На прывале з сябрамі

- 12:00Выхаванне

Летнія паходы не былі б напоўнены такой вялікай колькасцю яркіх эмоцый, незабыўных уражанняў, успамінаў, якія саграваюць нашы сэрцы доўгімі зімовымі вечарамі, калі б не… турысцкія прывалы. Менавіта ў хвіліны адпачынку, калі не трэба цягнуць цяжкія рукзакі, а ўзмакрэлае цела нарэшце можа расслабіцца, мы жартуем, гуляем, спаборнічаем, спяваем песні — адным словам, праводзім турыстычнае лета як мае быць. Пра тое, як цікава і насычана арганізаваць адпачынак на маршруце, пагутарым з вопытнымі педагогамі-турыстамі.

У турыстычным пахо­дзе не бывае дробязей. Тэмп руху па маршруце, вага рукзака, колькасць рэчаў, якія ты нясеш за плячыма, і нават лю­дзі, з якімі пераадольваеш адлегласць з пункта А ў пункт Б, — усё гэта ўплывае на ­якасць паходу. Не гаворачы ўжо пра такую неад’емную яго частку, як адпачынак. Правільна арганізаваныя днёўка, начлег, нават кароткачасовыя стаянкі, перапынкі на абед дазволяць якасна адпачыць і набрацца сіл для далейшага праходжання маршруту. Пераадоленне запланаванага маршруту — не адзіная мэта паходу. Турызм мы любім не толькі за магчымасць выпраба­ваць сваю вынослівасць, фізічную сілу, але і за магчымасць знайсці новых сяброў, пагутарыць ля вогнішча, паслухаць гукі гітары на фоне зорнага неба, забыцца пра штодзённыя жыццёвыя клопаты.

“Асаблівасць адпачынку залежыць у першую чаргу ад віду паходу. У спартыўных паходах важна аднаўленне сіл і псіхалагічнага стану. Стомленасць, цяжкасці шляху, нават любая дробная сітуацыя, незадаволенасць удзельнікаў паходу адно адным могуць справакаваць канфлікт у групе. Таму турысту-спартсмену важна і фізічна адпачыць, і маральна, і псіхалагічна супакоіцца, настроіцца на далейшы шлях. Калі паход краязнаўчы, то вечарам і асабліва падчас днёўкі праводзім розныя гульні, спаборніцтвы краязнаўчага характару. Загадзя даю вучням заданне сабраць матэрыял па гісторыі і адметнасцях населеных пунктаў, праз якія праходзіць нітка маршруту. Вечарам часта ла­дзім завочную экскурсію, таму што падчас паходу не заўсёды ёсць магчымасць весці падрабязны аповед. Такія аповеды падтрымліваюць цікавасць да паходу, краязнаўства, фарміруюць любоў да малой радзімы”, — паведаміла метадыст Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска Святлана Іванаўна Максімовіч.

“Гульні не проста дазваляюць навучэнцам змяніць від дзейнасці, адпачыць. Кіраўніку групы яны дапамагаюць бліжэй пазнаёміцца з дзецьмі. У гэтых гульнях бачны лідар, той, хто можа адстаяць свой пункт гледжання, да чыйго меркавання прыслухаюцца сябры”.

