На пачатку дарослага жыцця

Выпускнікамі гімназіі № 19 Мінска ў гэтым годзе сталі 53 адзінаццацікласнікі і 61 дзевяцікласнік. Зараз навучэнцы здаюць выпускныя экзамены. 1 чэрвеня, у першы дзень іспытаў, гімназісты пісалі кантрольную работу па матэматыцы на павышаным і базавым узроўнях, а таксама пераказ па рускай і беларускай мовах. Пакуль ідзе іспыт, мы пагутарылі з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніцай рускай мовы і літаратуры Наталляй Віктараўнай СТАХНО.

“Увесь навучальны год нашы старшакласнікі рыхтаваліся да выпускных экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання, — адзначыла Наталля Віктараўна. — Вывучалі прадметы на павышаным узроўні: фізіку і матэматыку, хімію і біялогію — у 11 “А” класе; матэматыку і англійскую мову, рускую і англійскую мовы — у 11 “Б” (па мадэлі арганізацыі 2 профільных класаў). Усе выпускнікі штудзіравалі зборнікі экзаменацыйных работ і дапаможнікі для падрыхтоўкі да ЦТ, наведвалі кансультацыі і стымулюючыя заняткі.

Падчас выпускных экзаменаў навучэнцы гімназіі, як правіла, пацвярджаюць свае гадавыя адзнакі, якія выстаўляюцца ім у атэстат. Калі экзаменацыйная работа напісана выпускнікамі на лепшую адзнаку, чым гадавая, то кожнаму з іх павышаецца выніковая адзнака. Пры гэтым разлічваецца сярэдняя арыфметычная сума гадавой і экзаменацыйнай адзнак. Вельмі рэдка выніковая адзнака ў навучэнцаў зніжаецца”.

Сёлета выпускніцы 11 класа гімназіі № 19 Дар’я Прошына і Ірына Інодзіна з’яўляюцца прэтэндэнткамі на атрыманне атэстатаў з узнагароджаннем залатым медалём. Вучаніца 9 класа Ганна Дубіна павінна атрымаць пасведчанне асаблівага ўзору з адзнакай. Сярод выпускнікоў гімназіі № 19 ёсць пераможцы прадметных алімпіяд раённага ўзроўню. Гэта Данііл Каралько — па геаграфіі, Віктар Барадко — па гісторыі, Дар’я Прошына і Віялета Бусло — па астраноміі, Ксенія Амяльковіч — па беларускай мове. Акіхіра Гаеўскі-Ханада — пераможца раённай алімпіяды па грамадазнаўстве, а таксама ўладальнік дыплома ІІ ступені Рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых работ па гісторыі і дыплома І ступені Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі праектных і даследчых работ “Искатель” у Маскве.

Раней за іншых навучэнцаў выканаў кантрольны іспыт па матэматыцы на павышаным узроўні (кантрольная работа № 92) адзінаццацікласнік Арцём Баршчоў. Юнак вывучаў на павышаным узроўні матэматыку і англійскую мову ў старшых класах. Гімназію Арцём заканчвае з “васьмёркамі” — “дзясяткамі” па прадметах. Экзаменацыйную кантрольную работу па матэматыцы, як высветлілася падчас размовы з Арцёмам Баршчовым, ён лічыць цікавай, таму што ў ёй былі прадстаўлены тэмы, якія гімназісты праходзілі ў апошнія тры гады. Дастаткова складанымі яму падаліся заданні №№ 9, 10. Юнак разлічвае атрымаць не ніжэй за 8 балаў за гэтую работу.

Як адзначыла настаўніца матэматыкі Людміла Крыжаноўская, якая працавала ў экзаменацыйнай камісіі, навучэнцам быў прапанаваны ўдалы варыянт з 10 стандартных заданняў, прадстаўленых у парадку нарастання складанасці: усё празрыста, зразумела, даступна. Выконваць складаныя геаметрычныя пабудовы не патрабавалася. Разам з тым, як паказвае практыка, навучэнцы часам не адважваюцца брацца за рашэнне 9 і 10 заданняў. Некаторыя робяць гэта з прагматычных меркаванняў — рашаюць такую колькасць заданняў, якая дазволіць атрымаць адзнаку, якая ім у выніку патрэбна.

