“На першым месцы павінна быць бяспека людзей, а потым — эканоміка”

- 11:53Навука і інавацыі

Нобелеўскі лаўрэат прэміі міру Кенет Брокман выступіў з лекцыяй у Мінску. Мерапрыемства было арганізавана ў рамках унікальнай Міжнароднай выставы “Беларусь і Біблія”, якая праходзіць зараз у Нацыянальнай бібліятэцы, таму тэма лекцыі гучала так: “Біблія і навука”.

Нобелеўскую прэмію міру амерыканскі навуковец атрымаў у складзе каманды МАГАТЭ за намаганні па прадухіленні выкарыстання ядзернай энергіі ў ваенных мэтах і забеспячэнні яе мірнага прымянення. Грашовую частку прэміі (больш за $ 1 млн) ён пералічыў на будаўніцтва дзіцячых аздараўленчых цэнтраў у Паўночнай Афрыцы.

Дагэтуль Кенет Брокман ужо неаднаразова прыязджаў у Беларусь і, як прызнаецца сам, сустрэў у нашай краіне вялікую колькасць сяброў. “Калі мы з жонкай размаўляем пра Беларусь, то называем яе другім домам”, — гаворыць навуковец.

Кенет Брокман — ганаровы доктар Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. На працягу многіх гадоў ён вывучае чарнобыльскі вопыт і робіць усё, каб падобная трагедыя не магла паўтарыцца.

Навуковец Кенет Брокман з’яўляецца таксама шчырым вернікам. “Вы можаце спытаць: як можна быць адначасова і тым, і другім; як сумясціць навуку і веру, — звярнуўся да слухачоў лекцыі лаўрэат Нобелеўскай прэміі. — Гэта нескладана, бо навука ідзе ад нашага розуму, а вера — ад нашага сэрца”.

Кенет Брокман звярнуўся да беларускай гісторыі і згадаў пра Францыска Скарыну: “Гэта выдатны прыклад таго, як можна сумяшчаць навуку і веру. Філосаф, доктар, першы чалавек, які прынёс славянскім народам Біблію. І ён не бачыў ніякага супярэчання паміж навукай і верай”.

У сваёй лекцыі Кенет Брокман згадаў многіх вядомых вучоных — фізікаў, астраномаў, фізіёлагаў. Чым больш яны паглыбляліся ў навуку, тым больш мацнела іх вера. А тым, хто сумняваецца, вучоны нагадаў пра знакаміты заклад Паскаля — матэматычна разлічаны аргумент для дэманстрацыі рацыянальнасці веры.

Пасля лекцыі Кенет Брокман адказаў на цэлы шэраг пытанняў аўдыторыі. Напрыклад, чалавек з залы, які (па яго словах) служыў на ядзернай пускавой устаноўцы, пацікавіўся, як сумясціць выкананне службовага абавязку і спагаду да людзей. “Якім павінен быць унутраны баланс каштоўнасцей вайскоўца, які нясе баявое дзяжурства: выканаць загад, не парушыць прысягу, захоўваючы афіцэрскі гонар, павярнуць рычаг і націснуць кнопку пуску ядзернай ракеты, якая можа знішчыць мільёны людзей, альбо што можна зрабіць інакш?”

“Я таксама на працягу 11 гадоў быў афіцэрам арміі ЗША, — адказаў Кенет Брокман, — і апісаная вамі гіпатэтычная сітуацыя можа быць толькі ў жыцці афіцэра. Філосафы могуць разважаць пра гэта ва ўніверсітэтах, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці могуць выказваць спачуванні. Але калі вы з’яўляецеся чалавекам, які трымае палец на ядзернай кнопцы і можа запусціць ракету, што здольная забіць мільёны людзей, ці нават салдатам, які трымае пад прыцэлам аднаго чалавека, то заўсёды ўзнікае пытанне: што хоча Бог і што хачу я? Мне здаецца, трэба прыкласці ўсе намаганні для таго, каб не стаць на шлях вайны. У свой час я служыў на мяжы паміж Германіяй і Чэхаславакіяй. Я быў у сваім танку, а чэхі — у сваіх. І нам трэба было вырашаць: глядзець адзін на аднаго праз прызму нянавісці альбо зрабіць так, каб гэтае напружанне сышло. Таму ноччу мы гулялі ў адну гульню — міргалі адзін аднаму фарамі. І менавіта дзякуючы гэтай гульні з’явілася магчымасць для дыялогу. Стала зразумела, што ніводзін з бакоў не мае жадання ісці на гранічныя меры. І гэта было асабістае рашэнне, якое прыняў кожны салдат”.