Адпачынак падчас турыстычнага паходу бывае розным. Гэта і кароткія прывалы, і прыпынкі для гатавання ежы, і начлегі, і днёўкі. У шматдзённым паходзе менавіта днёўка ў многім вызначае, наколькі ўдалым ён будзе, колькі яркіх успамінаў прыня­суць дадому, так бы мовіць, у сваіх рукзаках юныя турысты. Звычайна днёўкі арганізуюцца па такім прынцыпе: 3—4 дні руху па маршруце, а на пяты дзень група нікуды не ідзе, разбіваецца лагер. Гэты дзень і прысвячаецца цалкам адпачынку, абавязкова актыўнаму. Сапраўдны турысцкі адпачынак — гэта не ляжанне суткі напралёт на карэмаце. Гэта гульні, спаборніцтвы, трэніроўкі, экскурсіі. Зноў жа ўсё залежыць ад віду турыстычнага паходу. Калі паход водны, то днёўка можа прайсці ў форме пешаходнай экскурсіі па нейкіх адметных мясцінах (у найбліжэйшы населены пункт, дзе ёсць помнікі гісторыі, архітэктуры, або да цікавых аб’ектаў прыроды). Такім чынам мяняецца від дзейнасці. Некалькі дзён турысты працавалі вёсламі, а ­адзін дзень працуюць нагамі. Таксама, па словах С.І.Максімовіч, падчас водных паходаў частку днёўкі можна прысвяціць выратавальным, трэніровачным работам на вадзе, адпрацаваць, напрыклад, пераварот байдаркі, катамарана. Можна правесці міні-спаборніцтвы, скажам, на лепшы праход варот на ва­дзе. Калі паход пешы, то на пера­адоленне імправізаванай гаці, купін.

“Калі гаварыць пра стацыянарныя летнікі, то яны часцей за ўсё носяць профільны характар. Напрыклад, выязджаюць спартс­мены-арыенціроўшчыкі, каб удасканаліць сваё майстэрства. Адпачынак у іх, зразумела, бу­дзе праходзіць у форме трэніровак. Калі гаварыць пра турыстычныя злёты, арганізаваныя сістэмна, то там прапісана праграма, частка якой прысвечана і спаборніцтвам, і конкурсам”, — паведаміла метадыст Гомельскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і мола­дзі Кацярына Віктараўна Баранава.

Неад’емнай часткай любога турыстычнага паходу з дзецьмі з’яўляюцца гульні. Гэта мо­гуць быць гульні з мячом, такія як валейбол, футбол і нават воднае пола. Могуць быць і папулярныя дваровыя гульні. Дарэчы, пераможцам трэба загадзя падрыхта­ваць узнагароды, невялікія прызы, можна нават медалі. “Гульні не проста дазваляюць навучэнцам змяніць від дзейнасці, адпачыць. Кіраўніку групы яны дапамагаюць бліжэй пазнаёміцца з дзецьмі. У гэтых гульнях бачны лідар, той, хто можа адстаяць свой пункт гледжання, да чыйго меркавання прыслухаюцца сябры. Падчас гульняў раскрываюцца чалавечыя рысы характару, уменне весці дыялог. Бяром у паход настольныя гульні. Асабліва папулярная серыя гульняў “Мема”. Там набор з 25 пар картак. Мы выкарыстоўваем “Увесь свет” і “Беларусь”. Гульня пашырае кругагляд дзяцей, развівае ўвагу, трэніруе памяць, дапамагае даведацца пра гісторыка-архітэктурную спадчыну”, — адзначыла Кацярына Віктараўна.

“Сучасныя дзеці такіх аўтараў бардаўскай песні, як Візбар, Міцяеў, Высоцкі, практычна не ведаюць. Песні, якія спявалі многія пакаленні турыстаў, усё радзей гучаць падчас прывалаў. І гэта дрэнна, бо песні пад гітару ствараюць асаблівую атмасферу, згуртоўваюць калектыў”.

У кожнага кіраўніка турыстычнай групы свае традыцыі правя­дзення адпачынку. Самай яркай традыцыяй, у якой пашчасціла ­ўдзельнічаць многім аматарам падарожжаў, з’яўляецца пасвячэнне ў турысты. Гэта і словы клятвы турыста, і пэўныя выпрабаванні, якія навічок павінен пераадолець, каб стаць сапраўдным турыстам. Словы клятвы кожная група піша сама, але агульны сэнс такі: клянуся любіць родную прыроду, родны край, пераносіць нягоды, ­адзін за ўсіх і ўсе за аднаго і г.д. Словы клятвы часцей за ўсё пішуць старэйшыя вучні разам з кіраўнікамі. А на завяршэнне (так, напрыклад, адбываецца ў Святланы Іванаўны Максімовіч) фірменная страва — турыстычны торт, які робіцца з пячэння, вафель і згушчанага малака.

“У нас таксама ёсць традыцыя пасвячэння ў турысты. Ініцыятыва часцей за ўсё зыходзіць не ад кіраўніка групы, а ад саміх дзяцей. Асаблівасць рытуалу залежыць ад таго, калі і дзе ён праходзіць. Мы часта адпраўляемся ў паход у міжсезонне. Тады пасвячэнне можа праходзіць не абавязкова на прыродзе, а на базе нейкай установы адукацыі. У залежнасці ад умоў рыхтуюцца розныя выпрабавальныя мерапрыемствы. У прыватнасці, навічок адводзіцца ўбок, яму завязваюць вочы, а ў гэты час іншыя дзеці нібыта рыхтуюць для яго паласу перашкод. Дзіця ідзе з заплюшчанымі вачыма і намагаецца не зачапіць перашкоды, якіх на самай справе няма. Тут і смех, і сур’ёзныя твары, адным словам, дзецям весела і цікава. Калі пасвячэнне праходзіць вечарам, то можам прапана­ваць навічку праз рукаў палічыць на небе колькасць зорак. Ёсць традыцыя, калі ўдзельніку паходу даюць есці хлеб з цыбуляй, але я гэтую традыцыю не вітаю, бо ў дзяцей могуць быць розныя адносіны да цыбулі, у тым ліку алергічныя рэакцыі. Таму ўсё, што тычыцца паядання цыбулі ці яшчэ нечага, я стараюся не папулярызаваць. Вітаецца ўсё, што карысна, не ўяўляе небяспекі”, — падзялілася Кацярына Віктараўна.

Любая дзейнасць, у тым ліку паход, прадугледжвае пэўны рэжым. Змена дзейнасці — гэта і ёсць адпачынак, лічыць Святлана Іванаўна. Пры гэтым ён павінен быць актыўным. Гэта пажылыя людзі могуць легчы і ляжаць. Дзеці так рабіць не будуць. Паляжаць яны могуць мінут 5, а далей гатовы да дзеянняў. Некаторыя могуць пайсці назіраць за птушкамі, некаторыя адправяцца збіраць ягады або лавіць рыбу. Аднак у асноўным дзяцей трэба заняць. Турыстычны паход — гэта заўсёды нейкая дзейнасць. Неабходна гатаваць ежу, нарыхтоўваць дровы, ставіць палатку.

Паход, а дакладней днёўкі, прывалы, калі ідзе абсталяванне лагера, — гэта падрыхтоўка дзяцей да самастойнага жыцця. Трэба рэчы праверыць, нешта памыць, правесці гігіенічныя працэдуры. Паход — гэта заўсёды сацыялізацыя. “Вось катамаран, на ім 4 чалавекі. Калі ­адзін грабе моцна, іншы слаба, то катамаран круціцца вакол сваёй восі. Дзеці павінны навучыцца дамаўляцца паміж сабой. Бывае, спачатку гэта няпроста. І сварацца, і спрачаюцца, і крыўдзяцца. Гэта і ёсць падрыхтоўка да дарослага жыцця. Важна наладжваць кантакт з камандай, з якой ты грабеш вёсламі і з якой спіш у палатцы. Бацькі дзякуюць, што іх дзіця ў паходзе і бульбу навучылася чысціць, і кашу варыць, і суп гатаваць. Дзеці займаюцца ўстаноўкай палаткі, развя­дзеннем вогнішча, гатаваннем вячэры, падрыхтоўкай да сну. У эпоху гаджэтаў навучыць дзяцей наладжваць зносіны вельмі няпроста, таму прывал — гэта элемент наладжвання кантакту ў мікракалектыве”, — падзялілася Святлана Іванаўна.

