На прафсаюзнай перадавой

- 14:01Навіны рэгіёнаў

Зінаіда Віктараўна Кулічык даўно на заслужаным адпачынку, але яе памятаюць выхаванцы, якіх было вельмі шмат за 40 гадоў педагагічнай дзейнасці. Былыя калегі з сярэдняй школы № 2 Маларыты таксама ўспамінаюць яе як добрасумленнага і шчырага чалавека, які цалкам аддаў сябе любімай справе. Адкрытая, ветлівая, сціплая, адказная… Тактоўны дарадчык і надзейны сябар. Такой яна застаецца і сёння.

Многія запомнілі З.В.Кулічык як выдатнага прафсаюзнага лідара. Амаль 30 гадоў яна ўзначальвала прафкам школы. Па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле Зінаіды Віктараўны рабілася многае для таго, каб згуртаваць калектыў, зрабіць яго жыццё цікавым і насычаным. І гэта не заставалася незаўважаным. З усёй вобласці ехалі ў маларыцкую школу па вопыт. Імя З.В.Кулічык занесена ў кнігу гонару Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Зінаіда Віктараўна нарадзілася і вырасла ў Маларыце ў мнагадзетнай сялянскай сям’і. У школе вучылася добра. У 8 класе вырашыла стаць настаўніцай пачатковых класаў. На выбар жыццёвай дарогі паўплывала настаўніца пачатковых класаў Лідзія Андрэеўна Карапузава. Пасля заканчэння тагачаснага Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна прыехала працаваць настаўніцай-выхавальніцай у Маларыцкую школу-інтэрнат.

У сваёй рабоце З.В.Кулічык раскрывала індывідуальныя асаблівасці кожнага вучня, выхоўвала яго гарманічнай асобай, адказнай за свае ўчынкі, далучала да багатай спадчыны беларускага народа, яго духоўных набыткаў. На ўроках маладога педагога панавала атмасфера ўзаемаразумення і творчасці. Настаўніца рабіла ўсё ад душы.

— Інакш не магла, — прызнаецца Зінаіда Віктараўна. — Заўсёды памятала словы маці: лёгка быць у дарозе, якую сама выбіраеш. Мне падабалася працаваць з дзецьмі, вучыць іх чытаць і пісаць, адкрываць ім таямніцы свету. Лічыла сябе шчаслівым чалавекам, бо жыццёвае захапленне i прафесiя супадалі.

Стараннага і адказнага маладога педагога хутка заўважылі. Пасля Ганаровай граматы раённага аддзела народнай адукацыі яна была адзначана і Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі БССР.

— Пасля такіх узнагарод працаваць горш не мела маральнага права, — гаворыць З.В.Кулічык.

Неўзабаве яе выбралі ў склад школьнага прафкама. У ім раскрылася яшчэ адна грань таленту педагога як арганізатара культурных мерапрыемстваў. А іх было вельмі шмат!

— Мы разам наводзілі парадак на школьнай тэрыторыі, рыхтавалі ўстанову да пачатку новага навучальнага года, займаліся азеляненнем, даглядалі фруктовы сад, — успамінае Зінаіда Віктараўна. — Абавязкова разам збіраліся на святочныя агеньчыкі, прымеркаваныя да розных прафесійных і дзяржаўных дат, урачыста адзначалі дні нараджэння калег, іх юбілеі, выхад на заслужаны адпачынак. Не забывалі штогод частаваць ветэранаў педагагічнай працы яблыкамі, грушамі і слівамі са школьнага саду. Сваімі рукамі аб’яднанне педагогаў “Брыгада нашай маладосці” шыла ў школьнай майстэрні сувеніры да памятных дат, якія ўручаліся, у тым ліку, і былым работнікам школы.

Зінаіда Віктараўна заўсёды імкнулася быць на прафсаюзнай перадавой. Многія з яе мерапрыемстваў сталі незабыўнымі: сустрэчы былых выхаванцаў дзіцячага дома і школы-інтэрната, сустрэчы пакаленняў з удзелам педагогаў-ветэранаў, парады дзіцячых калясак з удзелам настаўніц-дэкрэтніц, пасадка елак з удзелам педагогаў — мнагадзетных маці…

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.