На ніве педагагічнай навукі і практыкі

У студзені часопісу “Адукацыя і выхаванне” спаўняецца 30 гадоў. За гэты час ён займеў свайго пастаяннага чытача, аб’яднаў вакол сябе навукоўцаў, метадыстаў педагогікі, увайшоў у пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў. І, канечне ж, усе гэтыя здабыткі — не мяжа, а прастора для далейшага развіцця. Пра станаўленне і перспектывы навукова-тэарэтычнага і інфармацыйна-­метадычнага выдання гутарым з галоўным рэдактарам, рэктарам Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, доктарам педагагічных навук, прафесарам Аляксандрам Жуком.

— Аляксандр Іванавіч, за 30 гадоў існавання часопіса ён, безумоўна, мяняўся, але ўвесь гэты час з’яўляўся трыбунай для трансляцыі перадавога навукова-педагагічнага вопыту. Вызначце, калі ласка, нязменныя навукова-метадычныя складнікі вашага выдання.

— Сапраўды, у першыя гады існавання часопіса быў закладзены пэўны фундамент, на якім выбудоўваліся яго змест і тэматычныя напрамкі. Каб акрэсліць навукова-метадычныя складнікі выдання, актуальныя і ў той час, і сёння, лагічна звярнуцца да гісторыі яго стварэння.

У пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, у сувязі з чым быў створаны шэраг новых нацыянальных органаў кіравання і ўстаноў. Так, з 1 жніўня 1990 года пачаў дзейнічаць Беларускі навукова-даследчы інстытут адукацыі (БелНДІ адукацыі). Перад ім стаяла задача распрацоўкі тэарэтыка-метадалагічных і навукова-метадычных асноў нацыянальнай сістэмы адукацыі. У той час дырэктар інстытута Уладзімір Паўлавіч Пархоменка прапанаваў вучонаму савету заснаваць новы часопіс. Прапанову падмацаваў аргументамі: у новым часопісе можна будзе публікаваць распрацоўкі навукоўцаў, якія вельмі чакаюць настаўнікі-практыкі; часопіс забяспечыць зваротную сувязь паміж педагогамі-практыкамі і распрацоўшчыкамі навукова-метадычнай прадукцыі.

У выніку ідэя заснавання навукова-тэарэтычнага і інфармацыйна-метадычнага выдання была падтрымана з вялікім энтузіязмам. Галоўны рэдактар тады адзначыў: “Новы часопіс — гэта надзейны канал сувязі педагагічнай навукі і практыкі. Толькі разам, пры цесным узаемадзеянні і аб’яднанні сваіх магчымасцей і намаганняў, навукоўцы, настаўнікі і выхавальнікі змогуць паспяхова вырашаць задачы, якія стаяць перад імі”. Прайшлі дзесяцігоддзі, а місія часопіса застаецца нязменнай — быць тэарэтычнай і метадычнай падтрымкай развіцця педагагічнай навукі і адукацыйнай практыкі.

— Ці можна гаварыць, што часопіс з’яўляецца своеасаблівым трамплінам для рэалізацыі навуковых амбіцый? Магчыма, ёсць статыстыка па колькасці педагогаў, для якіх часопіс стаў зыходным пунктам на шляху ў навуку?

— Зноў жа прапаную звярнуцца да гісторыі. Адкрыццё ў 1990-х гадах у беларускіх УВА і навуковых установах аспірантуры і дактарантуры, стварэнне саветаў па абароне дысертацый у галіне педагагічных і псіхалагічных навук для падрыхтоўкі навуковых кадраў для Беларусі патрабавалі адпаведнай інфармацыйнай падтрымкі, пляцоўкі для апрабацыі вынікаў дысертацыйных даследаванняў. Таму для педагогаў-даследчыкаў, аспірантаў, саіскальнікаў вучоных ступеней на старонках “АіВ” з’явілася новая рубрыка — “Педагагічная творчасць: думка і пошук”, матэрыялы дысертацый пачалі друкавацца ў прыярытэтным парадку. Зараз рубрыка для такіх артыкулаў носіць назву “Навуковыя публікацыі па выніках дысертацыйных даследаванняў”.

Наогул, “Адукацыя і выхаванне” шмат увагі ўдзяляе пытанням падрыхтоўкі і атэ­стацыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў, падтрымцы таленавітай мола­дзі ў іх навукова-даследчай дзейнасці. Ча­сопіс уключаны ў Спіс навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў па педагагічных і псіхалагічных навуках, а таксама па філасофіі адукацыі.

Шмат аўтараў “АіВ” сталі кандыдатамі і дактарамі педагагічных, псіхалагічных, філасофскіх, сацыялагічных і іншых навук, дзякуючы ў тым ліку таму, што навуковы стыль іх пісьма фарміраваўся падчас нялёгкай працы над аналізам і афармленнем уласных навуковых вынікаў. Як раней, так і цяпер, публікацыя ў часопісе “АіВ” для маладых вучоных, аспірантаў — гэта паказчык высокай якасці навуковага тэксту.