“Асаблівасць адпачынку залежыць у першую чаргу ад віду паходу. У спартыўных паходах важна аднаўленне сіл і псіхалагічнага стану. Калі паход краязнаўчы, то вечарам і асабліва падчас днёўкі праводзім розныя гульні, спаборніцтвы краязнаўчага характару”.

Няважна, наколькі добрым было надвор’е падчас паходу. Куды важней, якое надвор’е ў калектыве, якія адносіны. Калі добрая, згуртаваная каманда, то з гэтай камандай і складаны маршрут прайсці лёгка, і прыемна правесці вольны час. І каля вечаровага вогнішча прыемна пасядзець, бо ёсць пра што пагаварыць, і турысцкі быт арганізаваць: хтосьці збірае галлё, нехта набірае ваду, іншы чысціць бульбу, хтосьці гатуе напіткі. Канечне, пасля пераадолення пэўнай колькасці кіламетраў хочацца хутчэй прылегчы і адпачыць, але дзеці павінны разумець, што адпачынак у паходзе — гэта не ляжанне на турыстычным дыванку, гэта камандная праца, сумесная арганізацыя побыту, што сумеснымі намаганнямі і абед гатаваць лягчэй, і гуляць весялей.

“Важна навучыць дзяцей самаабслугоўванню: гата­ваць ежу, даглядаць сябе, навесці парадак у палатцы, нарыхтаваць дроў. Усё гэта і адбываецца падчас адпачынку. Тое, што паход — гэта падрыхтоўка да самастойнага жыцця, я цалкам згодна, бо маё турыстычнае паходнае жыццё пачалося яшчэ ў 6 класе. Гэтае захапленне перадала і сваім дзецям. Мне пашчасціла з тым, што ў нас быў вопытны кіраўнік, з якім мы прайшлі не адну сотню кіламетраў і з’елі не ­адзін кацялок кашы. Мы, турысты, прасцей пераносім розныя дыс­камфортныя ўмовы, непагоду. Мы ведаем што калі не збяром дроў, то не зможам згатаваць гарачую ежу, прасушыць адзенне. Мы ведаем, што калі прамокла палатка — гэта не прычына сварыцца, закоч­ваць істэрыку, а трэба дзейнічаць, вырашаць праблему, бо за цябе яе ніхто не вырашыць. Дзеці павінны зразумець, што калі яны нешта зрабілі дрэнна, то гэта бумерангам вернецца да іх. Калі ты, напрыклад, дрэнна паставіў палатку, то будзеш адчуваць, што табе там няўтульна, некамфортна. У нас бацькі часам перажываюць, хто ж для іх дзіцяці ў паходзе згатуе катлету, а хто ж памые посуд. А яно само гэта зробіць! Дзеці-турысты больш прыстасаваныя да жыцця, чым іх равеснікі, якія ніколі не хадзілі ў паходы. Калі чалавек разумее, што за яго гэта ніхто рабіць не будзе, то ў яго ўключаюцца фактары самазахавання і ён робіць сам: сам збірае рукзак, сам гатуе месца для вячэрняга адпачынку і г.д. Дзякуй смелым бацькам, якія не баяцца адпускаць дзяцей у паход і давяраюць іх кіраўнікам.

Наша пакаленне хоча, каб і сённяшнія дзеці таксама не баяліся дыскамфортных умоў, якія абавязкова будуць у дарослым жыцці. Цяпер шмат спакус, і людзі прывыклі да камфортнага жыцця. Напрыклад, папулярныя камерцыйныя паходы, калі лю­дзей прывозяць на пэўнае месца, селяць у домікі, дзе ёсць дровы, усё аплачана. Але хіба гэта можна назваць паходам? У сапраўдным паходзе даводзіцца ўсё рабіць самому. Чамусьці цяпер паходы на мясцовасці з палаткамі адносяцца да катэгорыі экстрэмальнага віду адпачынку. Дзіўна, ці не праўда? Сапраўдны паход і павінен быць такім. І гэта зусім не экстрым. Хаця, можа, для сучаснага чалавека сам выхад з палаткай на прыроду на некалькі дзён гэта ўжо і ёсць нешта незвычайнае?” — падзялілася Кацярына Баранава.

