Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам сумесна са студэнтамі 5 курса архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам Наталлі Аляксандраўны Лазоўскай, кандыдата архітэктуры, дацэнта кафедры “Архітэктура жылых і грамадскіх будынкаў”, распачалі праект па стварэнні мадэлі працоўнага месца і прасторы для людзей з інваліднасцю з выкарыстаннем прынцыпаў універсальнага дызайну. Гэта першы падобны вопыт у Беларусі.
Падчас круглага стала, які адбыўся ў Цэнтры сучасных тэхналогій і развіцця, студэнты прадставілі свае пілотныя праекты “Прымяненне ўніверсальнага дызайну на прыкладзе канкрэтнага аб’екта: грамадскіх сацыяльна-працоўных майстэрань для людзей з разумовымі абмежаваннямі ПА Кастрычніцкага раёна ГА “БелАДДІіМІ”. Прайшло абмеркаванне найбольш паспяховых работ, вызначаны далейшыя крокі па ўвасабленні лепшых ідэй у жыццё.
“У апошнія гады ў Беларусі з’явілася нямала праектаў, накіраваных на стварэнне камфортнага асяроддзя для жыцця, вучобы і працы людзей з інваліднасцю, — адзначыла старшыня БелАДДІіМІ Алена Цітова. — Усё больш актуальнай становіцца тэма ўніверсальнага дызайну, пра які ў нашай краіне загаварылі толькі некалькі гадоў назад. Згодна з Канвенцыяй ААН аб правах інвалідаў, ён вызначаецца так: “Універсальны дызайн — гэта дызайн прадметаў, абстаноўкі, праграм і паслуг, закліканы зрабіць іх максімальна прыдатнымі без неабходнасці адаптацыі да іх для карыстання для ўсіх людзей”. Звярніце ўвагу: для ўсіх і без неабходнасці адаптацыі. І ствараюцца такія паслугі ў культурным, адукацыйным і працоўным асяроддзі.
Мне пашчасціла азнаёміцца з вопытам замежных краін (Швецыі, Германіі, Галандыі) па арганізацыі дзейнасці працоўных майстэрань для людзей з інваліднасцю, дамоў для іх пражывання і лячэбных устаноў, дзе ўсё зроблена з улікам пажаданняў гэтых людзей і вялікае значэнне надаецца інтэр’еру памяшканняў”.
Грамадска-працоўныя майстэрні для маладых людзей з інваліднасцю былі створаны ў 2004 годзе на базе першаснай арганізацыі Кастрычніцкага раёна БелАДДІіМІ. Штуршком для іх адкрыцця стала заклапочанасць бацькоў працаўладкаваннем дзяцей, якія, атрымаўшы адукацыю ў дапаможных школах або дома, не маглі знайсці карыснае прымяненне сваім навыкам. Побач з майстэрнямі дзейнічае зараз вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “АртІдэя”, якое спецыялізуецца на вырабе сувенірнай і паліграфічнай прадукцыі. Пад кіраўніцтвам Наталлі Аляксандраўны Амплеевай там працуюць маладыя людзі з разумовай абмежаванасцю.
“АртІдэя” пачынае супрацоўнічаць з гэтымі маладымі людзьмі, калі ім спаўняецца 16 гадоў, — адзначыла Наталля Аляксандраўна. — Яны наведваюць майстэрню. Але наша мэта — уладкаваць іх у перспектыве на адкрыты рынак працы, і ў першую чаргу — на само прадпрыемства “АртІдэя”. Гэтыя людзі здольны працаваць, прычым не толькі зборшчыкамі і камплектоўшчыкамі. Трэба толькі стварыць ім спецыяльныя ўмовы і арганізаваць падтрымку на рабочых месцах. Памяшканне прадпрыемства пакуль не ў поўнай меры прыстасавана пад патрэбы людзей з абмежаваннямі. Упэўнена, што ідэі, якія агучаць маладыя архітэктары, дапамогуць змяніць наша працоўнае асяроддзе да лепшага”.
На архітэктурным факультэце БНТУ на працягу двух дзесяцігоддзяў вядзецца работа па ўключэнні ў вучэбнае праектаванне аб’ектаў, да якіх прад’яўляюцца спецыфічныя патрабаванні. Гэта дамы-інтэрнаты, дзіцячыя дамы, спецыяльныя школы, рэабілітацыйныя цэнтры, хоспісы для розных катэгорый карыстальнікаў, для дзяцей і дарослых — з фізічнымі ці псіхічнымі абмежаваннямі. Кіруе гэтай работай Наталля Аляксандраўна Лазоўская. У сферу навуковых інтарэсаў спецыяліста ўваходзяць наступныя тэмы: фарміраванне безбар’ернага асяроддзя, універсальны дызайн, тыпалогія і праектаванне спецыяльных будынкаў для фізічна аслабленых асоб, методыка выкладання архітэктурных дысцыплін. Наталля Аляксандраўна выступае кансультантам праектаў па стварэнні безбар’ернага асяроддзя.