— Якія матэрыялы сёння з’яўляюцца самымі актуальнымі для часопіса?

— Часопіс няспынна развіваецца на працягу 30 гадоў. У адпаведнасці з запытамі часу ўводзяцца новыя рубрыкі, пашыраецца тэматыка артыкулаў.  Сёння рэдакцыя часопіса шмат увагі ўдзяляе асвятленню дзяржаўнай палітыкі ў галіне адукацыі.

Пытанні выхавання маладога пакалення — у ліку прыярытэтных у выданні. Пра гэта сведчыць вялікая колькасць матэрыялаў у рубрыках “Выхаванне ў сям’і”, “Арганізацыя выхаваўчай работы ў школе”, “Станаўленне асобы”, “У дапамогу класнаму кіраўніку”, “Школа і сям’я” і інш. Перадавы педагагічны вопыт прадстаўлены ў рубрыках “Вопыт рэгіёнаў”, “Партрэт адукацыйнай установы”, “Педагагічная скарбонка”, у якіх выкладчыкі, настаўнікі, выхавальнікі дзеляцца з калегамі сваімі напрацоўкамі, эфектыўным вопытам арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу. 

Вялікае значэнне ў “АіВ” надаецца пытанням бесперапыннай падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў, удасканалення педагагічнай адукацыі, таму рэгулярна папаўняюцца рубрыкі “Падрыхтоўка педагога”, “Адукацыя праз усё жыццё”, “Сучасны педагог”. Запатрабаванымі сёння з’яўляюцца рубрыкі “Адукацыя XXI стагоддзя”, “Адукацыя ў інфармацыйным грамадстве”, “На шляху да інклюзіі”, “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”, што тлумачыцца патрабаваннямі часу: сучасны настаўнік павінен валодаць лічбавымі адукацыйнымі тэхналогіямі, гатоўнасцю да рэалізацыі прынцыпу інклюзіі ў адукацыі, уменнем узаемадзейнічаць з баць­камі навучэнцаў.

Сёння педагагічная навука ў Беларусі развіваецца ў кантэксце апераджальнага адказу на запыты адукацыйнай практыкі.

На старонках “АіВ” расказваецца пра падзеі, што адбываюцца ў педагагічнай сферы нашай краіны: форумы, калегіі, конкурсы і інш. Пытанні падрыхтоўкі і атэстацыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў, падтрымка таленавітай моладзі на шляху навукова-даследчай дзейнасці асвятляюцца ў рубрыках “Падрыхтоўка кадраў”, “Адораныя дзеці”, “Шлях у навуку”, “Навука: ідэі, прапановы”. На старонках выдання таксама друкуюцца матэрыялы, прысвечаныя сацыяльна-эканамічным праблемам, сувязям сістэмы адукацыі з іншымі сферамі жыццядзейнасці грамадства: навукай, культурай, вытворчасцю. Актыўна публікуюцца матэрыялы ў рубрыцы “Актуальныя пытанні грамадскага жыцця”.

Значнае месца на старонках часопіса зай­мае асвятленне праблем грама­дзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і мола­дзі. Напрыклад, у 2020 годзе шмат артыкулаў былі надрукаваны ў рубрыцы “75-годдзе Вялікай Перамогі”. Акрамя таго, педагогі рэгулярна дзеляцца напрацоўкамі ў сферы ўзаемадзеяння школы і школьнага музея, якое таксама садзейнічае выхаванню патрыятызму ў падрастаючага пакалення.

Калектыў часопіса сваечасова рэагуе на запыты падпісчыкаў, перш за ўсё — кіраўнікоў і педагагічных работнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Пры неабходнасці ўводзяцца новыя рубрыкі. Напрыклад, з 2022 года ў рубрыцы “Нарматыўнае прававое забеспячэнне адукацыйнага працэсу: каментарыі спецыялістаў” мяркуецца публікаваць каментарыі, тлумачэнні экспертаў змяненняў у нарматыўных прававых актах сістэмы адукацыі, адказы на пытанні педагогаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі. У рубрыцы “Перадавы педагагічны вопыт” настаўнікі з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй і катэгорыяй “настаўнік-метадыст” будуць дзяліцца сваімі распрацоўкамі.

— Асоба галоўнага рэдактара з’яўляецца вызначальнай у развіцці стратэгіі выдання. Аляксандр Іванавіч, якім чынам, на ваш погляд, павінен развівацца часопіс? Акрэсліце, калі ласка, сучасны стан і тэндэнцыі развіцця педагагічнай навукі.

