На парозе вялікіх адкрыццяў

- 11:16Навіны рэгіёнаў

Для многіх навучэнцаў Гродзенскай вобласці конкурс даследчых работ “Крышталёвая альфа” становіцца першай прыступкай на навуковым шляху. Завяршальнаму этапу гэтага конкурсу папярэднічаюць унутрышкольныя, раённыя і гарадскія навукова-практычныя канферэнцыі, даследчыя конкурсы. У фінале IX абласнога конкурсу ў гэтым годзе прынялі ўдзел больш за 240 навучэнцаў 9—11 класаў з усіх раёнаў вобласці, Гродна.

Конкурс праводзіцца па вучэбных прадметах “Матэматыка”, “Інфарматыка”, “Фізіка”, “Астраномія”, “Біялогія”, “Хімія”, “Геаграфія”, “Руская мова”, “Руская літаратура”, “Беларуская мова”, “Беларуская літаратура”, “Замежная мова” (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская), “Гісторыя”, “Грамадазнаўства”. Навукова-метадычнае забеспячэнне яго ажыццяўляюць Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.

Пачынаецца конкурс пленарным пасяджэннем, асаблівасць якога — выступленне з дакладамі ўжо вядомых вучоных і юных даследчыкаў. Так, у першы дзень работы кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Уладзімір Куліковіч расказаў аб актуальных напрамках беларускамоўных гуманітарных даследаванняў. Разам з ім вынікамі сваіх работ падзяліліся навучэнка Гродзенскай гарадской гімназіі Ганна Хэ, якая прадставіла выступленне на кітайскай мове, і навучэнец Радунскай сярэдняй школы Уладзіслаў Вайткун, які распавёў аб культавых валунах Воранаўшчыны.

На другі дзень канферэнцыі на пленарным пасяджэнні выступіў кандыдат геаграфічных навук, дацэнт, загадчык кафедры прыродазнаўчых дысцыплін і інфарматыкі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Г.З.Озем. Генадзь Зянонавіч вельмі цікава і абгрунтавана гаварыў аб развіцці сучаснай навукі, перспектыўных кірунках і аб адказнасці вучонага за сваю справу. Выступленне называлася “Чалавек павінен верыць, што незразумелае можна зразумець” і накіроўвала маладых удзельнікаў конкурсу на пошук свайго шляху ў навуцы. Першыя, але ўжо значныя крокі на гэтым шляху прадэманстравала навучэнка гімназіі № 1 Ліды Аліна Антонава, якая прадставіла даследаванне, як можна вырабляць паперу з трыснягу (дарэчы, Аліна была адзначана дыпломам І ступені за работу “Даследаванне фізіка-хімічных уласцівасцей магнітных вадкасцей” у секцыі “Хімія”). А Юлія Салдаценкава з сярэдняй школы № 2 імя М.Масонава Свіслачы паказала, як з дапамогай мабільных гаджэтаў можна ствараць эфекты 3D-галаграм над смартфонам і планшэтам.

Удзельнікаў конкурсу “Крышталёвая альфа”, педагогаў, якія падрыхтавалі вучняў да ўдзелу ў ім, віталі начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Святлана Кавалеўская, рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сяргейка, прарэктар па вучэбнай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Генадзь Гачко.

Потым пачалася вельмі адказная работа ў секцыях. Даследаванні ўдзельнікаў папярэдне праходзілі рэцэнзаванне і атрымалі балы за афармленне. Падчас абароны даследавання пытанні задавалі не толькі члены журы, але і прысутныя ўдзельнікі секцыі.

Як паведаміла начальнік цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ГрАІРА Людміла Мячына, па рашэнні журы дыпломамі І ступені было адзначана 20 даследаванняў, другой ступені — 33, трэцяй — 51 работа. Найбольш удзельнікаў было у секцыях “Гісторыя” — 33, “Фізіка” і “Астраномія” — 20, “Геаграфія” — 17. Найбольш актыўна праявілі сябе навучэнцы з Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў Гродна, Лідскага раёна. Добры вынік прадэманстравалі навучэнцы з Ваўкавыскага, Дзятлаўскага, Слонімскага, Гродзенскага, Смаргонскага, Свіслацкага, Мастоўскага, Навагрудскага раёнаў.

Многія адзначаныя работы носяць прыкладны характар і маюць сацыяльную значнасць. Так, у секцыі “Біялогія” лепшай прызнана работа “Аквапоніка на прысядзібным участку” навучэнца Новаельнянскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна Ягора Сокала, у секцыі “Руская мова” — “Прыёмы моўнай гульні ў медыятэкстах сучасных падлеткавых сродкаў масавай інфармацыі” Марыны Герасімчук з гімназіі № 1 Ліды. У секцыі “Гісторыя” дыпломамі І ступені адзначаны работы Дзіяны Мелех з Лунненскай сярэдняй школы імя Івана Шарамета Мастоўскага раёна “Жылая забудова мястэчка Лунна ў канцы ХІХ — першай трэці ХХ ст.” і Мікіты Садоўскага з Путрышкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна “Старонкі футбольнай гісторыі Гродна (1920—1939 гг.)”. А Марыя-Маргарыта Клінцэвіч з гэтай жа школы 1-е месца ў секцыі “Грамадазнаўства” атрымала за работу “Разуменне шчасця ў поўных і няпоўных сем’ях”.

Аўтары лепшых работ прадставяць Гродзенскую вобласць на Рэспубліканскім конкурсе навукова-практычных работ.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.