У 2015/2016 навучальным годзе ў рамках вучэбнай дысцыпліны “Інтэр’ер і прадметны дызайн” студэнтамі распрацоўваліся праекты інтэр’ераў памяшканняў Ракаўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната. Маладыя людзі стваралі жылыя пакоі, пакоі для адпачынку, сталовую. Асноўная задача пры задуме інтэр’ера заключалася ў тым, каб арганізаваць прастору ў адпаведнасці з функцыянальным прызначэннем памяшканняў. Важным патрабаваннем была стылістычная гарманічнасць афармлення, якая спрыяе добраму эмацыянальнаму настрою.
Студэнтамі 4 курса архітэктурнага факультэта БНТУ быў зроблены сумесны праект рэканструкцыі агульнаадукацыйнай школы (№ 4 Жодзіна) у рамках вучэбнага курсавога праектавання. Школа тыпавая, пабудавана ў 1962 годзе і мала адпавядала сучасным патрабаванням. Такіх школ шмат у Беларусі. Усе прапанаваныя студэнтамі варыянты змяненняў прадугледжвалі наяўнасць новых шырокіх, добра асветленых лесвіц і хаця б аднаго ліфта, мелі аб’ёмны (у адрозненне ад існуючых тыпавых школ) функцыянальны складнік памяшканняў — у першую чаргу медыцынскіх, аздараўленчых і забаўляльных з канкрэтна вызначанай структурай. Дасягнуць намечанага можна было толькі пры ўнутранай перапланіроўцы за кошт зносу старых элементаў канструкцый і ўзвядзення новых, за кошт дадатковых аб’ёмаў. Мадэляванне школьнай прасторы грунтавалася менавіта на прынцыпах універсальнага дызайну і на пераходзе ад безбар’ернасці да патрабаванняў інклюзіі. З дапамогай цікавых каляровых акцэнтаў-паказальнікаў спрашчалася арыентацыя ў будынку. Памяшканне кожнага класа прапанавалі пафарбаваць у розныя колеры вясёлкі. На дзвярах кожнага класнага пакоя рэкамендавалася нанесці свой малюнак. У малодшых класах гэта маглі быць жывёлы, расліны, рыбкі (да распрацоўкі тэм і іх увасаблення планавалася далучыць валанцёраў, эскізы малюнкаў з радасцю намалююць і самі дзеці). Буйным шрыфтам з дадатковай падсветкай будуць нанесены лічба і літара, якія абазначаюць нумарацыю класаў.
“Універсальны дызайн — гэта канцэпцыя, якая прадугледжвае зручнае для ўсіх уладкаванне прасторы (гэта адрознівае яго ад спецыяльнага дызайну). Ён патрэбны 90% насельніцтва — і пажылым людзям, і маладым бацькам з дзіцячымі каляскамі, і людзям, якія выконваюць фізічную працу і часта носяць цяжкія грузы, — расказвае Наталля Аляксандраўна Лазоўская. — Калі мы гаворым пра безбар’ернае асяроддзе, пра дакладныя нарматывы і патрабаванні да яго, то ў першую чаргу клапоцімся пра людзей з цяжкасцямі ў перамяшчэнні. Устанаўліваем для іх пад’ёмнік, пандус, арганізоўваем доступ у санвузлы, робім дзвярныя праёмы больш шырокімі і г.д. Намнога важней ствараць асяроддзе для ўсіх і пры гэтым абавязкова ўлічваць базавыя нарматывы і стандарты. Напрыклад, навошта будаваць пандус, калі можна першапачаткова спраектаваць уваход у будынак на ўзроўні зямлі, пазбягаючы лесвіц і прыступак? Чаму б не зрабіць акенца ля стойкі рэгістрацыі, вышыня якога будзе рэгулявацца ў залежнасці ад росту чалавека ці ад таго ўзроўню, на якім ён знаходзіцца, напрыклад, калі сядзіць у інваліднай калясцы? Пры гэтым мы не акцэнтуем увагу на тым, што разумныя прыстасаванні зроблены для людзей з абмежаваннямі. Яны гарманічна ўліюцца ў асяроддзе, імі будзе зручна карыстацца ўсім, і пры гэтым рызыка атрымаць траўму мінімальная.
