На настаўнікаў Гродна раўняюцца калегі рэгіёна

Лепшых настаўнікаў Гродна павіншавалі на ўрачыстым мерапрыемстве, арганізаваным у іх гонар у абласной філармоніі.

На сённяшні дзень у абласным цэнтры 143 уста­новы адукацыі, у якіх працу­юць 6160 педагагічных работнікаў, у тым ліку 2 950 педагогаў. Больш за сто з іх ва ўрачыстай абстаноўцы за прафесіяналізм і высокія паказчыкі ў працы атрымалі заслужаныя ўзнагароды: ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, абласнога выканаўчага камітэта і абласнога Савета дэпутатаў, Гродзенскага гарвыканкама і гарадскога Савета дэпутатаў.

У фае філармоніі ўвагу ўдзельнікаў святочнага мерапрыемства прыцягнуў стэнд, створаны менавіта да гэтага дня. На ім фотавыстава дасягненняў сістэмы адукацыі Гродна, а таксама разгорнуты аповед пра тое, якой яна была ў 1945 го­дзе і якой стала ў 2020-м. У планах — да кожнага прафесійнага свята абнаўляць раздзел, які тычыцца апошняга года.

Удзел у мерапрыемстве прыняў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык.

— Педагогі Гродзеншчыны заўсёды займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў Рэспубліцы Беларусь. І вельмі значны ўклад у поспехі сістэмы адукацыі вобласці ўносяць педагогі абласнога цэнтра, — падкрэсліў Руслан Юр’евіч. — Гэта вялікая колькасць кірункаў дзейнасці, вялікая колькасць перамог і поспехаў. Кожны педагог — унікальны прафесіянал. Дзякуй усім, хто сваёй працай множыў поспех сістэмы адукацыі Гродзеншчыны.

Начальнік аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Сяманчык адзначыў, што ў Рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года” горад Гродна прадставілі тры педагогі.

— На жаль, апошнім часам пандэмія ўнесла карэктывы ў работу ўстаноў адукацыі. Аднак педагогі Гродна першымі ў рэспубліцы прынялі актыўны ўдзел у распрацоўцы новых форм, такіх як дыстанцыйнае навучанне, майстар-класы, відэа­ўрокі. Максімальна падключыліся да работы партала “Адукацыя ў Гродне”, на якім было разме­шчана каля 250 відэаўрокаў. І яны карыстаюцца попытам. Напрыклад, адзін з урокаў набраў 85 тысяч праглядаў. Хацелася б адзначыць работу педагогаў дадатковай адукацыі з іх цікавымі відэамайстар-класамі. Наш вопыт пераймаецца на ўзроўні рэспублікі. А мы працягваем развівацца ў IT і іншых кірунках, — расказаў Андрэй Сяманчык. 

Лепшых настаўнікаў горада павіншавалі з прафесійным святам старшыня Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў Барыс Фёдараў, намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна Аляксандр Коўш, які, дарэчы, быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Прыемным завяршэннем свята стала падрыхтаваная для настаўнікаў канцэртная праграма.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.