— Рабіць змест выдання сучасным, запатрабаваным, карысным і цікавым — задача ўсяго калектыву выдання. Нязменнымі застаюцца першапачатковыя ўстаноўкі, пра якія ішла гаворка раней, — сувязь педагагічнай тэорыі і адукацыйнай практыкі, спалучэнне традыцый і навацый. У той жа час дынаміка змяненняў сацыякультурнай сітуацыі, тэндэнцыі ўдасканалення айчыннай і сусветнай адукацыі дыктуюць новыя напрамкі развіцця педагагічнай навукі, выкарыстанне інавацыйных падыходаў, укараненне новых канцэптуальных поглядаў на адукацыйны працэс і інш.

На мой погляд, часопіс павінен ісці ў нагу з часам, адлюстроўваць сучасныя навуковыя ідэі і плыні. Таму супрацоўнікамі выдання перыядычна ініцыіруюцца абмеркаванні актуальных пытанняў, надзённых праблем сферы адукацыі і педагогікі.

Сёння педагагічная навука ў Беларусі развіваецца ў кантэксце апераджальнага адказу на запыты адукацыйнай практыкі. Сучаснымі адукацыйнымі трэндамі з’яўляюцца фарміраванне ў навучэнцаў кампетэнцый, неабходных для жыцця ў XXI стагоддзі, у інфармацыйным грамадстве. З гэтым непасрэдна звязаны пошукі механізмаў стварэння сучаснага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя; развіццё профільнай і дапрофільнай адукацыі, якія з’яўляюцца падмуркам асобаснага і прафесійнага самавызначэння вучня яшчэ на этапе школьнай адукацыі; стварэнне ў адукацыйным працэсе і пазавучэбнай дзейнасці такога развіццёвага асяроддзя, у якім будуць эфектыўна фарміравацца асноўныя віды функцыянальнай пісьменнасці дзяцей; распрацоўка сродкаў рэалізацыі STEM- і STEАM-падыходаў і інш.

Дзякуючы своечасовым навуковым распрацоўкам, у адукацыйны працэс устаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі актыўна ўкараняюцца найноўшыя інфармацыйныя тэхналогіі, ідэі ўстойлівага развіцця, ідэі эканамічнага рэсурсазабеспячэння, адбываецца гуманізацыя вучэбнага працэсу, рэалізуюцца прынцыпы інклюзіўнага навучання.

Не  магу не адзначыць і неабходнасць пастаяннай увагі да настаўніка, педагога. Сёння прадстаўнікі гэтай прафесіі з’яўляюцца драйверам рэалізацыі ў грамадстве ідэй устойлівага развіцця, ад іх прафесійных якасцей і майстэрства перш за ўсё залежыць прымнажэнне чалавечага капіталу Беларусі, стабільная і ўстойлівая будучыня нашай краіны. Таму мы імкнёмся да ўмацавання пазітыўнага іміджу педагагічнай прафесіі.

Што тычыцца развіцця педагагічнай навукі, то адзначу, што ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, які я ўзначальваю, намі распрацавана праблемнае поле актуальных псіхолага-педагагічных даследаванняў. Менавіта яно адлюстроўвае неабход­насць звяр­нуць увагу сучасных даследчыкаў на акрэсленыя вышэй пытанні. Таму і на старонках часопіса мы аддаём перавагу навуковым артыкулам па прыярытэтных напрамках псіхолага-педагагічных даследаванняў.

— Што б вы пажадалі калектыву і выданню з нагоды юбілею?

— Часопісу жадаю і надалей трымаць высокую планку вядучага перыядычнага выдання ў галіне педагагічнай навукі і інавацыйный практыкі. Няхай пашыраюцца аўтарская і чытацкая аўдыторыі, няспынна развіваюцца змест выдання і шляхі супрацоўніцтва з аўтарамі і ўстановамі адукацыі. Супрацоўнікам выдання зычу натхнення, аптымізму, прызнання іх высокага прафесіяналізму, сямейнага шчасця і дабрабыту.

“АіВ” мэтанакіравана і паслядоўна праводзіць вялікую работу па аказанні дапамогі выкладчыкам, кіраўнікам навучальных устаноў у павышэнні іх навукова-метадычнага ўзроўню, узбагачэнні перадавым вопытам работы. Няхай усведамленне гэтай высокай місіі надае сіл і матывацыі калектыву, садзейнічае далейшаму развіццю часопіса.

Мая ж асабістая мара — каб выданне магло атрымліваць кожная школа рэспублікі, каб кожны настаўнік з дапамогай QR-кода мог знайсці патрэбны яму артыкул у інтэрнэце, захаваць яго, каб потым прымяняць у сваёй рабоце.

— Аляксандр Іванавіч, Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” таксама далучаецца да віншаванняў і жадае няспыннага, плённага руху “АіВ”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.