На палях G20 збярэцца “нармандская чацвёрка”

- 11:53Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, федэральны канцлер Германіі Ангела Меркель і Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд правядуць сустрэчу на палях саміту “Групы дваццаці” ў Кітаі. Як паведамляе прэс-служба Крамля, аб гэтым яны дамовіліся ў час тэлефоннай размовы.

“Лідары трох дзяржаў дамовіліся прадоўжыць асабістыя кантакты па ўкраінскай тэматыцы і, у прыватнасці, правесці сумесную сустрэчу на палях саміту “Групы дваццаці”, які мае адбыцца 4—5 верасня ў Кітаі, — гаворыцца ў паведамленні.

У пачатку жніўня кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў заявіў, што Украіна прапанавала на саміце G20 у Кітаі правесці сустрэчу лідараў “нармандскай чацвёркі”. Міністр тады дадаў, што Расія падтрымае гэтую ініцыятыву пры ўмове, калі пагодзяцца Германія і Францыя, а таксама калі Кітай як краіна, якая прымае форум, прадаставіць пляцоўку для перагавораў.

Перагаворы ў фармаце “нармандскай чацвёркі” па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе праводзяцца з чэрвеня 2014 года. Тады ў ходзе святкавання 70-годдзя высадкі войск саюзнікаў у Нармандыі лідары Расіі, Украіны, Францыі і Германіі ўпершыню абмеркавалі ўрэгуляванне канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны. З таго часу адбылося некалькі сустрэч на найвышэйшым і міністэрскім узроўнях.