На першым месцы — гарманічнае развіццё асобы

- 10:50Адукацыйная прастора

Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Валеўскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці Тамара Мікалаеўна Сурага 30 гадоў працуе на сваёй малой радзіме, у той жа ўстанове адукацыі, дзе вучылася яна сама і ў свой час працавала яе маці. У педагога даўно склаўся адметны стыль выкладання, асновай якога з’яўляюцца дэмакратычныя ўзаемаадносіны з дзецьмі і сумесная творчасць. Аднымі з яго нязменных рыс сталі правядзенне інтэграваных урокаў і вялікая ўвага да выхаваўчага патэнцыялу ўрока. 

Залог поспеху — свабода творчасці

Аб прафесіі педагога Тамара Мікалаеўна марыла з дзяцінства. Цікавасць да школы і педагогікі ёй з малых гадоў прывіла маці, якая выкладала матэматыку. У Валеўскай школе гісторыю вялі заслужаны настаўнік БССР Васіль Філіпавіч Ускоў і пазней Нэлі Канстанцінаўна Санько (доўгі час узначальвала Валеўскую школу, зараз на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму выкладае любімы прадмет). Гэтым людзям Т.М.Сурага ўдзячна за тое, што дапамаглі ёй знайсці сваё прызначэнне і адначасова ўстанавілі высокую планку, да якой ёй важна было дацягнуцца. Яшчэ ў школьныя гады яна паспрабавала сябе ў ролі экскурсавода ў музеі і з таго часу адчула асаблівую цікавасць да гісторыі малой радзімы. Такія адносіны да роднага краю, глыбокія веды па сваіх прадметах і высокія духоўна-маральныя якасці Тамара Мікалаеўна стараецца ўкласці і ў вучняў. 

Дарэчы, было вельмі прыемна пачуць, што ўсе 30 гадоў, якія Тамара Мікалаеўна працуе ў школе, яна з’яўляецца нязменнай падпісчыцай “Настаўніцай газеты”. Менавіта такое настаўленне ў свой час дачцэ на старце яе прафесійнага шляху дала маці. 

Тамара Мікалаеўна — педагог, шчыра і цалкам адданы любімай справе. Яна заўсёды імкнулася не адставаць ад інавацый, і на Навагрудчыне, і далёка за яе межамі даўно стала чалавекам, паважаным і вядомым у сферы педагогікі. Першай з калектыву сваёй установы адукацыі атрымала вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Пятнаццаць гадоў, акрамя сваіх прадметаў, выкладае яшчэ і факультатыўны курс “Асновы праваслаўнай культуры”, з’яўляецца кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў, якія вядуць заняткі па гэтым курсе. За плённую працу, ініцыятыўнасць, творчы падыход да педагагічнай дзейнасці Т.М.Сурага неаднаразова была ўзнагароджана ганаровымі граматамі раённага і абласнога аддзелаў адукацыі, граматамі Міністэрства абароны і Міністэрства адукацыі Беларусі, атрымала падзячнае пісьмо ад кіраўніцтва Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 2015 годзе Тамары Мікалаеўне было прысвоена званне “Педагог года Навагрудчыны”. У 2019 годзе яна ўзнагароджана знакам “Выдатнік адукацыі”.

Настаўніца ўпэўнена, што залогам педагагічнага поспеху з’яўляецца свабода творчасці, бо яна раскрывае сутнасць вучня, яго індывідуальнасць. Яе педагагічнае крэда заключаецца ў словах: “У кожным дзіцяці ёсць сонейка, проста трэба дапамагчы яму праявіцца”.

Аўтарская методыка

Асноўнай мэтай навучання і выхавання на кожным сваім уроку Тамара Мікалаеўна вызначыла падрыхтоўку маладой асобы да жыцця ў імклівым ХХІ стагоддзі з усімі яго выклікамі. Для гэтага яна выпрацавала для сябе аўтарскую методыку “Чатыры “К”, у аснову якой закладзены ідэі японскага філосафа Хірара.

