тэарэтычны матэрыял мультымедыйнага суправаджэння ў дапаможніках візуалізаваны і прадстаўлены ў блоку “Прэзентацыі да ўрокаў”. Да блока “Відэажэсты” навучэнец можа звярнуцца па гіперспасылцы, каб удакладніць, напрыклад, сэнс новага паняцця, на якое ён звярнуў увагу пры самастойным вывучэнні тэмы і якое яму незразумела. У блоку “Тэсты” прадстаўлены заданні з прапанаванымі варыянтамі адказаў на пытанні. З іх трэба выбраць адзін або некалькі правільных. Праверка ўзроўню засваення ведаў ажыццяўляецца праз тэсціраванне, якое падобна на вядомую гульню “Хто хоча стаць мільянерам”. Правільныя варыянты адказаў размяшчаюцца ў пэўным парадку. З дапамогай праграмы, у якой былі створаны тэставыя заданні, адказы апрацоўваюцца і даецца ацэнка ведаў вучняў як у балах, так і словамі. Калі ж пры выкананні тэставага задання вучань не здолеў знайсці правільны адказ, ён можа звярнуцца да відэажэста і націснуць клавішу “не ведаю”. Праўда, для фізічных тэрмінаў няма прамых жэставых адпаведнікаў.
“Слова — малюнак — жэст”
У спецыяльнай школе № 14 Мінска вучацца дзеці не толькі з парушэннем слыху, але і дзеці, якія зусім не чуюць. Сярод іх ёсць і навучэнцы з ДЦП, з аўтызмам, з цяжкімі множнымі парушэннямі. Ёсць і такія, што вучацца па праграме другога аддзялення дапаможнай школы. У кожным класе школы займаецца не больш за 12 вучняў.
— Пазнаёмцеся, гэта Арцём — хлопчык з выдатнай памяццю, ён вельмі цікавіцца космасам і гатовы нават паспрачацца са мной на ўроку, — гаворыць Таццяна Леанідаўна. — Ён вучыцца ў нашай школе з 1 класа. Ілья і Паша прыйшлі да нас толькі ў 5 клас, Самір прыйшоў у 2 клас — вярнуліся з агульнаадукацыйнай школы, дзе наведвалі інтэграваныя класы. На жаль, не ўсе дзеці, якія слаба чуюць, могуць адаптавацца да ўмоў звычайнай школы. Ім там і псіхалагічна няўтульна, і ў вучобе поспехаў яны не дасягаюць.
Адзін з асноўных відаў дзейнасці на ўроках з такімі дзецьмі — работа па алгарытме. Таццяна Леанідаўна не толькі вучыць іх рашаць складаныя фізічныя задачы і праводзіць эксперыментальныя даследаванні з тлумачэннем іх вынікаў, але і развівае здольнасці вылучаць галоўнае, усталёўваць прычынна-выніковыя сувязі пры назіранні за рознымі прыроднымі з’явамі.
— Замацаванне любога паняцця ў дзяцей з парушэннем слыху павінна ажыццяўляцца ў трыадзінстве “слова — малюнак (вобраз) — жэст”, — падкрэслівае Таццяна Леанідаўна. — Калі ў вучня не сфарміруецца вобраз адносна якога-небудзь слова ці паняцця, то можна лічыць, што ён іх не засвоіў і не запомніў. Паколькі слоўнікавы запас у нашых навучэнцаў малы, то працаваць з падручнікамі для масавых школ ім складана. Мне даводзіцца тлумачыць дзецям сэнс напісанага, шукаць эфектыўныя спосабы выкладання, формы работы. Галоўнае — стварыць на ўроку сітуацыю поспеху. Прапаноўваю дзецям гульні на разуменне і мадэляванне пэўных фізічных працэсаў, а таксама індывідуальныя заданні на картках, апорна-лагічныя схемы, розны ілюстраваны матэрыял, ажыццяўляю мультымедыйнае суправаджэнне ўрока, арганізоўваю сумеснае (са мной) прагаворванне складаных для вымаўлення і запамінання тэрмінаў. Дзеці знаёмяцца не толькі з асноўнымі законамі фізікі, але і вучацца прымяняць іх пры выкананні лабараторных работ і рашэнні задач, самастойна рабіць высновы, выкарыстоўваць у побыце.
З дапамогай адаптаваных электронных дапаможнікаў настаўніца тлумачыць перавагі разнастайных падыходаў да вывучэння прыродных працэсаў; устанаўлівае ўзаемасувязі паміж фізікай і іншымі вучэбнымі прадметамі; заахвочвае навучэнцаў да пошуку і выказвання розных пунктаў гледжання на тую ці іншую з’яву; вучыць розным спосабам выказвання сваіх ідэй (пры дапамозе сімвалаў, вобразаў, графікаў, формул); вучыць складаць задачы па малюнках, казках, вершах, літаратурных творах, у якіх размова ідзе аб фізічных з’явах.
Электронныя дапаможнікі Таццяны Леанідаўны дапамагаюць дзецям вывучаць кожную тэму ў поўным аб’ёме, даюць магчымасць працаваць на розных этапах яе вывучэння, замацавання і кантролю ведаў. Па дапаможніках сваёй настаўніцы навучэнцы займаюцца не толькі ў класе, але і дома, самастойна.
Нядаўна псіхолагі школы правялі анкетаванне вучняў 7—12 класаў па пытаннях, якія тычацца розных прадметаў, у тым ліку і фізікі. Высветлілася, што час, затрачаны школьнікамі з парушэннем слыху на самастойнае вывучэнне новай тэмы з выкарыстаннем ЭСН, значна меншы, чым без яго, пры традыцыйным навучанні па падручніках. Скарачаецца і час, які траціць на падрыхтоўку да заняткаў педагог, калі выкарыстоўвае ЭСН. Дзякуючы рабоце з электроннымі дапаможнікамі, павышаецца якасць ведаў вучняў з парушэннем слыху, у іх хутчэй фарміруецца звязнае маўленне. Яны не саступаюць школьнікам, якія чуюць, па ўзроўні развіцця нагляднага мыслення і адстаюць ад іх прыблізна на тры гады па развіцці паняційнага мыслення.
Выбар прафесіі
Таццяна Леанідаўна расказала, што 12 яе вучняў — выпускнікоў школы, якія вывучалі фізіку па методыцы апорна-лагічных схем, а затым з дапамогай адаптаваных электронных дапаможнікаў, паспяхова скончылі Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж электронікі па спецыяльнасці “Аператар ЭВМ”. Два выпускнікі паступілі ў каледж у гэтым годзе.
— Педагогі нашай школы расказваюць дзецям пра спецыяльнасці, якія яны могуць атрымаць ва ўстановах адукацыі краіны, — гаворыць Таццяна Леанідаўна. — У Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 2 лёгкай прамысловасці абітурыентаў з парушэннем слыху прымаюць на спецыяльнасці “Швачка” або “Кравец”. Віцебскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці прапаноўвае юнакам і дзяўчатам з парушэннем слыху спецыяльнасці зацяжчыка і зборшчыка абутку, цырульніка, пакаёўкі, апаратчыка шырокага профілю вытворчасці хіміка-фармацэўтычных прэпаратаў, агента па забеспячэнні, рахункавода, а таксама аператара ЭВМ. У Гомельскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным вучылішчы № 67 будаўнікоў выпускнікі такой школы, як наша, могуць асвоіць прафесію слесара па рамонце аўтамабіляў, слесара механазборачных работ. У Магілёўскім дзяржаўным эканамічным прафесійна-тэхнічным каледжы можна атрымаць прафесію аператара ЭВМ, швачкі, вышывальшчыцы і сталяра.
Установы прапаноўваюць навучанне ў спецыяльных групах (групах інтэграванага навучання і дома) як на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, так і на аснове агульнай базавай.
Нашы навучэнцы і выпускнікі дасягаюць значных поспехаў у спорце, становяцца прызёрамі Сусветных гульняў і міжнародных спаборніцтваў сярод глухіх, чэмпіёнамі Еўропы. Яны з’яўляюцца членамі зборнай каманды Рэспублікі Беларусь па плаванні, баскетболе і лёгкай атлетыцы. Чацвёра выпускнікоў школы — Алена Цярэнцьева, Кацярына Ерамцова, Яна Карпейкіна і Аляксандр Козіч — неаднаразовыя алімпійскія чэмпіёны па лёгкай атлетыцы і плаванні. Прыкладам для многіх вучняў з’яўляецца настаўнік фізкультуры школы Аляксандр Мікалаевіч Шэндар, які мае парушэнне слыху. У яго скарбонцы некалькі залатых медалёў. Ён уваходзіў у склад каманд-пераможцаў міжнародных турніраў па баскетболе і валейболе сярод ветэранаў з парушэннем слыху.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.