“Надзея” — такую назву носіць профільны лагер дзённага знаходжання, арганізаваны ў перыяд летніх канікул на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Агат” Магілёва. І яна ў нейкім сэнсе сімвалічная.
— “Надзея” — раённы міжведамасны летнік, які ажыццяўляе работу з няпростымi дзецьмі. У нас аздараўляюцца навучэнцы з усіх школ Ленінскага раёна горада. У асноўным гэта дзеці, якія стаяць на ўнутрышкольным уліку або на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, дзеці, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Галоўная задача, якую мы ставім перад сабой, — зрабіць жыццё гэтых дзяцей больш насычаным. Выхавальнікі і педагогі акружаюць кожнага падлетка ўвагай, клопатам, падтрымкай. Індывідуальны падыход стварае ў летніку спрыяльнае для дзяцей псіхалагічнае асяроддзе. Адпачываць тут ім сапраўды падабаецца, — гаворыць дырэктар лагера Ю.У.Сямёнава.
Летнік, ініцыятарам стварэння якога выступілі аддзел па адукацыі Ленінскага раёна горада і раённая інспекцыя па справах непаўналетніх, існуе ўжо каля 20 гадоў. “Надзея” разлічана на перавыхаванне праблемных дзяцей. Немалаважнай з’яўляецца і прафілактыка правапарушэнняў, злачынстваў сярод падлеткаў. Падчас аздараўлення яны вучацца быць дысцыплінаванымі, пераасэнсоўваюць свае жыццёвыя каштоўнасці і прыярытэты.
Традыцыйна ў “Надзеі” праводзіцца адна змена працягласцю 18 дзён. Сёлета аздараўленне тут праходзяць 24 навучэнцы. У летніку яны знаходзяцца з раніцы да вечара. Кожны з 18 дзён для іх насычаны разнастайнымі відамі масавай, пазнавальнай дзейнасці.
— Штогод змены ў нас прысвечаны пэўнай тэматыцы. Сёлета асноўны акцэнт зроблены на далучэнні дзяцей да здаровага ладу жыцця. Большасць мерапрыемстваў праводзіцца на свежым паветры. Гэта спартыўныя старты, трэніроўкі, шматлікія іншыя актыўнасці, — расказала Юлія Уладзіміраўна.
Удзельнічаючы ў розных конкурсах і спаборніцтвах, хлопчыкі і дзяўчынкі набываюць шмат карысных якасцей, ведаў і навыкаў, якія потым паспяхова прымяняюць у жыцці. Акрамя таго, штодня для іх праводзяцца псіхалагічныя трэнінгі, арганізоўваюцца экскурсіі і цікавыя сустрэчы.
— Адпачываць у “Надзеі” — здорава! Мне тут вельмі падабаецца. У нас весела, цікава, заўсёды ладзяцца нейкія мерапрыемствы. Тут я набыла шмат новых сяброў. А яшчэ змагла паспрабаваць сябе ў ролі спявачкі. Цяпер планую прыходзіць у “Агат” і падчас навучальнага года, каб ужо ў гуртку па вакале развіваць свае здольнасці, — падзялілася ўражаннямі ад наведвання лагера Арына Папова.
За перыяд адпачынку ў летніку “Надзея” дзеці не толькі якасна аздараўляюцца, але і дасягаюць станоўчых змен у сваіх паводзінах, становяцца больш дысцыплінаванымі, адказнымі за свае ўчынкі. Адметна, што для многіх з іх адпачынак тут стаў ужо традыцыяй. І гэта нядзіўна, бо дзецям у гэтым летніку сапраўды камфортна. Яны ў літаральным сэнсе раскрываюцца, адкрываюць у сабе пэўныя здольнасці і таленты.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.