Першае “К” — камунікатыўнасць. Сучасны чалавек павінен умець працаваць у камандзе. Гэтую ідэю навучэнцы рэалізуюць на занятках праз арганізацыю калектыўнай дзейнасці. Напрыклад, пяцікласнікі на абагульняючым уроку па гісторыі дзеляцца на дзве групы: археолагаў і этнографаў. Першыя працуюць з экспанатамі са школьнага музея (а там ёсць унікальныя рэчы, напрыклад: зуб маманта, які падарыла група навукоўцаў-археолагаў, старажытныя прылады працы). Атрымліваецца такі яркі момант урока, як “Музей у чамадане”. Клас ператвараецца ў навукова-даследчы інстытут. Адны дзеці з цікавасцю прымяраюць на сябе ролю археолагаў. Яны атрымліваюць заданні: апісаць, якім быў мамант, высветліць, аб чым нам гавораць прылады працы. Другая частка класа (этнографы) глядзіць пра адно з плямён відэасюжэт, які з’яўляцца для іх этнаграфічнай крыніцай і выкарыстоўваецца для далейшай работы. Зыходзячы з убачанага, неабходна як мага падрабязней расказаць пра гэтае племя (заняткі, рэлігія і г.д.). Такім чынам ладзіцца актыўная калектыўная дзейнасць, дзеці самастойна атрымліваюць веды, працуюць у камандзе. У канцы ўрока кожная група прадстаўляе свой міні-праект. 

Другое “К” — крытычны аналіз. Настаўніцы важна, каб яе вучні ў перспектыве ўмелі крытычна ацэньваць свае ўчынкі, веды ці іх адсутнасць, параўноўваць сябе з іншымі. У ходзе вучэбных заняткаў на ўсіх этапах школьнікі запаўняюць аналітычныя лісткі, ацэньваючы не толькі сябе, але і іншых. У канцы сваёй работы яны запаўняюць яшчэ і лісткі адкрытага ўліку ведаў.

— Дзеці адзначаюць, што ў іх атрымалася засвоіць добра, а што — не, над чым яшчэ варта папрацаваць, — адзначае Т.М.Сурага. — Такім чынам яны вучацца крытычнаму мысленню, самааналізу. У наш час асабліва важна, каб чалавек разумеў свае плюсы і мінусы, працаваў над сваімі слабымі бакамі. 

Наступнае важнае “К” — крэатыў. Гэта значыць, быць паспяховым, умець прэзентаваць сябе і свае веды. На розных этапах урокаў для ўсіх навучэнцаў, улічваючы іх псіхалагічныя асаблівасці, настаўніца стварае сітуацыі поспеху. Гэтаму выдатна спрыяюць развіццёвыя і рухавыя гульні, даследчая дзейнасць і інш.

Настаўніца ніколі не падыходзіць стандартна да сваіх урокаў, і гэта, безумоўна, лепшы прыклад крэатыўных адносін да любой сітуацыі. Нават фізкультхвілінкі Тамара Мікалаеўна стараецца зрабіць дынамічнымі, яркімі і ў той жа час звязаць з тэмай урока. Так, на ўроку па тэме “Першабытны лад” у 5 класе фізкультхвілінка ўяўляе сабой гульню ў паляўнічых. Дзеці спачатку нацягваюць лук і цэляцца то ўправа, то ўлева. Пасля займаюцца “збіральніцтвам”: падцягваюцца, каб дастаць, і рвуць плады з высокага бананавага дрэва. Затым ставіцца задача пры дапамозе рухаў паведаміць аб небяспецы. Такім чынам дзеці нібы самі становяцца ўдзельнікамі тых гістарычных падзей, пра якія ідзе гаворка на ўроку. 

Настаўніца любіць выкарыстоўваць элементы гістарычнай інсталяцыі, каб перадаць атмасферу пэўнай эпохі ці асаблівасці сітуацыі. Так, калі размова ідзе пра Ефрасінню Полацкую, для таго каб дзеці маглі лепш уявіць яе жыццё ў той час, калі яна была яшчэ князёўнай Прадславай, на мультымедыйнай устаноўцы паказвае багаты княжацкі палац. Адначасова ў клас уносіць заморскую садавіну (ананасы, манга) і розны прыгожы посуд, падобны на залаты (калегі з задавальненнем прыходзяць на выручку і дапамагаюць знайсці такія рэчы). Пасля паказвае слайды з выявай ужо манаскай келлі, у якой няма нічога лішняга і раскошнага.