“Важна навучыць дзяцей самаабслугоўванню: гатаваць ежу, даглядаць сябе, навесці парадак у палатцы, нарыхтаваць дроў. Усё гэта і адбываецца падчас адпачынку”.

Нед’емным атрыбутам класічнага турысцкага прывалу або вечара каля вогнішча з’яўляецца гітара. Сапраўды, які ж гэта адпачынак без знакамітых “Качнется купол неба большой і звездно-снежный, // Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались”? На жаль, у эпоху гаджэтаў звонкія струны гітары ўсё радзей гу­чаць разам з патрэскваннем вогнішча або шэптам азёрных або рачных хваль. Цяпер, па словах Святланы Максімовіч, дзеці часцей уключаюць смартфоны з запампаванай туды музыкай і такім чынам развучваюць турысцкія песні. “Змяніўся і рэпер­туар. Сучасныя дзеці такіх аўтараў бардаўскай песні, як Візбар, Міцяеў, Высоцкі, практычна не ведаюць. Песні, якія спявалі многія пакаленні турыстаў, усё радзей гучаць падчас прывалаў. І гэта дрэнна, бо песні пад гітару ствараюць асаблівую атмасферу, згуртоўваюць калектыў. У гэтым годзе на базе цэнтра мы пастараемся арганізаваць гурток турысцкай песні. Паглядзім, наколькі ён будзе запатрабаваны ў моладзі”, — адзначыла Кацярына Віктараўна.

Для якаснага адпачынку важна правільна выбраць месца. Прывал, днёўка, начлег арганізоўваюцца не спантанна. Маршрут плануецца праз вядомыя ўжо мясціны, загадзя плануецца і месца для адпачынку. Каб можна было і палаткі паставіць, і вады набраць, каб былі і ягады, і грыбы, і рыбалка, і, канечне, дровы, каб можна было і пакупацца. “Нітка маршруту абавязкова загадзя вывучаецца. Калі паход плануецца не ў нашым раёне, то мы звязваемся з мясцовымі цэнтрамі турызму і ўдак­ладняем асаблівасці мясцін, вывучаем апісанні маршрутаў у інтэрнэце. Планаванне стаянак вельмі важнае. Яны павінны быць эстэтычнымі, каб выклікалі пэўнае захапленне ва ўдзельнікаў паходу”, — падзялілася Святлана Іванаўна.

Напрыканцы некалькі парад ад педагогаў, як удала выбраць месца для днёўкі або начлега, каб адпачынак прайшоў на ўра. Напрыклад, на начлег трэба спыніцца яшчэ да прыцемкаў, бо неабходна не толькі расчысціць тэрыторыю, але і ўстанавіць палаткі, развесці вогнішча, павесіць адзенне і абутак для прасушкі, абсталяваць месца для паходнага душа і г.д. Для палатачнага лагера месца трэба выбіраць старанна, бо турысты падчас сну павінны быць у поўнай бяспецы. Бяспека вызначаецца многімі фактарамі: станам глебы, раслін, якія растуць побач, асаб­лівасцямі рэльефу, каб побач не было спарахнелых дрэў, якія могуць абваліцца пры моцным ветры. Выбіраць трэба роўныя пляцоўкі, якія б асвятляліся сонцам падчас як заходу, так і світанку.

А вось тое, якімі мерапрыемствамі і якой атмасферай бу­дзе напоўнены адпачынак, залежыць ужо ад фантазіі, творчасці, ініцыятыўнасці кіраўніка турыс­тычнай групы. Кіравацца трэба простым прынцыпам: удалы адпачынак у паходзе — гэта і ёсць удалы паход.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва герояў матэрыялу.