На патрэбы эканомікі

- 14:09На думку эксперта, Суразмоўца, Суразмоўца

Новы Агульнадзяржаўны класіфікатар “Спецыяльнасці і кваліфікацыі” 011­2022 пачне дзейнічаць адначасова з новай рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі. Пра тое, як ішла праца, на якія напрамкі класіфікацыі была звернута асаблівая ўвага і чым урэшце будзе адрознівацца новы класіфікатар ад папярэдняга, расказваюць прадстаўнікі  рабочай групы —прарэктар па навукова­метадычнай рабоце РІВШ кандыдат гістарычных навук ІгарУладзіміравіч ЦІТОВІЧ і першы прарэктар РІПА кандыдат педагагічных навук Юлія Сяргееўна СЫЧОВА.

 

— Ігар Уладзіміравіч, чым была абумоўлена распрацоўка новага класіфікатара?

— Мэтазгоднасць распрацоўкі новага праекта Агульнадзяржаўнага класіфікатара “Спецыяльнасці і кваліфікацыі” абумоўлена некалькімі прычынамі. Узнікла неабходнасць у далейшай і больш прадметнай арыентацыі ў спецыяльнасцях бесперапыннай прафесійнай адукацыі, каб сувязь з відамі эканамічнай дзейнасці і заняткамі стала больш цеснай і відавочнай і каб арыентацыя кваліфікацый стала сугучнай з планаваннем падрыхтоўкі кадраў для ўсіх галін нацыянальнай эканомікі. Акрамя таго, структуру і змест класіфікатара трэба было гарманізаваць з міжнароднымі класіфікацыямі адукацыі і прывесці ў адпаведнасць з новай рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі ў той частцы, якая тычыцца структуры ўзроўняў бесперапыннай прафесійнай адукацыі, відаў адукацыйных праграм вышэйшай адукацыі.

— Як вялася работа над новым дакументам? Якія этапы сталі ключавымі?

— Работа над новым класіфікатарам ажыццяўлялася паэтапна. Спачатку была праведзена аптымізацыя структуры спецыяльнасцей магістарскай падрыхтоўкі, каб сарыен­таваць вышэйшую аду­кацыю ІІ ступені на патрэбнасці навукова-інавацыйнай сферы, павышэнне эфектыўнасці і якасці магістарскай падрыхтоўкі, уключэнне магістратуры ў інтэграванае адукацыйнае, навукова-даследчае і прадпрымальніцкае асяроддзе ў рамках “Універсітэта 3.0”. На другім этапе работы, а гэты перыяд захапіў 2021 і бягучы год, вялася распрацоўка структуры скразных класіфікацыйных груповак (про­філяў адукацыі, на­прамкаў адукацыі і груп спецыяльнасцей), ішло праектаванне найменняў спецыяльнасцей і кваліфікацый з улікам відаў эканамічнай дзейнасці, галін навуковых ведаў у залежнасці ад узроўню і віду адукацыі. Распрацоўваючы праект, яго аўтары прытрымліваліся таго, каб спе­цыяльнасці і кваліфікацыі адпавядалі асноўным кірункам дзяржаўнай палітыкі, а нацыянальная кла­сіфікацыя нашай адукацыі гарманізавала з Міжнароднай стандартнай класіфікацыяй адукацыі, кірункамі адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі (МСКА-2011 і МСКА-В-2013), прынятымі ЮНЕСКА. Распрацоўшчыкі імкнуліся ўзбуйніць дзеючыя і скасаваць дубліруючыя спецыяльнасці вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, арыентаваць спецыяльнасці на віды эканамічнай дзейнасці. Трэба было пашырыць магчымасці навучальных устаноў вышэйшай адукацыі, каб яны маглі ўводзіць прафілізацыі ў рамках узбуйненых спецыяльнасцей. У фінансавым плане неабходна было павы­сіць эканамічны эфект сродкаў, выдаткаваных на падрыхтоўку кадраў, за кошт аптымізацыі структуры адукацыі.

— Што ўключае выніковая версія праекта?

— У праект уключана 10 профіляў адукацыі (раней было 15), 26 напрамкаў адукацыі (65), 72 групы спецыяльнасцей (236), а таксама 1170 спецыяльнасцей прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі і перападрыхтоўкі кадраў, у тым ліку 247 спецыяльнасцей бакалаўрыята, 166 спецыяльнасцей магістратуры, 41 спецыяльнасць бесперапыннай вышэйшай адукацыі. Як бачна, агульная коль­касць спецыяльнасцей і кваліфікацый вышэйшай адукацыі, якая ўвайшла ў новы кла­сіфікатар, значна зменшана.

Спецыяльнасці ўзбуй­нены, дубліруючыя ануляваны, а таксама выключаны тыя, якія сталі неактуальнымі для эканомікі, навукі і сацыяльнай сферы. Назвы спецыяльнасцей спраектаваны з арыентацыяй на віды прафесійнай і эканамічнай дзейнасці, кваліфікацыі сістэматызаваны ў адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі і з улікам запраектаванай Нацыянальнай рамкі кваліфікацый. У новай рэдакцыі класіфікатара структура спецыяльнасцей выключае ўвядзенне дробных варыятыўных элементаў — спецыялізацый і напрамкаў спецыяльнасцей, як гэта было ў папярэднім, дзеючым сёння АКРБ
011-2009. Таксама ў новым класіфікатары скарочана коль­касць класіфікацыйных адзі­нак. Пяр­­вічнай адзінкай кла­сіфікацыі вызначана спецыяльнасць. 

