На новым тэхналагічным узроўні

— Лічу, што нашы навучэнцы самыя лепшыя, і для іх мы імкнёмся стварыць найлепшыя ўмовы, — такія словы пачула ад дырэктара Індустрыяльна-педагагічнага каледжа Аляксея Маратавіча Маслана.

Наведваючы каледж, пераканалася, што гэта праўда. Як і тое, што ў кожнага навучэнца тут вераць, падтрымліваюць і вядуць да поспеху, што ствараюць тут цудоўныя ўмовы, каб маладыя людзі атрымалі якасную адукацыю і сталі добрымі прафесіяналамі. На працягу многіх гадоў філіял “Індустрыяльна-педагагічны каледж” УА РІПА з’яўляецца вядучай установай у падрыхтоўцы спецыялістаў для будаўнічай галіны і майстроў вытворчага навучання для ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі будаўнічага профілю. Ва ўстанове ўзялі курс на аказанне якасных адукацыйных паслуг і перакананы, што для гэтага неабходна бесперапынна ўдасканальваць адукацыйнае асяроддзе і арганізацыю працэсу навучання.

Дырэктар каледжа А.М.Маслан.

Віртуальная зварка і разумны дом

Вызначаючы траекторыю развіцця ўстановы, кіраўніцтва каледжа зыходзіць з меркавання, што сёння трэба не проста ісці ў нагу з часам, а працаваць на апярэджанне. Таму праводзіцца пастаянны маніторынг будаўнічай сферы і ўсе новыя тэндэнцыі знаходзяць адлюстраванне ў адукацыйным працэсе. Працаваць у такім рэжыме няпроста, аднак неабходна, бо сучаснае жыццё надзвычай хутка мяняецца.

Мадэрнізацыя будаўнічага комплексу Рэспублікі Беларусь вызначае запатрабаванасць у высокакваліфікаваных кадрах. У сучасным будаўніцтве выкарыстоўваюцца новыя тэхналогіі і матэрыялы, і работнікі павінны ўмець іх прымяняць, а значыць, пры навучанні ў каледжы яны павінны з усім гэтым пазнаёміцца. Таму тут актыўна працуюць над удасканаленнем матэрыяльна-тэхнічнай базы, а ў 2009 годзе ва ўстанове быў створаны рэсурсны цэнтр сучасных тэхналогій у будаўніцтве.

Унікальнасць рэсурснага цэнтра — у шматфункцыянальнасці яго кірункаў. Ён уключае ў сябе кабінет сучасных будаўнічых тэхналогій, дэкаратыўнай тынкоўкі, лакафарбавых матэрыялаў; лабараторыі метадаў навучання зварцы і зварачную майстэрню; майстэрні па каменных, тынкавых і абліцовачных работах, малярную і электрамантажную майстэрні, майстэрню па правядзенні санітарна-тэхнічных работ.

Структура падрыхтоўкі кадраў у каледжы арыентавана на рэалізацыю адукацыйных праграм сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама на дадатковую адукацыю дарослых (прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі кадраў, разнастайныя дадатковыя адукацыйныя паслугі для дарослага насельніцтва і замежных грамадзян).

У кожнай лабараторыі і майстэрні сучаснае абсталяванне. Зварку, напрыклад, асвойваюць з дапамогай віртуальнай рэальнасці. Лабараторыя навучання зварцы забяспечана 3D-трэнажорамі Soldamatic. Навучэнец на­дзявае спецыяльную маску, якая падобна да зварачнай, але замест шкла ў ёй — акуляры дапоўненай рэальнасці. У руках — апарат для зваркі, замест металу — спецыяльныя пласціны, якія можна зварыць устык, унахлёст або іншым чынам. Калі навучэнец пачынае працаваць, звонку бачна толькі, што ён право­дзіць зварачнай гарэлкай па пласціне. Пры гэтым у акулярах ён бачыць працэс зваркі такім, якім яго бачыць зваршчык пры сапраўднай рабоце. Гэта ж можна назіраць і на экране ў асноўнай частцы трэнажора.

— На трэнажоры можна запра­грамаваць узровень складанасці задання, выбраць метад зваркі — ручная, механізаваная, механізаваная з парашковым дротам ці іншая, — дэманструе трэнажор майстар вытворчага навучання Сяргей Рыгоравіч Пуцэйка. — Выбіраем таўшчыню металу, дыяметр дроту, у асяроддзі якога газу праводзім імітацыю, задаём даўжыню шва і іншыя настройкі. І пачынаем працаваць. Пасля завяршэння работы на экран выводзяцца вынікі і розныя параметры праведзенай зваркі — можна ацаніць рабочы вугал, хуткасць зваркі, траекторыю і іншыя параметры.

