На прынцыпе роўнасці

- 8:22Інклюзія, Сацыяльны ракурс

“Інклюзія — гэта калі чалавек з інваліднасцю незалежна ад абмежаванняў і магчымасцей можа ўдзельнічаць ва ўсіх сферах жыцця грамадства”, — адзначыла старшыня БелАДДІіМІ Алена Цітова. 

Можа вучыцца ў звычайным дзіцячым садзе ці школе, атрымліваць прафесійную і вышэйшую адукацыю.

Падчас круглага стала ў Інстытуце інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка абмяркоўвалася дзяржаўная палітыка ў галіне адукацыі, даступнасць адукацыі для ўсіх дзяцей і ўзаемадзеянне Міністэрства адукацыі з грамадскімі аб’яднаннямі ў кантэксце рэалізацыі прынцыпу інклюзіі ў адукацыі.  

— Адзначаецца тэндэнцыя павелічэння колькасці дзяцей з АПФР, што выклікае заклапочанасць, — падкрэсліў міністр адукацыі Андрэй Іванец. — З іншага боку, мы разумеем, што кожнае дзіця павінна быць далучана да адукацыйнага працэсу, соцыуму. І тут без сумеснай работы Міністэрства адукацыі, педагогаў, грамадскіх арганізацый і бацькоў мы не зможам вырашыць гэтую праблему. Наведваючы розныя ўстановы адукацыі, я заўважыў, наколькі запатрабавана ў іх рэалізацыя прынцыпу інклюзіі. Без навукова абгрунтаванага падыходу складана выпрацаваць дзейснае рашэнне. Але ці эфектыўна рэалізуецца прынцып інклюзіі на практыцы, у кожнай установе адукацыі, кожным класе? Варта звярнуцца з гэтым пытаннем і да кожнай сям’і. Наша агульная задача — даць пуцёўку ў жыццё кожнаму дзіцяці. 

Сапраўды, бацькі — паўнапраўныя ўдзельнікі адукацыйнага працэсу, прымаюць рашэнне аб выбары адукацыйнага маршруту для свайго дзіцяці, шляхоў яго паспяховай сацыялізацыі. Многія з іх адстойваюць правы сваіх дзяцей у межах грамадскіх аб’яднанняў, у якія ўваходзяць.    

— Чаму звычайным дзецям важна быць побач з тым, чыё пазнанне свету абмежавана пэўнымі магчымасцямі? — працягнула выступленне Алена Цітова. — Уявім, што ў школе вучацца будучыя архітэктары, урачы, педагогі, будаўнікі і г.д. Яны бачаць, у чым мае патрэбу іх аднакласнік у інваліднай калясцы ці з парушэннямі зроку. У дарослым жыцці гэтыя людзі ўжо не будуць сумнявацца ў неабходнасці безбар’ернага асяроддзя. Менавіта адсутнасць такога асяроддзя перашкаджае атрыманню маладымі людзьмі з інваліднасцю той ці іншай прафесіі, працаўладкаванню. 

Грамадскае аб’яднанне “Свет без меж” працуе з дзецьмі з інваліднасцю, якія пражываюць у дамах-інтэрнатах, і з тымі, хто знаходзіцца ў канфлікце з законам і пражывае ў тым ліку ў закрытых спецустановах. 

— Калі гаварыць пра інклюзію, то на першым этапе неабходна прызнаць, што людзі, якія адрозніваюцца ад нас, звычайныя, — падкрэсліў старшыня аб’яднання Аляксей Ананенка. — Другі этап — інтэграцыя, разуменне таго, што ўсе людзі павінны быць уключаны ў грамадства. Трэці этап — раўнапраўе. І тут самае складанае пытанне: “Што такое роўныя правы для таго, хто мае абмежаванні ў доступе да іх?”. Што тычыцца прафарыентацыі вучняў з інваліднасцю, тут трэба зыходзіць адначасова і з іх магчымасцей, і з іх патрэб, шукаць для іх справу, у якой яны змогуць сябе рэалізаваць. 

Абмяркоўваецца пытанне аб стварэнні ў краіне прафесійных тэатраў з удзелам акцёраў з парушэннем слыху, напрыклад, тэатра мімікі і жэсту.

— Беларускае таварыства глухіх з’яўляецца самым вялікім наймальнікам людзей з парушэннем слыху, мае дзевяць заводаў і фабрык, дзе працуюць больш за 1600 чалавек, — расказаў старшыня аб’яднання Сяргей Скурановіч. — Гэтыя прадпрыемствы праводзяць прафарыентацыйную работу, заключаюць дагаворы з установамі адукацыі, дзе займаюцца навучэнцы з парушэннем слыху. Сярод асноўных цяжкасцей — недастатковы ўзровень сацыялізацыі выпускнікоў гэтых устаноў. Разам з тым такім людзям даступны не толькі рабочыя прафесіі. Сярод людзей з парушэннем слыху ёсць выпускнікі Акадэміі мастацтваў — будучыя акцёры. А яшчэ ў апошнія гады з’явіліся дзеці і маладыя людзі, якім зроблена аперацыя па кахлеарнай імплантацыі, — для іх даступна значна больш прафесій, што таксама трэба ўлічваць. 

Падчас круглага стала быў прадстаўлены вопыт, як спорт дапамагае людзям з інтэлектуальнымі парушэннямі. Прынцып інклюзіі сродкамі фізічнай культуры і спорту рэалізуе грамадскае аб’яднанне “Беларускі камітэт “Спешыял Алімпікс”. 

У цэнтры ўвагі спецыялістаў НІА і Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка былі пытанні навукова-метадычнага забеспячэння зместу адукацыі асоб з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі, рэсурсная падтрымка прынцыпу інклюзіі ў адукацыі. Важным дасягненнем сучаснай сістэмы адукацыі прызнана яе варыятыўнасць. У прыярытэце — прадастаўленне кожнаму дзіцяці дапамогі і падтрымкі спецыялістаў, пачынаючы з самага ранняга ўзросту і да атрымання прафесіі. 

БДПУ нададзены статус базавай арганізацыі СНД у галіне інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі. У Інстытуце ікнлюзіўнай адукацыі ўніверсітэта рыхтуюць не толькі настаўнікаў-дэфектолагаў, тут забяспечваецца падрыхтоўка ўсіх будучых педагогаў краіны ў кантэксце прынцыпу інклюзіўнай адукацыі. Гаворка ідзе аб магістратуры і цыкле дысцыплін, якія ўключаны ў тыпавы вучэбны план усіх педагагічных спецыяльнасцей. У інстытуце дзейнічае вучэбная лабараторыя па развіцці інфармацыйных тэхналогій у спецыяльнай адукацыі “Адукацыя без меж” і Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр інклюзіўнай адукацыі. У гэтым цэнтры прапануюць 160 вучэбных курсаў і развіццёвыя заняткі ў інклюзіўных групах для дзяцей, у тым ліку ранняга ўзросту (да 3 гадоў). За 5 гадоў тут праведзена больш за тысячу вучэбных мерапрыемстваў для больш чым 15 тысяч педагогаў і бацькоў дзяцей з АПФР.  

Надзея ЦЕРАХАВА.