На прынцыпах гарманізацыі і мэтазгоднасці

- 11:26Планёрка ў рэгіёне

Сёння падчас нашай суботняй планёркі з начальнікам аддзела па адукацыі Чавускага райвыканкама Магілёўскай вобласці Мікалаем Уладзіміравічам ВАРАНЦОВЫМ падводзім некаторыя вынікі трох вучэбных чвэрцяў, а таксама плануем вясновыя канікулы і заканчэнне навучальнага года.

— Тры вучэбныя чвэрці радуюць сваімі паказчыкамі як у выхаваўчых мерапрыем­ствах, так і ў алімпіядным руху, — расказвае Мікалай Уладзіміравіч. — Педагагічныя калектывы ўстаноў імкнуцца да гарманічнай, мэтазгоднай арганізацыі розных відаў дзейнасці, каб кожнае дзіця мела як мага больш магчымасцей для развіцця, самасцвярджэння і самарэалізацыі. Ва ўсіх установах адукацыі праведзены прафілактычныя мерапрыемствы ў рамках акцый “Дзень без аўтамабіля”, “Тыдзень бяспекі”, “Мы супраць алкаголю”; мерапрыемствы ў рамках календара памятных і юбілейных дат: 100-годдзе ўтварэння БССР; 25-годдзе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь; 100-годдзе УЛКСМ. Усе ўстановы адукацыі раёна прынялі ўдзе­л у раённым этапе Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”. 28 лютага прайшла акцыя “Разам супраць наркотыкаў”. Удзельнікамі акцыі сталі навучэнцы 7—8 класаў сярэдніх школ №№ 1, 2 Чавус. Сутнасць акцыі была ў тым, каб кожны навучэнец на намаляванай далоньцы выказаў сваё стаўленне да наркотыкаў і патлумачыў, чаму так думае.

— Што цікавага прапануюць школы раёна на вясновых канікулах?

— На сайтах устаноў адукацыі разме­шчана інфармацыя аб мерапрыемствах, якія падчас канікул будуць праводзіцца для школьнікаў. Кожны з бацькоў зможа выбраць свайму дзіцяці занятак па душы. З 25 сакавіка пачнуць функцыянаваць аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем. 90 школьнікаў Чавускага раёна змогуць правесці ў іх канікулярны час ярка і цікава. У межах змены будзе магчымасць праявіць свае творчыя здольнасці, прыняць удзел у цікавых сацыяльна значных праектах, экскурсіях і паездках. Педагогамі падрыхтаваны майстар-класы, трэнінгі, інтэрактыўныя гульні, флэш-акцыі, спартыўныя турніры. Традыцыйна падчас вясновых канікул навучэнцы наведаюць фізкультурна-аздараўленчы комплекс, краязнаўчы музей, кінатэатр “Сузор’е” ў Чавусах.

— Якія робяцца акцэнты ў арганізацыі ўзаемадзеяння з сям’ёй? Што ў прыярытэце ва ўстановах адукацыі ў вашым раёне? Як арганізоўваеце работу ў шосты школьны дзень?

— Уключэнне бацькоў у выхаваўчы працэс ажыццяўляецца праз сумесную падрыхтоўку і правядзенне агульнашкольных і класных мерапрыемстваў. Узаемадзеянне з сям’ёй ажыццяўляецца праз індывідуальныя і групавыя формы работы: рэгулярныя сустрэчы ў бацькоўскай гасцёўні “Родныя і блізкія”, бацькоўскія сходы і інш. У школах па суботах працуюць кансультацыйныя пункты для бацькоў па пытаннях псіхалагічных і ўзроставых асаблівасцей дзіцяці, дзіцячай aгpэ­сіі і шляхах яе пераадолення, спосабах выхаду з канфліктных сітуацый. Работа ў шосты школьны дзень будуецца на добраахвотнай аснове з улікам пажаданняў, інтарэсаў і па­трэб навучэнцаў і накіравана на тое, каб кожнае дзіця магло знайсці сябе ў спорце, працы, турызме, краязнаўстве, валанцёрскай дзейнасці, у мастацкай і тэхнічнай творчасці. Да мерапрыемстваў шостага школьнага дня ў абавязковым парадку далучаюцца дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, на прафілактычным кантролі ў ІСН, дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеці, што выхоўваюцца ў апякунскіх і прыёмных сем’ях. Неад’емнай часткай шостага школьнага дня з’яўляецца падрыхтоўка да ўдзелу ў алімпіядным руху, навукова-даследчай дзейнасці. З гэтай мэтай праводзяцца кансультацыі настаўнікаў-прадметнікаў.