Універсальны дызайн мае на ўвазе не толькі адсутнасць архітэктурных бар’ераў, але і інфармацыйныя носьбіты: наяўнасць піктаграм і паказальнікаў у месцах грамадскага карыстання, тактыльныя і гукавыя прыстасаванні. Адметна, што ва ўніверсальным асяроддзі “раствараецца” інваліднасць: знікае неабходнасць задумвацца, які магазін выбраць або дзе паабедаць. Сціраюцца і іншыя бар’еры, таму што заўсёды ёсць даступная інфармацыя, якая выразна выдзелена пры дапамозе зразумелых малюнкаў.
Раней мы гаварылі аб універсальным дызайне на навуковым узроўні, калі праводзілі даследаванні. Пасля падпісання нашай краінай Канвенцыі аб правах інвалідаў (ААН, 2006) гэтая тэма стала прадметам абмеркавання на дзяржаўным узроўні. Для Беларусі адкрыліся не толькі новыя магчымасці па развіцці гэтага кірунку ў архітэктуры, але з’явіліся і абавязацельствы, у тым ліку па даступнасці, распаўсюджванні прынцыпаў універсальнага дызайну, заахвочванні і падтрымцы навуковых даследаванняў і распрацовак у гэтай галіне, па навучанні і падрыхтоўцы патрэбных кадраў.
Па даручэнні Міністэрства адукацыі зараз вядзецца распрацоўка тыпавой праграмы па ўніверсальным дызайне. Створана рабочая група на базе РІВШ. Для студэнтаў архітэктурных і будаўнічых спецыяльнасцей плануецца ўвесці асобную дысцыпліну па гэтым архітэктурным кірунку. З наступнага года яна будзе выкладацца на нашым факультэце”.
Работай студэнтаў па пілотным праекце “Прымяненне ўніверсальнага дызайну на прыкладзе канкрэтнага аб’екта: грамадскіх сацыяльна-працоўных майстэрань для людзей з разумовымі абмежаваннямі ПА Кастрычніцкага раёна ГА “БелАДДІіМІ” Наталля Аляксандраўна Лазоўская кіравала разам з калегай Аляксандрай Уладзіміраўнай Мазанік, дацэнтам кафедры “Дызайн архітэктурнага асяроддзя”. Было падрыхтавана 25 праектаў, з іх выбрана 8 лепшых. Чатыры з іх падчас круглага стала прэзентавалі студэнты 5 курса архітэктурнага факультэта Дзмітрый Мазуркевіч, Лізавета Чэпікава, Настасся Гермацкая і Глеб Самойлік.
У работах былі адлюстраваны функцыянальная планіроўка памяшканняў, магчымасці выкарыстання ў іх пэўных аддзелачных матэрыялаў, падбор мэблі, асвятлення, каляровай гамы пакояў, забеспячэнне візуальнай арыентацыі ў іх пры перамяшчэнні. Маладыя людзі ў сваіх праектах па інтэр’еры і прадметным дызайне кіраваліся прынцыпамі менавіта ўніверсальнага дызайну. Гэта праявілася ў спалучэнні матэрыялаў, якія яны выкарыстоўвалі, у гульні святла і колеру, у многіх псіхалагічных аспектах, якія ўлічваліся. Усё ў распрацоўках было прадстаўлена не проста прыгожым, але і зручным. Аўтары работ кансультаваліся са спецыялістамі: дызайнерамі, архітэктарамі, псіхолагамі.
“Задачай майго праекта было з дапамогай мінімальных сродкаў зрабіць як мага большую перапланіроўку памяшкання — і ў арганізацыі прасторы, і па стылі, і па настроі, — расказаў Дзмітрый Мазуркевіч. — Асноўным патрабаваннем заказчыкаў было павелічэнне памераў складскіх памяшканняў для доўгатэрміновага размяшчэння рэчаў. Ствараючы праект, арыентаваўся на прастату, утульнасць і таннасць. У якасці матэрыялаў для аздаблення пакояў прапанаваў выкарыстаць пераважна прыродныя матэрыялы”.
Алена Цітова адзначыла: “Ні ў адным праекце не пазначана, што ён для людзей з інваліднасцю. Тым не менш у іх няма непрымальнага для такіх людзей. Многія элементы дызайну мы ўжо сёння можам прымяніць у памяшканнях БелАДДІіМІ. Наша задача як грамадскай арганізацыі не толькі ўвасабляць лепшыя ідэі, але і распаўсюджваць іх, падказваць іншым”.
“Мы толькі вучымся праектаваць, прымяняючы прынцыпы ўніверсальнага дызайну, аналізуем замежны вопыт па стварэнні аналагічных будынкаў, падтрымліваем зносіны з тымі, каму гэтая тэма цікава. Мы абмяркоўваем дасягненні і выпраўляем памылкі. І самае галоўнае — маладыя архітэктары разумеюць, што іх работа патрэбна ўсім”, — падкрэсліла Наталля Аляксандраўна Лазоўская.
Надзея ЦЕРАХАВА.