На навучанне — у дзіцячы тэхнапарк

- 9:20Адукацыйная прастора


Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, які быў створаны з мэтай выяўлення і падтрымкі адораных навучэнцаў, развіцця ў іх цікавасці да навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, пачаў сваю работу. Зусім хутка адкрыецца першая адукацыйная змена. Пакуль жа ва ўсіх рэгіёнах ідзе адбор хлопчыкаў і дзяўчынак, якія будуць праходзіць там навучанне.

— Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк быў створаны згодна з Указам прэзідэнта. Навучэнцамі ўстаноў дадатковай адукацыі вядзецца шырокая праектная дзейнасць. Мы будзем імкнуцца вывесці гэтую работу на новы ўзровень. Наша мэта — падтрымка адораных навучэнцаў. Тэхнапарк адкрывае перад здольнымі дзецьмі дадатковыя магчымасці для развіцця. З імі будуць займацца прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу вядучых УВА краіны. Навучэнцы не толькі набудуць новыя веды, але і атрымаюць усебаковую падтрымку ў рэалізацыі сваіх праектаў. Акрамя вочнай формы навучання, прадугледжана і завочная форма падтрымкі. На працягу трох месяцаў мы кансультуем навучэнца, дапамагаем у далейшым развіцці яго ідэі. Важна і тое, што любы навучэнец можа наведаць не адну адукацыйную змену на працягу года, пабываць на навучанні ў тэхнапарку некалькі разоў, — расказаў дырэктар Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка С.М.Сачко.

На Магілёўшчыне заяўкі на ўдзел у навучанні на першай адукацыйнай змене падалі 19 навучэнцаў. Гэта прадстаўнікі ўстаноў адукацыі Бялыніч, Бабруйска, Глуска, Горак і Магілёва. На другі этап адбору былі дапушчаны 13 чалавек, але па пэўных прычынах прыехалі на яго толькі 10 навучэнцаў. Кожны з іх ужо мае дасягненні ў тэхнічнай творчасці, некаторыя з’яўляюцца пераможцамі прэстыжных конкурсаў у гэтым кірунку.

Напрыклад, Дзяніс Набокаў з сярэдняй школы № 1 Бялыніч імя Пашкоўскага — аўтар шэрага цікавых праектаў, з якімі не раз удзельнічаў і перамагаў на адпаведных конкурсах.

— Я даўно захапляюся інфармацыйнымі тэхналогіямі. Планую звязаць з гэтым сваю прафесійную будучыню. Думаю, што вучоба ў тэхнапарку пас­прыяе ажыццяўленню гэтай мары, — падзяліўся Дзяніс.

Навучэнцы сярэдніх школ Бабруйска Настасся Раманава і Сяргей Радзюк заяўку на навучанне ў дзіцячым тэхнапарку падавалі, каб набыць новыя веды і ўменні. Яны цікавяцца робататэхнікай і вэб-дызайнам і перакананы, што навучанне ў тэхнапарку, акрамя набыцця дадатковых ведаў, дапаможа ім вызначыцца з будучай прафесіяй.

— У Магілёўскай вобласці дастаткова вялікая колькасць навучэнцаў, якія захоплены і паспяхова займаюцца тэхнічнай творчасцю. Вядома, ім вельмі патрэбны такія адукацыйныя пляцоўкі, як Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Для іх гэта важны момант прафесійнага самавызначэння, бо ў дзіцячага тэхнапарка магутны прафарыентацыйны патэн­цыял. Дзеці будуць арыентавацца на тыя прафесійныя напрамкі, якія патрэбны нашай краіне. У іх будзе арыенцір на канкрэтныя УВА, на канкрэтныя спецыяльнасці. Акрамя таго, для навучэнцаў навучанне ў тэхнапарку — дадатковы шанс заявіць пра сябе, свае праекты. Прычым не проста заявіць, а атрымаць кансультацыю, падтрымку па іх развіцці і, магчыма, нават выйсці на камерцыялізацыю свайго прадукту, увасобіць ідэю ў жыццё, — адзначыў намеснік дырэктара па тэхнічным напрамку Абласнога цэнтра творчасці С.У.Дарасевіч.
На базе АЦТ 10 прэтэндэнтаў на пуцёўку ў Нацыя­нальны дзіцячы тэхнапарк ад Магілёўскай вобласці праходзілі другі і трэці адборачныя этапы. Яны спраўляліся з тэсціраваннем на тэхнічнае, аналітычнае і прасторавае мысленне, а пасля ўдзель­нічалі ў субяседаванні.

Дарэчы, першая адукацыйная змена стартуе ўжо 31 студзеня і працягнецца па 23 лютага. Па выніках адбораў ва ўсіх рэгіёнах яе ўдзельнікамі стануць 30 вучняў 9—11 класаў з усёй краіны. Яны будуць праходзіць навучанне па вучэбных праграмах “Зялёная” хімія”, “Прамысловая робататэхніка”, “Вэб-дызайн (інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі)”.

Усяго на працягу бягучага года ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку прадугледжана арганізацыя дзевяці адукацыйных змен. Прыём заявак на навучанне ў другой адукацыйнай змене па праграмах “Зялёная” хімія”, “Ваенная робататэхніка”, “Прататыпаванне (інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі)” ужо адкрыты.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.