На прыступках правіл здаровага харчавання

Каб быць здаровым, добра сябе адчуваць, прыгожа выглядаць, дынамічна развівацца, неабходна валодаць нормамі правільнага харчавання, прычым іх выкананне павінна стаць прывычкай. Навучэнцам важна разумець, што правілы харчавання — не штосьці штучна выдуманае для ўскладнення жыцця, а наадварот, гэта правілы, дзякуючы якім чалавек становіцца больш энергічным, моцным, здольным да навучання. І работу па засваенні гэтых правіл неабходна пачынаць яшчэ ў дашкольным і малодшым школьным узросце, калі фарміруюцца асаблівасці харчовых паводзін чалавека, якія захоўваюцца на ўсё жыццё. Аб гэтым ішла гаворка на рэспубліканскім семінары “Фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця ў навучэнцаў 1—4 класаў на факультатыўных занятках”, які быў арганізаваны ў Нацыянальным інстытуце адукацыі з удзелам спецыялістаў рэгіянальных упраўленняў і аддзелаў адукацыі, інстытутаў развіцця адукацыі, дырэктараў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, іх намеснікаў, педагогаў-практыкаў. Удзельнікаў семінара вітала дырэктар НІА кандыдат педагагічных навук Раіса Станіславаўна Сідарэнка.

Педагогі абмеркавалі шырокі спектр пытанняў, звязаных з арганізацыяй работы ў школах і гімназіях па фарміраванні ў навучэнцаў каштоўнасных адносін да ўласнага здароўя.
Загадчык аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага харчавання Міністэрства аховы здароўя Ала Антонаўна Малахава ў сваім выступленні звярнула пільную ўвагу на правільнае харчаванне дзяцей — перадумову здароўя і паспяховай вучобы. Яна адзначыла, што ў рацыёне беларускіх школьнікаў выяўлены шэраг негатыўных тэндэнцый. Гэта ў першую чаргу нізкае спажыванне садавіны, агародніны, рыбы і, як ні дзіўна, малочных прадуктаў, нягледзячы на іх шырокі асартымент і даступны кошт (а недахоп кальцыю прыводзіць да таго, што колькасць пераломаў у дзяцей сёння вельмі значная). Усё гэта адбываецца на фоне празмернага спажывання прадуктаў з павышаным утрыманнем солі, цукру, насычаных тлустых кіслот. Нездаровае меню пагражае дзецям развіццём такіх захворванняў, як карыес, гастрыт, астэапароз. Каля 14% беларускіх школьнікаў маюць лішнюю вагу, што правакуе шэраг сур’ёзных захворванняў. Так, каля тысячы дзяцей маюць дыябет 2 тыпу, з’яўленне якога ў многім звязана з ладам жыцця і харчаваннем.

Штодзённа школьніку неабходна не менш за 100 г мяса ці рыбы (пры гэтым рыба павінна прысутнічаць у меню двойчы ў тыдзень), 500 г малака (уключаючы 200 г кісламалочнага напітку), двойчы ў тыдзень тварог, смятана, штодзённа — сметанковае масла, не менш за 300 грамаў агародніны, акрамя бульбы, свежая садавіна (мінімум 200—300 г), шклянка соку, адно яйка. У штодзённым меню таксама павінны прысутнічаць кашы. Кашы, якія называюць “пацалункам для страўніка”, сталі рэдкасцю ў ранішнім рацыёне дзяцей. Мяркуючы па апытаннях, у лепшым выпадку дзеці ядуць на снеданне макароны і сасіску. А значная частка абыходзіцца і ўвогуле бутэрбродамі. І паклапаціцца пра паўнацэннае харчаванне дзяцей павінны ў першую чаргу бацькі. Пры выбары прадуктаў для дзіцяці неабходна памятаць, што страўнік дзіцяці не сфарміраваны да канца і вельмі ўразлівы, таму да яго трэба ставіцца беражліва.
Аднак не толькі бацькі адказваюць за здароўе сваіх дзяцей і іх збалансаванае рацыянальнае харчаванне. Яшчэ на першай ступені навучання ў школе вялікая ўвага павінна ўдзяляцца такім значным аспектам культуры харчавання, як выбар карысных прадуктаў, складанне найпрасцейшага меню, рэжым харчавання, фарміраванне навыкаў культуры паводзін за сталом. На гэта накіраваны факультатыўны курс “Па прыступках правіл здаровага харчавання”, аўтарамі якога з’яўляюцца намеснік начальніка ўпраўлення навукова-метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу НІА Лілія Фёдараўна Кузняцова, намеснік начальніка ўпраўлення каардынацыі метадычнай работы Цэнтра аналітычнага менеджменту рэгіянальнай адукацыі МГІРА Валянціна Леанідаўна Маеўская і загадчык аспірантуры і дактарантуры НІА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Алена Самар’еўна Грабчыкава. Пытанні ўкаранення ў адукацыйны працэс праграмы факультатыўных заняткаў раскрылі прысутным Л.Ф.Кузняцова і В.Л.Маеўская.
Праграма факультатыўных заняткаў для 1 класа разлічана на 17 вучэбных гадзін і мае на мэце авалодванне навучэнцамі асновамі здаровага ладу жыцця. Заняткі прадугледжваюць развіццё ў малодшых школьнікаў уменняў выбіраць карысныя прадукты харчавання, карыстацца асноўнымі правіламі здаровага харчавання; фарміраванне навыкаў культуры паводзін за сталом; узбагачэнне слоўнікавага запасу навучэнцаў, развіццё іх кругагляду, лагічнага мыслення, кемлівасці.

