На практыку… за мяжу

Адправіцца на вытворчую практыку на прадпрыемства ў іншую дзяржаву — гэта, пагадзіцеся, вельмі ўдалая магчымасць. Па-першае, атрыманне замежнага вопыту, які ніколі не перашкодзіць у будучыні, а па-другое, гэта можа стаць добрым матыватарам для далейшай паспяховай прафесійнай дзейнасці.

Менавіта так ацэньваюць сваю сёлетнюю практыку трое студэнтаў Гомельскага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога, якім пашчасціла папрацаваць на польскім заводзе EuroLocks.

Эдуард Танчынскі, Ганна Жаўнова і Аляксей Астрэйка пасяліліся ў прыватным інтэрнаце польскага гарадка Катавіцэ і штодня ездзілі на электрычцы ў Руда-Слёнска, дзе размешчаны завод EuroLocks. Палову кошту інтэрната пакрывала прадпрыемства. Акрамя таго, гомельскім студэнтам выплачвалі стыпендыю ў памеры 1550 польскіх злотых.

EuroLocks распрацоўвае і вырабляе замыкальныя сістэмы для шырокага кола вытворчых кампаній, у асартыменце кампаніі прадстаўлены як простыя механічныя, так і складаныя электронныя замкі, а таксама шматлікія індывідуальныя рашэнні.

Будучыя інжынеры падчас практыкі паспрабавалі сябе ў самых розных кірунках: працавалі на складзе, дзе расфасоўвалі дэталі, на ўчастку мантажу запрасоўвалі розныя ўшчыльненні і перабіралі замкі, у ліцейным цэху пакрывалі дэталі ахоўным пакрыццём, спрабавалі свае сілы ў штампоўцы кулачкоў для замкоў і чарчэнні 3D-мадэлі кампанентаў замкоў. Для практыкантаў спецыялісты прадпрыемства праводзілі экскурсіі па цэхах і дэманстравалі работу станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем, тлумачылі, як імі кіраваць.

Як прызнаюцца самі студэнты, яны атрымалі вельмі каштоўны вопыт, які, несумненна, адаб’ецца на іх будучай працы.

Наталля ЛУТЧАНКА.