Было пытанне да навукоўца і наконт яго стаўлення да атамнай энергетыкі. “Ці ёсць неабходнасць у ХХІ стагоддзі будаваць АЭС, наколькі гэта бяспечна і ці ёсць альтэрнатыўныя шляхі забеспячэння сучасных патрэб у энергетыцы без атамных станцый?” — запытаўся малады чалавек з аўдыторыі.

“Я працаваў у гэтай індустрыі 40 гадоў, — адказаў Кенет Брокман. — Штат Кентукі ў ЗША, дзе я жыву, вядомы здабычай вугалю, і шмат дзе вугаль выкарыстоўваецца для генерацыі электраэнергіі. У сувязі з гэтым хачу ўзгадаць вядомую кнігу “Бясплатных снеданняў не бывае” (There is not no such thing as a free lunch). І я магу пацвердзіць: усё мае сваю цану. Калі мы карыстаемся выкапнёвымі крыніцамі энергіі, то забруджваем паветра парніковымі газамі. Выкарыстоўваючы сонечную энергію, мусім плаціць за сонечныя ўстаноўкі, абсталяванне. Акрамя таго, сонечныя генератары псу-юць прыгажосць прыроды. Здавалася б, ветраэнергетыка — гэта добра. Але ці спадабалася б вам, калі б у вас за домам пабудавалі 70-метровую турбіну? Што да ядзернай індустрыі, то мне не трэба казаць вам пра выклікі, завязаныя з ёй. Чарнобыльская праблема і цяпер з’яўляецца актуальнай у Беларусі, асабліва для жыхароў Гомельскай вобласці. Але як вучоны-атамшчык я лічу, што атамная энергетыка можа быць часткай рашэння. Зараз у вас будуецца Беларуская АЭС, і са свайго прафесійнага вопыту я ведаю, што гэта за праект. Гэта добры праект, адрозны ад таго, што быў выкарыстаны ў Чарнобылі. Катастрофа, падобная да чарнобыльскай, не можа адбыцца на згаданай станцыі, бо ў яе іншыя фізічныя характарыстыкі. Адной з прычын аварыі на ЧАЭС быў недахоп разумення, але зараз вельмі шмат робіцца для таго, каб даць спецыялістам усе неабходныя веды. Таму калі выкарыстаны добры праект рэактара, станцыя пабудавана згодна з усімі патрабаваннямі і яе правільна абслугоўваюць, то атамная энергетыка можа быць часткай адказу на выклікі сучаснасці. Скажу так: калі б я захацеў пераехаць у Беларусь са сваёй сям’ёй і вы пасялілі мяне за 2 км ад АЭС — я быў бы не супраць”.

Удзельнікі сустрэчы папрасілі Кенета Брокмана патлумачыць жаданне Германіі да 2030 года адмовіцца ад атамных АЭС і цалкам перайсці да зялёнай энергетыкі.

“Рашэнне Германіі было прынята адразу пасля аварыі на Фукусіме, — заўважыў навуковец. — Калі гаварыць пра бяспеку нямецкіх атамных электрастанцый, то яны абсалютна бяспечныя. Можна доўга абмяркоўваць прычыны аварыі на Фукусіме, але я магу сказаць, што падобных прычын у Германіі няма. Адмаўленне ад атамнай энергетыкі — гэта не тэхнічнае, а палітычнае рашэнне, прынятае ў сувязі з тым, што людзі адчувалі на момант аварыі ў Японіі. І цана гэтага рашэння будзе вельмі высокай. Германіі трэба будзе патраціць вельмі вялікія грошы, каб правесці адпаведныя змены. Акрамя таго, яе чакае выклік, звязаны з энергетычнай незалежнасцю. Немцам давядзецца залежаць ад іншых краін, якія па кантрактах будуць пастаўляць ім энергію”.

Пры гэтым Кенет Брокман перакананы: “Калі мы развіваем ядзерную энергетыку, на першым месцы павінна быць бяспека людзей, а потым — эканоміка”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.