Работа на трэнажоры не патрабуе дадатковых мер бяспекі, дазваляе эканоміць электраэнергію і матэрыялы. А самае галоўнае — пасля такой трэніроўкі навучэнцы з лёгкасцю бяруцца за сапраўдную работу ў зварачнай майстэрні і ў іх усё атрымліваецца. У мінулым годзе зварачнае абсталяванне было цалкам абноўлена. Новыя апараты фірмы Lincoln Electric дазваляюць адпрацоўваць усе віды зваркі. Аднак і на гэтым справа не завершана, майстэрні будуць развівацца і далей.

Вядучымі спецыяльнасцямі каледжа з’яўляюцца “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, “Абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў”, “Санітарна-тэхнічнае абсталяванне будынкаў і збудаванняў”, “Абсталяванне і тэхналогія зварачнай вытворчасці”, “Абсталяванне і тэхналогіі мэблевай вытворчасці”. На платнаf2faffй аснове ў каледжы можна вучыцца па спецыяльнасцях “Турызм і гасціннасць”, “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”. Каледж адзіны ў рэспубліцы ажыццяўляе падрыхтоўку па спецыяльнасці “Тэхнічная праца і чарчэнне”.

— Сёння ў нашай краіне патрэбны спецыялісты, якія могуць працаваць у галіне зварачнай вытворчасці па робатызаванай зварцы. Мы збіраемся працаваць у гэтым кірунку, — адзначае дырэктар каледжа. — Плануем набыць зварачны робататэхнічны комплекс па дамоўленасці з кампаніяй БелСваМО.

У кожнай з майстэрняў можна знайсці прыклады тэхналогій, актуальных для сённяшняга дня. У электрамантажнай майстэрні навучэнцы працуюць з элементамі сістэмы “разумны дом”; у майстэрні па правядзенні санітарна-тэхнічных работ знаёмяцца з навінкамі сантэхнічнага абсталявання, вучацца класці цёплыя падлогі і сцены; у лабараторыі сучасных будаўнічых тэхналогій знаёмяцца з выкарыстаннем у быце альтэрнатыўных крыніц энергіі.

— Тут мы праводзім заняткі ў маляроў-тынкоўшчыкаў і абліцоўшчыкаў-плітачнікаў, — расказвае пра адзін з напрамкаў рэсурснага цэнтра Ірына Уладзіміраўна Леванькова. — Тут ёсць абсталяванне, якога ў будаўнічых кампаніях пакуль практычна няма. Аднак яно будзе распаўсюджвацца. І цудоўна, што нашы выпускнікі ўжо будуць гатовы на ім працаваць. Напрыклад, нашы навучэнцы вучацца працаваць з новым апаратам беспаветранага нанясення фарбаў і грунтовак.

Дарэчы, у аснашчэнні вучэбных майстэрняў, лабараторый і кабінетаў рэсурснага цэнтра прымалі ўдзел фірмы і прадпрыемствы, якія з’яўляюцца сацыяльнымі партнёрамі ўстановы. Таксама яны праводзяць семінары і майстар-класы па выкарыстанні сучасных тэхналогій і матэрыялаў на базе рэсурснага цэнтра для навучэнцаў і выкладчыкаў каледжа. Такое супрацоўніцтва ідзе на карысць і каледжу, і арганізацыям.

Рэсурсны цэнтр ажыццяўляе падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі кадраў па асноўных будаўнічых прафесіях, занятых у будаўнічай галіне і жыллёва-камунальнай гаспадарцы нашай краіны. Майстэрні цэнтра сталі добрай базай для падрыхтоўкі навучэнцаў каледжа, а таксама прадстаўнікоў іншых устаноў адукацыі па сеткавым прынцыпе. На базе цэнтра рэалізуюцца таксама адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі дарослых, якія ахопліваюць шырокі спектр рабочых прафесій, запатрабаваных на рынку працы.

Для вывучэння вопыту, а таксама праходжання стажыроўкі па вывучэнні сучасных будаўнічых тэхналогій рэсурсны цэнтр каледжа наведвалі замежныя дэлегацыі з устаноў адукацыі Туркменістана, Расіі, Таджыкістана, Казахстана, госці з Індыі, В’етнама, Швейцарыі.

