На прафесійнай вышыні

“Збіраемся, неабходна абмеркаваць вельмі важныя пытанні”, “Азнаёмцеся і вывучыце цікавы вопыт”, “Сёння метадычны выезд”… — гэтыя словы ўжо даўно сталі спадарожнікамі працоўных будняў Столінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета і яго загадчыцы — Валянціны Аляксандраўны Грэчкі, надзвычай актыўнай, энергічнай і ініцыятыўнай жанчыны, здольнай аператыўна вырашаць пытанні вучэбна-метадычнага забеспячэння адукацыйнай галіны раёна, якая ўключае ажно 81 установу адукацыі.

На шляху да сённяшняй пасады В.А.Грэчка працавала старшай піянерважатай, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, загадчыцай ясляў-сада. Раённы вучэбна-метадычны кабінет Валянціна Аляксандраўна ўзначальвае з 2005 года. Прафесійнае станаўленне вопытнага метадыста было доўгім і патрабавала нястомнага самаўдасканалення. Без гэтага, лічыць загадчыца, нельга вучыць іншых педагагічнаму майстэрству. Нядзіўна, чаму В.А.Грэчка карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод настаўнікаў і выхавальнікаў. Яе ўпэўненасць у поспеху натхняе іх, дазваляе паверыць у свае сілы. Дзякуючы пастаяннаму імкненню да ўсяго эфектыўнага і перадавога, Валянціне Аляксандраўне ўдаецца арганізоўваць цікавыя і карысныя сустрэчы настаўнікаў Століншчыны з вядучымі айчыннымі метадыстамі і навукоўцамі. Так, эфектыўным вопытам з педагогамі раёна ўжо двойчы дзяліліся члены клуба “Крыштальны журавель”. Акрамя таго, В.А.Грэчка праводзіць актыўную работу па рэгіянальным узаемадзеянні ў рамках Міжнароднага кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый. Сёлета пляцоўкай для такога мерапрыемства стала альшанская сярэдняя школа № 1 Столінскага раёна.

Валянціна Аляксандраўна — ініцыятар удзелу ўстаноў адукацыі ў рэалізацыі інавацыйных праектаў. Выдатныя арганізатарскія здольнасці дазваляюць ёй умела аб’ядноўваць педагогаў у каманду аднадумцаў. Такім чынам, былі створаны клуб кіраўнікоў устаноў адукацыі “Перспектыва” і клуб творчых настаўнікаў “Натхненне”. Іх вопыт запатрабаваны не толькі на Століншчыне, але і ў іншых рэгіёнах краіны.

В.А.Грэчка — кіраўнік з уласным стылем, які праяўляецца ў высокай патрабавальнасці да сябе і падначаленых. Дзякуючы кіраўніцкім хітрыкам, яна ўмела ператварае штодзённую руцінную работу ў творчую справу, якой аддаецца душой і сэрцам.

Педагагічныя ініцыятывы Валянціны Аляксандраўны знаходзяць падтрымку не толькі ў раённым аддзеле па адукацыі, але і ў сям’і, без якой не было б шчаслівай жонкі, маці і бабулі. Адметна, што сваіх калег В.А.Грэчка таксама лічыць сваёй любімай сям’ёй, хаця і другой.

Валянціна Аляксандраўна актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці раёна. За слушнымі парадамі і падтрымкай да яе звяртаюцца многія землякі.

На ўсё, чым займаецца В.А.Грэчка, патрабуецца шмат энергіі, якую яна з радасцю чэрпае ад зносін з роднымі і блізкімі. Пры гэтым заўсёды знаходзіць час на любімы занятак — вырошчванне кветак.

Калегі адзначаюць, што адной з важных якасцей характару Валянціны Аляксандраўны з’яўляецца яе шчырае ўменне радавацца поспехам іншых. Асабісты ж поспех яна бачыць у штодзённай працы, зносінах з настаўнікамі і вучнямі, павазе і прызнанні калег, любімай педагагічнай прафесіі, адказных і працавітых падначаленых, творчасці, перспектывах развіцця і пастаянным руху наперад.