На пытанне пра асабістыя перспектывы і будучую прафесію Арцём Баршчоў адказаў: “З 7 гадоў я гуляю ў хакей. У 5 класе дакладна вырашыў, што хачу сур’ёзна займацца спортам. У той час я вучыўся ў гімназіі № 1 Віцебска. Калі мяне запрасілі ў хакейны клуб “Юнацтва” (Мінск), то была падтрымка ад сям’і, мы ўсе разам пераехалі ў сталіцу. З 9 класа вучыцца стаў у гімназіі № 19 Мінска. Хакейная каманда клуба “Юнацтва” была пераможцай чэмпіянату нашай краіны. Двойчы я ўдзельнічаў у юнацкім чэмпіянаце свету па хакеі. А ў гэтым годзе мне даверылі быць капітанам юніёрскай зборнай Беларусі. Паступаць планую ў БДУФК на трэнера па хакеі.

У мяне застануцца самыя цёплыя ўспаміны пра ўсіх настаўнікаў, якія адкрылі мне дарогу ў будучыню. З боку педагогаў я заўсёды адчуваў поўнае разуменне і падтрымку”.

Да размовы далучылася выпускніца 11 класа Ірына Інодзіна — прэтэндэнтка на атрыманне залатога медаля. Яна пісала пераказ па рускай мове. Навучэнцам быў прапанаваны тэкст “Белая вавёрка” (паводле В.Аляксеева). Падчас экзамену па рускай мове яна крыху перахвалявалася, але ўсё ж выказала ўпэўненасць, што напісала добра — на 9 балаў. Дзяўчына — пастаянная ўдзельніца і пераможца алімпіяд па хіміі (1, 2 і 3 этапаў), экалагічных конкурсаў. У мінулым годзе на другім раённым этапе атрымала дыплом І ступені.

“Ірына, ці цяжка вучыцца на выдатна?” — задаю ёй пытанне. “Выдатніцай я стала ў 8 класе, прычым атрымалася ўсё выпадкова. Да гэтага была цвёрдай “харашысткай”, — гаворыць дзяўчына. — Вучыцца на выдатна для мяне іншы раз было праблематычна. Але разумела, што не маю права здаваць пазіцыі, да таго ж высокіх вынікаў чакалі ад мяне настаўнікі, бацькі і аднакласнікі. Што значыць вучыцца на “9” і “10”? У першую чаргу гэта ўменне не ленавацца, рабіць своечасова дамашнія заданні, уважліва слухаць педагогаў. У старшых класах я вывучала хімію і біялогію на павышаным узроўні. Планую паступаць у медыцынскі ўніверсітэт на лячэбны факультэт. Прыкладам у прафесіі для мяне з’яўляецца мая мама-медык.

У школе вучаць шмат чаму. Але самае галоўнае — уменню ўзаемадзейнічаць — з аднакласнікамі, з настаўнікамі. Кожны з іх быў для мяне цікавы як асоба. На канікулах, калі ішла падрыхтоўка да алімпіяд, я наведвала гімназію і мела час і магчымасць для шчырых размоў з настаўнікамі, якія ўзбагацілі мяне трывалымі ведамі. Душэўныя размовы з імі запомняцца мне на ўсё жыццё”.

Выпускнікі гімназіі № 19 Мінска амаль стапрацэнтна паступаюць ва УВА. Выбіраюць самыя прэстыжныя — БДМУ, БДПУ імя Максіма Танка, БДУІР, БНТУ, БДУ. На бюджэтную форму атрымання адукацыі ў мінулым годзе было залічана каля 80 працэнтаў гімназістаў.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *