На перадавой

- 11:26Аўтарскія калонкі, Меркаванне

Вольга ДУБОЎСКАЯ

 

 

 

 

 

 

Сістэма адукацыі і выхавання Гродзеншчыны заўсёды на перадавой. Спецыялісты гэтага рэгіёна не перастаюць здзіўляць.

На мінулым тыдні падчас гадавога інтэрв’ю з начальнікам галоўнага ўпраўлення па адукацыі Гро­дзенскага аблвыканкама Русланам Абрамчыкам гаварылі пра многае (поўную версію чытайце ў снежаньскіх нумарах “Настаўніцкай газеты”). Але некаторымі ўражаннямі хочацца падзяліцца ўжо зараз.

Усе мы памятаем, што калі пачалася пандэмія, то першай зрэагавала менавіта сістэма адукацыі Гро­дзеншчыны. Пакуль многія вырашалі, як наладзіць дыстанцыйнае навучанне, Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі прапанаваў і платформу, і патрэбны кантэнт. Ідэю распаўсюдзілі на ўсю краіну, стварыўшы адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс.  

Яшчэ на памяць прыходзіць віртуальная Кніга гонару маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці, якая мне ў свой час вельмі дапамагала знаходзіць цікавых герояў для газетных артыкулаў. За апошнія тры гады кніга папоўнілася на 63 старонкі: менавіта столькі пачынаючых настаўнікаў было занесена ў кнігу. А з 2017 года на базе абласнога інстытута дзейнічае “Віртуальная школа маладога педагога”.

Што адбываецца ў сістэме адукацыі рэгіёна цяпер? З верасня бягучага года штотыдзень у анлайн-рэжыме на YouTube-канале праводзіцца абласны адукацыйны інтэнсіў “Дырэктарская серада”, каб зняць пытанні, якія ўзнікаюць у сувязі з уступленнем у сілу абноўленай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі і не толькі. Кожную сераду дырэктары ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі могуць атрымаць вычарпальныя адказы на хвалюючыя пытанні.  

Па выніках праекта “#Гісторыя#Памяць#Будучыня.by” сфарміраваны электронны банк мультымедыйных прадуктаў па гісторыі Гродзенскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вэб-рэсурсы размешчаны ў свабодным доступе і выкарыстоўваюцца настаўнікамі ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці. Створаны інтэрактыўны каляндар перамогі папаўняецца і сёння.

Instagram-праект “@my_ediny_by” стаў тым асяроддзем, якое спрыяе рэалізацыі актыўнай грамадзянскай і жыццёвай пазіцыі, выпрацоўцы навыкаў каманднага ўзаемадзеяння падлеткаў. У ім паўдзельнічалі ўжо 1300 каманд устаноў адукацыі, у якія ўваходзілі старшакласнікі, бацькі, класныя кіраўнікі.

У гэтым годзе ў рэгіёне пачаў работу Telegram-канал “Паспяховае бацькоўства”, які, па словах Руслана Юр’евіча, вырашае дзве задачы: з аднаго боку, у ім размяшчаюцца карысныя для бацькоў матэрыялы, а з другога — дэманструюцца ўзоры камунікацыі ў бацькоўскіх чатах для класных кіраўнікоў. Разумеючы, што вельмі часта і бацькам, і педагогам патрэбна неадкладная прафесійная парада, на канале стварылі чат-бот “Апора”, дзе можна аператыўна атрымаць кансультацыю.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца рабоце з адоранымі дзецьмі. Работа з імі вядзецца па многіх напрамках, і зноў-такі як у анлайн-, так і афлайн-рэжыме. Другі год запар гродзенскія школьнікі дэманструюць высокі ўзровень падрыхтоўкі на міжнародных прадметных алімпіядах. З апошняга — залаты і бронзавы медалі навучэнцаў гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна, заваяваныя на Адкрытай беларускай фізічнай алімпіядзе школьнікаў.

Перад тым як ставіць кропку, хочацца ўзгадаць пра прафесійныя адносіны “Настаўніцкай газеты” і педагагічнай грамадскасці Гродзеншчыны. Яны заўсёды былі цёплымі, узаемапаважлівымі і прадукцыйнымі. І апошняя сустрэча з Русланам Юр’евічам Абрамчыкам даз­валяе з аптымізмам глядзець на развіццё нашых адносін. Прынамсі, ужо тое, што кіраўнік сістэмы адукацыі вобласці адклаў свае важныя справы, каб даць вялікае інтэрв’ю, пра многае гаворыць. Супрацоўнічаць з прафесійнай газетай — гэта таксама быць на перадавой.