— Калі чалавек таленавіты, то ён таленавіты ва ўсім, — гаворыць дырэктар Церабяжоўскай сярэдняй школы кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання кіраўнікоў школ “Перспектыва” Л.Л.Цупа. — Гэта цалкам суадносіцца з Валянцінай Аляксандраўнай, дзейнасць якой з’яўляецца прыкладам таго, як прафесія становіцца не шляхам у жыцці, а самім жыццём. Дасведчанасць, эрудыцыя, адказнасць, актыўная жыццёвая пазіцыя, крэатыўнасць — гэта далёка не ўсе якасці загадчыцы раённага ВМК, якія вельмі цэняць кіраўнікі школ Століншчыны. Валянціна Аляксандраўна — таленавіты педагог, вопытны метадыст, надзейны памочнік настаўнікаў, кіраўнікоў школ, дзіцячых садкоў і іх намеснікаў, невычэрпная крыніца цікавых метадычных ідэй, новых форм арганізацыі метадычнай работы і інавацый у прафесійнай падрыхтоўцы педагогаў. Вялікі творчы патэнцыял і прафесійная кампетэнтнасць дазваляюць ёй на высокім узроўні арганізоўваць бесперапыннае прафесійнае развіццё кіраўнікоў устаноў адукацыі. Як правесці педагагічны савет, спланаваць работу школы на год, далучыцца да інавацыйнай дзейнасці — на гэтыя і многія іншыя пытанні абавязкова знойдзеш кампетэнтны адказ у Валянціны Аляксандраўны.

Больш за 10 гадоў у раёне існуе клуб “Перспектыва”, ініцыятарам стварэння якога была В.А.Грэчка. Пасяджэнні клуба — гэта не толькі крыніца творчасці і натхнення для кіраўнікоў у рабоце з педагогамі, але і выдатная магчымасць праводзіць вольны час у акружэнні сяброў і аднадумцаў.

— Поспехі ў кіраўніцкай дзейнасці дырэктараў школ немагчымы без дапамогі Валянціны Аляксандраўны, якая з’яўляецца для нас прыкладам прафесійнага росту і творчага пошуку, — адзначае Л.Л.Цупа.

— Валянціна Аляксандраўна за сваю работу хварэе душой, імкнецца разабрацца ва ўсім і дапамагчы кожнаму, — заўважае кіраўнік раённай творчай групы намеснікаў дырэктараў па вучэбнай і вучэбна-выхаваўчай рабоце Н.У.Свірыдчук. — Працуючы пад кіраўніцтвам Валянціны Аляксандраўны, намеснікі дырэктараў па вучэбнай і вучэбна-выхаваўчай рабоце становяцца сапраўднымі прафесіяналамі ў сваёй справе. Зносіны з гэтай абаяльнай жанчынай вучаць многаму. Яна шчодра дзеліцца сваімі задумамі, дапамагае павысіць метадычную падрыхтоўку, не баіцца ўкараняць новае ў адукацыйны працэс, дзякуючы чаму многія ўстановы адукацыі раёна паспяхова працуюць у інавацыйным рэжыме. Яе камунікабельнасць, уменне знайсці падыход да кожнага чалавека і выйсце з цяжкіх сітуацый выклікаюць шчырую павагу ў тых, хто з ёй працуе. Яе мэтанакіраванасць пераконвае, што няма такіх задач, якія немагчыма вырашыць, трэба толькі знайсці нестандартнае рашэнне. У Валянціны Аляксандраўны шмат метадычных ідэй, якія паспяхова рэалізоўваюцца, дзякуючы яе энтузіязму і зайздроснай працаздольнасці.

Я наўмысна адвёў выказванням калег В.А.Грэчкі столькі месца. Лепш за іх не скажаш, хаця і сам добра ведаю гэтую цудоўную жанчыну па журналісцкіх абавязках даволі даўно. Ад сябе дадам толькі, што на такіх апантаных і нераўнадушных людзях, як Валянціна Аляксандраўна, і трымаецца сістэма адукацыі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.