Змест навучання арганізуецца зыходзячы са сфер зносін дзяцей малодшага школьнага ўзросту. У змесце праграмы прадстаўлены тыповыя сітуацыі зносін па такіх тэмах, як “Сакрэт Кашы і Хлеба”, “У гародніне — сілы вялікія”, “Што трэба ведаць аб карысці і шкодзе солі і цукру?” і інш., і асноўныя камунікатыўныя задачы, якія рэалізуюцца падчас зносін. Арганізацыя факультатыўных заняткаў ажыццяўляецца з выкарыстаннем драматызацыі, ролевых гульняў, мадэлявання сітуацый, выканання эцюдаў, тэстаў і інш. Вельмі дарэчы будуць і такія формы работы, як маляванне, конкурсы, віктарыны, тэсты, гутаркі.
Па меркаванні аўтараў праграмы, навучанне правілам здаровага харчавання мэтазгода праводзіць з улікам трох асноўных этапаў: азнаямленне, трэніроўка і прымяненне. На этапе азнаямлення навучэнцам прад’яўляюцца правілы здаровага харчавання, інфармацыя аб неабходнасці і харчовай каштоўнасці канкрэтных прадуктаў, дэманструюцца ўзоры правільнага выбару мадэлі паводзін. Этап трэніроўкі прадугледжвае мадэляванне сітуацый этыкетных зносін і іх прайграванне, драматызацыю ва ўмовах, набліжаных да рэальнай камунікацыі. На гэтым этапе настаўніку варта выкарыстоўваць тэсты, накіраваныя на ажыццяўленне выбару правільнага варыянта адказу, пошуку правільнага рашэння. Этап прымянення прадугледжвае выкарыстанне ролевых гульняў, у якіх развіваецца ўменне навучэнцаў вар’іраваць формы сваіх выказванняў, выбіраць правільнае рашэнне, зыходзячы з прадстаўленай сітуацыі. Тут таксама дарэчы заданні на ўстанаўленне інтэрактыўнага ўзаемадзеяння (уменне абгрунтаваць свой выбар, пераканаць у сваёй слушнасці, падтрымліваць гутарку аб здаровым харчаванні, праяўляць увагу і ўзаемаразуменне, задаваць пытанні, адказваць на іх і г.д.). На гэтым этапе мо-гуць выкарыстоўвацца тэсты кантралюючага характару.

Па словах Л.Ф.Кузняцовай, асноўнымі сродкамі дасягнення навучальнай мэты з’яўляюцца зносіны з дарослымі і равеснікамі, а таксама гульні. Педагогам пажадана будаваць заняткі ў жанры сцэнарыяў актывізуючых зносін, дзе дарослы выступае як старэйшы, але раўнапраўны партнёр па ўзаемадзеянні, які імкнецца да наладжвання асобасных даверлівых узаемаадносін, якія дапускаюць жарты, смех, весялосць, гульні са словам. Прычым настаўніку важна паважаць права навучэнца на ініцыятыву, жаданне гаварыць на цікавыя і значныя для яго тэмы.
Педагогам, якія праводзяць заняткі па факультатыўным курсе, варта выкарыстоўваць розныя сродкі навучання: аўдыя- і відэазапісы, сюжэтныя карцінкі, памяткі, рэкамендацыі, а таксама дыдактычныя раздатачныя матэрыялы, якія ўключаюць апорныя карткі, функцыянальныя схемы і г.д. Для актывізацыі пазнавальнай дзейнасці малодшых школьнікаў важна таксама прымяняць навучальныя і камп’ютарныя праграмы, інтэрнэт-рэсурсы. Дарэчы, для палягчэння работы настаўнікаў аўтарамі праграмы распрацаваны метадычныя рэкамендацыі і вучэбны дапаможнік для навучэнцаў.

Педагогі пачатковай школы № 103 Мінска — намеснік дырэктара Ірына Міхайлаўна Молчан, настаўнікі пачатковых класаў Алена Уладзіміраўна Івановіч і Алена Анатольеўна Сабіч — падзяліліся вопытам работы з навучэнцамі і бацькамі па фарміраванні культуры здароўя з выкарыстаннем вучэбна-метадычнага комплексу да факультатыўных заняткаў, якія арганізуюцца ў навучальнай установе з 2011 года. За гэты час педагогі назапасілі ўнікальны метадычны матэрыял. У форме тэлеперадачы быў праведзены майстар-клас, дзе настаўнікі прадэманстравалі інтэрактыўныя метады і прыёмы работы з малодшымі школьнікамі. Удзельнікі семінара паўдзельнічалі ў гульнях “Здаровая кухня” (з прапанаваных інгрэдыентаў складалі рэцэпты здаровых і карысных страў), “П’едэстал гонару” (размяркоўвалі садавіну па колькасці ўтрымання вітаміну С), “Праўда — міф” (вызначалі правільныя і памылковыя меркаванні) і інш., адказалі на пытанні віктарыны. Практыка работы педагогаў пачатковай школы сведчыць, што дзеці з задавальненнем наведваюць заняткі па курсе. Малодшыя школьнікі схопліваюць складаныя паняцці нават хутчэй, чым элементарныя, і ўмела аперыруюць імі. У навучэнцаў фарміруецца ўстойлівая ўвага да свайго харчавання; развіваецца ўменне ажыццяўляць правільны выбар прадуктаў; навыкі самакантролю. Можна назіраць, як яны імкнуцца прытрымлівацца правіл культуры паводзін за сталом.

 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.