Для ўдакладнення, спецыяльнасць — гэта комплекс адукацыйнай дзейнасці, накіраванай на падрыхтоўку выпускніка да выканання дакладных прафесійных задач і функцый. Кожнай спецыяльнасці адпавядае адна ці некалькі кваліфікацый, якія разглядаюцца як афіцыйнае прызнанне кампетэнцый выпускніка, неабходных для ажыццяўлення працоўнай дзейнасці, пацверджанае адпаведным дакументам. Згодна з новай рэдакцыяй Кодэкса Рэс­пуб­лікі Беларусь аб адукацыі, навучальныя ўстановы будуць рэалізоўваць варыятыўнасць падрыхтоўкі кадраў па спецыяльнасцях сродкамі прафілізацыі, што пашырае іх магчымасці аператыўна рэагаваць на патрэбы работадаўцаў да зместу адукацыі выпускнікоў.

Адначасова з распрацоўкай класіфікатара былі сфарміраваны перакадзіровачныя табліцы спецыяльнасцей і кваліфікацый, якія дазваляюць ажыццявіць навукова-метадычнае забеспячэнне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, дадатковай адукацыі дарослых, ліцэнзаванне адукацыйнай дзейнасці і дзяржаўную акрэдытацыю спецыяльнасцей і ўстаноў адукацыі.

— Як прайшла экспертная ацэнка класіфікатара?

— Экспертная ацэнка канчатковай рэдакцыі праекта АКРБ 011-2022 праведзена ў Беларускім дзяржаўным інстытуце стандартызацыі і сертыфікацыі. Выніковы праект класіфікатара ўзгоднены з зацікаўленымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, установамі адукацыі, іншымі арганізацыямі. Зацвердзіць праект плануецца ў найбліжэйшы час, што дасць магчымасць сфарміра­ваць прававую аснову для яго ўступлення ў дзеянне адначасова з нормамі новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі з 1 верасня 2022 года. 

Перакадзіровачныя табліцы спецыяльнасцей і ква­ліфікацый таксама плануецца зацвердзіць разам з кла­сіфікатарам, што дазволіць на прававой падставе ўнесці змяненні ў ліцэнзіі на адукацыйную дзейнасць і сертыфікаты аб дзяржаўнай акрэдытацыі. Таксама трэба будзе арганізоўваць распрацоўку новага пакалення адукацыйных стандартаў вышэйшай адукацыі па спецыяльнасцях агульнай, паглыбленай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі, навукова-метадычнага забеспячэння вышэйшай адукацыі. 

Акрамя таго, бу­дуць унесены змяненні ў аўтаматызаваную сістэму “Заказ на падрыхтоўку кадраў”. Неабходна, каб універсітэты, згодна з нормамі новага класіфікатара, сумесна з работадаўцамі вывучалі рэальную патрэбнасць у кадрах па спецыяльнасці, больш актыўна ўключалі заказчыкаў кадраў у распрацоўку новага пакалення (пакаленне 3+) адукацыйных стандартаў і вучэбна-праграмнай дакументацыі новых адукацыйных праграм.

 

Дакладны аналіз рынку працы

Ю.С.СЫЧОВА:

— На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі таксама адбылося ўзбуйненне спецыяльнасцей. У новай рэдакцыі класіфікатара адсутнічаюць такія адзінкі, як напрамкі — спецыяльнасці і спецыялізацыі. Назвы спецыяльнасцей сфармуляваны ў адпаведнасці з відамі эканамічнай дзейнасці і адлюстроўваюць напрамкі прафесійнай дзейнасці будучых рабочых і спе­цыялістаў.

Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі распрацаваў табліцы, якія  сістэматызуюць спецыяльнасці і кваліфікацыі ўзроўняў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Асобна выдзелены спецыяльнасці, прызначаныя для асоб, якія плануюць вучыцца па спецыяльнасцях і кваліфікацыях прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Яна забяспечвае атрыманне кваліфікацыі рабочага (служачага) без атрымання агульнай сярэдняй адукацыі на аснове спе­цыяльнай адукацыі (18 спецыяльнасцей, 39 кваліфікацый).

Пашыраны пералік спецыяльнасцей, якія забяспечваюць атрыманне кваліфікацыі рабочага з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй (39 спецыяльнасцей, 56 кваліфікацый). Акрамя таго, у працэсе работы над Агульнадзяржаўным класіфікатарам АКРБ 011-2022 Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі праводзіў дакладны аналіз рынку працы і адукацыйных паслуг, вывучаліся прафесійныя функцыі работнікаў. Ад арганізацый — заказчыкаў кадраў паступілі прапановы па ўвя­дзенні новых спецыяльнасцей. Так, на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі ўведзена спецыяльнасць “Выраб і настройка музычных інструментаў”, дабаўлена 26 кваліфікацый у 12 спецыяльнасцей. На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўведзены 5 новых спецыяльнасцей, напрыклад, “Тэхнічнае забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі”, “Будаўніцтва і эксплуатацыя энерга­эфектыўных будынкаў і збудаванняў” і інш.

Матэрыялы
Алы КЛЮЙКО.