— Школьнікі бачаць, як жыла князёўна, і ўжо могуць лепш зразумець, ад чаго яна адмовілася па ўласным жаданні, — расказвае Т.М.Сурага. — Далей працуюць дыскусійныя пляцоўкі, дзе дзеці выказваюць розныя пункты гледжання, абмяркоўваюць і прымаюць выбар гераіні ўрока, асэнсоўваюць важнасць яе асветніцкай дзейнасці для краіны. Абавязкова падкрэсліваю і той факт, што ў 12 гадоў Ефрасіння Полацкая ведала некалькі замежных моў. Шасцікласнікі заўсёды ўражаны, бо прымяраюць сітуацыю на сябе, сваіх аднагодкаў. Школьнікі самі прыходзяць да высновы: каб авалодаць некалькімі мовамі, трэба быць працавітым, мэтанакіраваным, мець жаданне вучыцца; значыць, гэта ўсё было ўласціва Ефрасінні Полацкай; сённяшняму маладому чалавеку таксама неабходны такія якасці, каб стаць паспяховым у жыцці.

Такі падыход настройвае вучняў на асабістае ўспрыманне гісторыі, больш глыбокае асэнсаванне падзей, ролі асоб. У дзяцей з’яўляюцца зацікаўленасць, яркія ўражанні, жаданне выказаць свой пункт гледжання.

Апошняе сваё “К” педагог лічыць  асаблівым. Гэтае “К” — высокія маральныя каштоўнасці: павага, узаемавыручка, давер. Безумоўна, гэта ўсё выпрацоўваецца праз выхаванне ў калектыве. Урокі гісторыі і грамадазнаўства, а таксама факультатывы па асновах праваслаўнай культуры якраз нясуць высокі выхаваўчы патэнцыял, і Тамара Мікалаеўна стараецца максімальна яго выкарыстаць.

— Калі не звяртаць увагі на духоўна-маральнае выхаванне дзяцей, то пры ўсіх нашых сучасных цудоўных інавацыйных методыках мы рызыкуем не атрымаць жаданага выніку. Таму галоўная задача педагога — развіццё інтэлекту школьнікаў у абавязковым спалучэнні з выхаваннем маральных якасцей, — акцэнтуе ўвагу Тамара Мікалаеўна. 

“Я хачу, каб мае ўрокі не былі адарваны ад жыцця, каб тая ж гісторыя не ўспрымалася вучнямі як бясконцы пералік дат і падзей. Мне важна, каб дзеці “пражывалі” ўрокі, адчувалі дух іншага часу, асэнсоўвалі і разумелі паводзіны людзей. Будую работу так, каб прадаставіць ім такую магчымасць, зрабіць актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. За гады работы ў маёй скарбонцы назапасілася нямала прафесійных сакрэтаў, метадаў і прыёмаў, якія гэтаму паспяхова спрыяюць”. 

Глыбіня інтэграванага ўрока

Настаўніца любіць эксперыментаваць, спрабаваць новае, на адным уроку сумяшчаць розныя прыёмы. Аднак яна даўно прыйшла да высновы: адны з самых цікавых, правераных і карысных — інтэграваныя ўрокі. Таму сістэматычна праводзіць іх.

— У чым такая прывабнасць інтэграванага ўрока для мяне? — разважае Т.М.Сурага. — Справа ў тым, што любы прадметны ўрок — гэта ўсё-такі часткова вырваная з агульнага кантэксту і таму аднабокая інфармацыя. А лацінскае слова “інтэграцыя” азначае аднаўленне, з’яднанне, а значыць, большую паўнату. Дзякуючы такому падыходу, на ўроках гісторыі ўдаецца намаляваць больш цэласную карціну. Тут настаўніку важна толькі ўмела і правільна аб’яднаць магчымасці некалькіх прадметаў. У выніку вучні змогуць засвоіць веды, якія яшчэ і закрануць іх душы. 

Гісторыя цудоўна інтэгруецца з рознымі прадметамі, дапамагаючы скласці цэласную сістэму ўспрымання. Настаўніца дабаўляе веды па грамадазнаўстве, а таксама з курса факультатыву “Асновы праваслаўнай культуры”. Час ад часу аб’ядноўваецца з іншымі педагогамі, напрыклад, беларускай мовы і літаратуры. Такія інтэграваныя ўрокі Тамара Мікалаеўна называе ўрокамі жыцця. 

