На прэзідэнцкіх выбарах будуць працаваць прадстаўнікі ўсіх буйнейшых медыя

- 17:03Выбары 2015

Журналісты з 30 краін будуць асвятляць прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. Аб гэтым заявіла на брыфінгу аб рабоце інфармацыйнага цэнтра Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў “Выбары Прэзідэнта – 2015” кіраўнік інфацэнтра, міністр інфармацыі Лілія Ананіч.

Усяго асвятляць выбарчую кампанію будуць 542 журналісты з 30 замежных дзяржаў і 398 прадстаўнікоў беларускіх СМІ.
У ліку краін, прадстаўнікі якіх будуць працаваць у Беларусі ў гэтыя дні, – Аўстрыя, Арменія, Вялікабрытанія, Расія, Данія, Катар, Літва, Латвія, В’етнам, Германія, Казахстан, Іран, Нідэрланды, Нарвегія, Польшча, Турцыя, Украіна, Чэхія, ЗША, Фінляндыя, Францыя, Японія, Швейцарыя, Швецыя. Многія журналісты працуюць ужо на выбарчых участках з пачатку папярэдняга галасавання.
Інфармацыйны цэнтр адкрыецца 11 кастрычніка ў 10.00. І адразу ж адбудзецца першая прэс-канферэнцыя Лідзіі Ярмошынай аб ходзе галасавання грамадзян Беларусі. Кожныя дзве гадзіны будуць праходзіць прэс-канферэнцыі ў Палацы Рэспублікі. У час работы прэс-канферэнцый будуць арганізаваны прамыя ўключэнні з абласных камісій.
У прамежках паміж гэтымі мерапрыемствамі запланаваны круглыя сталы “Сацыялагічнае суправаджэнне выбарчай кампаніі. Адказнасць сацыёлагаў перад грамадствам” і “Беларусь у кантэксце геапалітычных рэалій”, якія адбудуцца ў малой зале Палаца Рэспублікі. “Лічу, круглыя сталы выклічуць цікавую дыскусію. Час, які будзе паміж прэс-канферэнцыямі, можа быць плённа выкарыстаны журналістамі”, – лічыць міністр.
У праграме работы інфацэнтра 11 кастрычніка – прамыя ўключэнні з абласнымі камісіямі па выбарах кіраўніка дзяржавы. Так, у 10.00 адбудзецца відэаканферэнцыя з Брэсцкай вобласцю, у 12.00 на сувязь выйдуць Магілёўская і Гродзенская вобласці, у 14.00 – Гомельская і Мінская, у 16.00 – Віцебская. Заключным будзе ўключэнне ў 18.00 Мінскай гарадской камісіі па выбарах Прэзідэнта.
Як адзначыла Лілія Ананіч, увага практычна ўсяго свету будзе прыцягнута да выбарчай кампаніі ў Беларусі. “Не будзе перабольшаннем сказаць, што тэма выбараў Прэзідэнта будзе на першых радках рэйтынгаў інфармпрасторы не толькі Беларусі, але і ўсяго свету. Сведчанне таго: у інфацэнтры пажадалі акрэдытавацца журналісты з 30 краін. Прадстаўнікі ўсіх буйнейшых медыя будуць працаваць у Беларусі”, – сказала міністр.
Для камфортнай работы прадстаўнікоў СМІ створаны ўсе ўмовы. “Інфацэнтр мае ўсе тэхналагічныя атрыбуты, больш за 900 выдзеленых логінаў і пароляў для работы ў інтэрнэце, бясплатны Wi-Fi. І што самае празаічнае, але вельмі важнае – кубачак кавы і магчымасць працаваць як ва ўтульным крэсле, так і за рабочым сталом”, сказала на заканчэнне Лілія Ананіч.
На 12 кастрычніка намечаны прэс-канферэнцыі па папярэдніх выніках прэзідэнцкай кампаніі, а таксама замежных наглядальнікаў.