— Якую ролю адводзіце дзейнасці раённага метадычнага кабінета ў павышэнні метадычнай дасведчанасці педагогаў?  

— Метадычны кабінет стварае ўмовы для прафесійнага росту і самарэалізацыі педагогаў. Сваю дзейнасць метадысты ажыццяўляюць у супрацоўніцтве з установамі адукацыі, з апорай на вопыт высокапрафесійных педагогаў-практыкаў. У 2018/2019 навучальным годзе праведзены раённы фестываль маладых педагогаў “Прызванне — педагог”, міжраённы семінар па абмене вопытам па падрыхтоўцы вучняў да ЦТ (снежань). Вядучы напрамак дзейнасці метадычнай службы — удасканаленне методыкі правядзення ўрока. Традыцыйным у сістэме работы метадычнай службы з’яўляецца арганізацыя тыдняў адкрытых заняткаў, задача якіх — прадэман­страваць лепшыя ўзоры педагагічнай практыкі, эфектыўныя прыёмы работы настаўніка і выхавальніка на вучэбных занятках.

— Ці ёсць у вас педкласы, агракласы? Як увогуле арганізавана дапрофільная падрыхтоўка школьнікаў?

— У 2018/2019 навучальным годзе вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні арганізавана ў 6 установах адукацыі, у Асінаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе і Благавіцкай сярэдняй школе адкрыты аграрныя класы. Праца профільных класаў аграрнай накіраванасці была разгледжана на абласным семінары-практыкуме для кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Магілёўскай вобласці па тэме “Навукова-метадычныя і кіраўніцкія падыходы да арганізацыі адукацыйнага працэсу ў профільных класах аграрнай накіраванасці”, які адбыўся 5 сакавіка 2019 года. Пляцоўкай для абмену вопытам стаў Асінаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа. У мерапрыемстве прынялі ўдзел дырэктары школ з усёй вобласці, метадысты, прадстаўнікі Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, рэктар Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Міхаіл Жудро, а таксама першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Сыранкоў. У рамках дапрофільнай падрыхтоўкі вядзецца інфармацыйна-растлумачальная работа з вучнямі і іх бацькамі аб патрэбах рэгіянальнага рынку працы, адукацыйных магчымасцях навучальных устаноў тэрытарыяльна даступнай адукацыйнай сеткі. Праводзіцца анкетаванне вучняў з мэтай папярэдняй дыягностыкі іх адукацыйных патрэб. На падставе вынікаў гэтай дыягностыкі  ў кожнай агульнаадукацыйнай навучальнай установе выбудоўваюцца індывідуальныя мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі. Складаюцца індывідуальныя перадпрофільныя карты навучэнцаў, у якіх, як правіла, адлюстроўваюцца вынікі дыягностыкі, даюцца рэкамендацыі па выбары таго ці іншага кірунку профільнага на­вучання.

— Што больш за ўсё хвалюе начальніка аддзела па адукацыі сёння?

— Хвалюе многае. Напрыклад, падрыхтоўка вучняў да здачы ЦТ: вельмі хочацца, каб усе адзінаццацікласнікі годна здалі выпускныя экзамены, ЦТ і паступілі ў запланаваныя ўстановы адукацыі. Яшчэ не закончыўся навучальны год, а распрацоўка мерапрыемстваў па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года ўжо ідзе поўным ходам; на сур’ёзным кантролі знаходзяцца пытанні арганізацыі летняй аздараўленчай кампаніі “Лета-2019” і многія іншыя пытанні, якія не могуць не турбаваць начальніка аддзела па адукацыі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.