Новыя планы

У адпаведнасці з тым, як мяняюцца патрабаванні работадаўцаў да работнікаў, у каледжы мяняецца не толькі матэрыяльна-тэхнічная база, але і змест адукацыі. Практычна кожны год ва ўстанове адкрываюць новыя спецыяльнасці. Якаснай падрыхтоўцы канкурэнтаздольных спецыялістаў спрыяюць і ўкараненне новага пакалення вучэбных планаў і праграм, новых тэхналогій навучання, удасканаленне вучэбна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу. У каледжы ажыццяўляецца эксперыментальная дзейнасць па праекце “Апрабацыя методыкі адбору і структуравання зместу адукацыйных праграм на аснове мадэрнізацыі нацыянальнай сістэмы кваліфікацый”.

— Мы ўжо некалькі гадоў назад пачалі сур’ёзна задумвацца аб арганізацыі апераджальнай падрыхтоўкі. Праводзілі шэраг сустрэч і круглых сталоў з заказчыкамі кадраў, каб паслухаць іх меркаванне, даведацца, што неабходна ведаць выпускнікам установы, якія прыйдуць да іх працаваць, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Святлана Іванаўна Макарэвіч. — Высветлілі, што сучасным спецыялістам неабходна ўмець працаваць з новымі матэрыяламі, з камп’ютарнымі праграмамі, якія непасрэдна датычацца прафесіі, а таксама мець базавыя веды аб кіраванні персаналам. На гэтыя аспекты і скіравалі ўвагу пры рабоце.

З’явіўся эксперыментальны вучэбны план для падрыхтоўкі па спецыяльнасці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва (па напрамках)”. План уключае некалькі прафесійных модуляў, кожны з якіх дазваляе навучэнцам набыць кампетэнцыі па рабочых прафесіях тынкоўшчыка, абліцоўшчыка-плітачніка, маляра, муляра, а таксама атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю па кваліфікацыі “тэхнік-будаўнік”.

Напрыклад, навучэнцы на першым го­дзе навучання пачынаюць працаваць па модулі “Выкананне аддзелачных работ”: вывучаюць будаўнічыя машыны і абсталяванне, інфармацыйныя тэхналогіі ў прафесійнай дзейнасці, тэхналогіі выканання аддзелачных работ, канструктыўныя элементы будынкаў. Потым праходзяць практыку і ў выніку атрымліваюць 3 або 4 разрад па спецыяльнасці “Абліцоўшчык-плітачнік” або “Муляр”. А скончыўшы гэты модуль, пераходзяць да вывучэння наступнага.

У адпаведнасці з новым вучэбным планам, у змест вучэбных дысцыплін і практык уключана вывучэнне тэхналогій, абсталявання, матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца ў сучаснай будаўнічай вытворчасці. Значная ўвага ўдзяляецца асваенню сучасных інфармацыйных тэхналогій, якія выкарыстоўваюцца ў будаўніцтве, у прыватнасці БІМ — тэхналогіі інфармацыйнага мадэлявання будынкаў. Для гэтага, дарэчы, закуплены і ўсталяваны спецыяльны камп’ютарны клас і праграмнае забеспячэнне. Таксама ў вучэбны план уключаны модуль “Арганізацыя і кіраванне ажыццяўленнем будаўніча-мантажных работ”. Гэтыя навыкі вельмі актуальныя для сучасных выпускнікоў каледжа, таму што спецыяліст з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй прыходзіць на будаўніцтва не проста выконваць заданні, а кіраваць пэўным рабочым працэсам.

Эксперыментальны вучэбны план арыентаваны на забеспячэнне адпаведнасці кампетэнцый выпускнікоў новым прафесійным стандартам. Варта адзначыць, што ўся вучэбна-праграмная дакументацыя прайшла рэцэнзаванне ў будаўнічых арганізацыях.

Эксперыментальны праект быў распачаты ў 2017 годзе. Сёлета выпусціцца першая група, якая вучылася па новым вучэбным плане. Гэтыя навучэнцы паспелі праявіць сябе яшчэ падчас вучобы — займалі прызавыя месцы ў конкурсах прафесійнага майстэрства.


У каледжы сканцэнтравана і пастаянна абнаўляецца найноўшае абсталяванне, інструменты і матэрыялы, што дазваляе ажыццяўляць падрыхтоўку кадраў на новым тэхналагічным узроўні. Сёння тут рыхтуюць спецыялістаў заўтрашняга дня.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.