Калі пяцікласнікі знаёмяцца з законамі Хамурапі, настаўніца падштурхоўвае дзяцей да іх аналізу з маральнага боку. Вучні параўноўваюць іх і з дзесяццю запаведзямі, і з законамі сучаснага грамадства. Спартанскае выхаванне становіцца яшчэ адной прычынай для разваг, гаворкі аб спачуванні і міласэрнасці, неабходнасці вызначыцца, што б ты зрабіў у той ці іншай сітуацыі.

Падчас вывучэння тэмы “Наш край” вучні з цікавасцю, рыхтуюць тэматычныя краязнаўчыя даклады. Абавязкова ладзяцца ўрокі на базе школьнага музея. Навучэнцы ствараюць міні-даследаванні, спрабуючы паказаць, як пэўныя гістарычныя падзеі прайшлі праз іх сем’і. 

Пры вывучэнні Вялікай Айчыннай вайны настаўніца абавязкова задзейнічае школьную музейную эскпазіцыю пра гісторыю праваслаўя на тэрыторыі Валеўскага прыхода. Афармлялі яе разам з вучнямі па матэрыялах, якія ўдалося сабраць. Як аказалася, свяшчэннік Барыс Кірык, які служыў у суседняй вёсцы Ятра, у гады вайны лячыў партызан і мясцовых жыхароў, паколькі па першай адукацыі быў фельчарам. Некаторы час усе захоўвалі канспірацыю, а пасля нехта выдаў тайнага доктара і яго падпольны шпіталь. Свяшчэнніка адвезлі ў канцлагер Кадлычава, дзе ён і загінуў. Гісторыя кранае сэрцы вучняў, бо падзеі адбываліся на іх малой радзіме. Такія магчымасці эмацыянальнага ўздзеяння настаўніца выкарыстоўвае максімальна.

Асабліва блізкія для Тамары Мікалаеўны тэма і асоба Ефрасінні Полацкай. У мінулым годзе настаўніца распрацавала інтэграваны ўрок па гісторыі (азнаёміцца з ім можна па спасылцы https://bit.ly/2Q5qAeU). Ён заняў першае месца на рэспубліканскім конкурсе метадычных распрацовак “Крыніца мудрасці” ў намінацыі “Лепшая метадычная распрацоўка па духоўна-маральным выхаванні на ўроку ў агульнаадукацыйнай школе”. Адметна, што дзеці не толькі ў школьных сценах даведваюцца аб важных падзеях. Традыцыйна разам з настаўніцай вучні Валеўскай школы наведваюць Полацк. У гэтым старажытным горадзе яны маюць магчымасць дакрануцца да жывой гісторыі, паглядзець, як працуюць археолагі, рэстаўратары, пабываць у месцах, дзе жыла прападобная Ефрасіння Полацкая. Падзеі мінулых гадоў, урокі маральнасці становяцца для школьнікаў не далёкімі і абстрактнымі, а дарагімі і сапраўднымі. Аб такіх паездках заўсёды застаюцца цёплыя і светлыя ўспаміны, павялічваецца і зацікаўленасць да гісторыі і факультатыўных заняткаў.

Вучні з любоўю ставяцца да сваёй настаўніцы, адчуваюць адданасць і шчырасць ва ўсім. Пад кіраўніцтвам Тамары Мікалаеўны дзеці вядуць актыўную даследчую работу, сталі пераможцамі раённага і прызёрамі абласнога этапу навукова-практычнай канферэнцыі “Юнацтва. Навука. Культура”. Яны неаднаразова перамагалі на раённых і абласных, рэспубліканскіх спаборніцтвах, такіх як конкурс экскурсаводаў “Мая малая радзіма”, віктарынах, конкурсах сайтаў школьных музеяў і турыстычна-краязнаўчых маршрутаў “Запрашаем на Навагрудчыну”. Галоўнае ж — яны знаходзяць сябе ў жыцці, становяцца прафесіяналамі і добрымі, неабыякавымі людзьмі, якімі шчыра ганарыцца настаўніцкае сэрца.

Таццяна ШЫМКО.