Грамадская юрыдычная прыёмная офіса па правах людзей з інваліднасцю працуе чацвёрты год. Яе спецыялісты прадастаўляюць такім людзям і бацькам дзяцей з інваліднасцю прававыя кансультацыі, якія звязаны з працаўладкаваннем, рознымі відамі спецыяльных паслуг, сацыяльнай абаронай і г.д. За апошні год у офіс звярнулася каля тысячы чалавек, па 741-м звароце пасля дэталёвага разгляду юрыстамі былі прыняты рашэнні. Аб гэтым паведаміў на прэзентацыі гадавога маніторынгу зваротаў каардынатар офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.
Права на работу
— Мы не разглядаем звароты, якія не ўтрымліваюць праблемных момантаў, а таксама пытанні, вырашэнне якіх не ў нашай кампетэнцыі. Напрыклад, чалавек з інваліднасцю просіць дапамагчы камусьці са сваіх родных, у сям’і якога склаліся нядобразычлівыя адносіны, і г.д. Па статыстыцы, больш за ўсё да нас звяртаюцца людзі з першай групай інваліднасці. Тлумачыцца гэта, напэўна, тым, што людзі з другой і трэцяй групай інваліднасці псіхалагічна больш моцныя і часцей імкнуцца вырашаць свае пытанні самастойна. Дарэчы, і інваліды першай групы звяртаюцца толькі тады, калі не спраўджваюцца ўсе надзеі на магчымую сацыяльную падтрымку і яны не ведаюць, куды звяртацца далей, — каменціруе спецыяліст. — Характэрна, што большасць зваротаў мае негатыўны характар. Гэта скаргі або канфліктныя пытанні (напрыклад, непаразуменні паміж наймальнікам і работнікам з інваліднасцю).
Вельмі рэдкія звароты пазітыўнага плана, калі, напрыклад, забудоўшчык просіць кансультацыю наконт безбар’ернага асяроддзя або наймальнік хоча даведацца аб умовах прыёму на работу чалавека з інваліднасцю. Якія ж яны — гэтыя ўмовы? Асобам з інваліднасцю з улікам індывідуальных праграм рэабілітацыі інвалідаў забяспечана права на работу ў наймальнікаў як са звычайнымі ўмовамі работы, так і са спецыяльнымі ў спецыялізаваных арганізацыях, цэхах і на ўчастках. Беспадстаўнае незаключэнне працоўнага дагавора або яго скасаванне па ініцыятыве наймальніка, адмова ў службовым павышэнні, перавод інвалідаў на іншую работу без іх згоды толькі па матывах інваліднасці не дапускаюцца, за выключэннем выпадкаў, калі выкананне працоўных абавязкаў проціпаказана індывідуальнай праграмай рэабілітацыі інваліда (ІПРІ).
Працэс афармлення на работу людзей з інваліднасцю і звычайных людзей амаль аднолькавы. Розніца толькі ў тым, што работадаўцу, акрамя стандартнага пакета дакументаў (пашпарта, ваеннага білета для ваеннаабавязаных, працоўнай кніжкі, дакумента аб адукацыі), неабходна атрымаць ад чалавека з інваліднасцю індывідуальную праграму рэабілітацыі інваліда (ІПРІ), якая выдаецца спецыялістамі МРЭК на аснове медыка-сацыяльнай экспертызы. ІПРІ ўпэўніць наймальніка ў тым, што ў саіскальніка рабочага месца няма проціпаказанняў для той работы, якая яму будзе прапанавана.
У праграме прафесійнай і працоўнай рэабілітацыі інвалідаў можа ўтрымлівацца пералік неабходных мер і ўмоў, якія неабходны работніку з інваліднасцю (засваенне ім пэўных адукацыйных праграм, адаптаванасць да працоўнай дзейнасці, абсталяванне рабочага месца спецыяльнымі прыстасаваннямі і г.д.). Як паказвае практыка, звычайна ў гэтым дакуменце няма невыканальных для работадаўцы ўмоў, а таксама тых умоў, якія патрабуюць ад яго спецыяльных ведаў.
Звычайна для таго, каб стварыць зручнае рабочае месца для чалавека з інваліднасцю, не патрэбны нават дадатковыя фінансавыя сродкі. Часта для работніка на калясцы дастаткова проста навесіць паліцы ніжэй, а мэблю расставіць больш прасторна, а для таго, хто слаба бачыць, усталяваць спецыяльнае праграмнае забеспячэнне на персанальны камп’ютар.
У шэрагу сітуацый, звязаных з працаўладкаваннем праз цэнтры занятасці, людзям з інваліднасцю па-ранейшаму прапаноўваецца работа без уліку іх індывідуальных патрэб, без комплекснага міжведамаснага падыходу да пытанняў працаўладкавання. Адсутнічае інфармацыя аб адкрытых і даступных вакансіях для асоб з інваліднасцю, якія вырашылі прыступіць да працоўнай дзейнасці.
Права на адпачынак
Юрысты офіса працуюць са зваротамі інвалідаў з розных рэгіёнаў, аднак найбольш актыўны па-ранейшаму Мінск (52 працэнты). Як расказала юрыст грамадскай прыёмнай Вольга Ліхачова, больш за ўсё праблем тычыцца неналежнага жыццёвага ўзроўню людзей з інваліднасцю і іх сацыяльнай абароны. Многіх хвалююць пытанні па налічэнні пенсій, некаторыя хочуць даведацца пра льготы і дзяржаўныя гарантыі, на якія яны маюць права з прычыны інваліднасці. На другім месцы — звароты аб працы і занятасці. Яны тычацца ўсяго працоўнага працэсу — працаўладкавання, працоўнага графіка, дадатковых выхадных, адпачынкаў і працэдуры звальнення. Завяршае тройку папулярных тэм даступнасць тых ці іншых (у тым ліку самых неабходных) паслуг. Як і ў мінулыя гады, большасць зваротаў гэтага кірунку тычыцца інфармацыйнай дасведчанасці і даступнасці правасуддзя.
Якой працягласці павінен быць адпачынак работніка з інваліднасцю? Па агульных правілах, працоўны адпачынак не можа быць менш за 24 каляндарныя дні. Але для асобных катэгорый работнікаў можа быць устаноўлена працягласць асноўнага адпачынку больш за 24 каляндарныя дні. У прыватнасці, працоўны адпачынак работнікаў з інваліднасцю доўжыцца па заканадаўстве 30 каляндарных дзён.
— Адзначу, што пытанняў, якія тычацца аховы здароўя, індывідуальнай мабільнасці, неўмяшальніцтва ў асабістае жыццё, прыходзіць няшмат. Але нельга сказаць, што ў гэтых сферах няма праблем. Проста людзі не вераць у тое, што тут можна штосьці змяніць. Адно з самых распаўсюджаных меркаванняў — “У сістэме аховы здароўя ўсім цяжка чагосьці дабіцца”. Таму іншы раз людзі з інваліднасцю застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі, — лічыць Сяргей Драздоўскі.
Калі гаварыць пра асаблівасці зваротаў за апошні год, то нярэдка яны звязаны з пэўнымі змяненнямі ў заканадаўстве, з увядзеннем новых норм, працэдур, падаткаў. Напрыклад, даволі частым было пытанне, ці мае вадзіцель з інваліднасцю льготы пры аплаце падатку на аўтамабіль, які быў уведзены не так даўно. Звяртаюцца да нас і з праблемамі неналежна абсталяванага безбар’ернага асяроддзя (пад’ёмнікі, пандусы, дзверы і іншыя элементы), з-за чаго інвалідам іншы раз цяжка дабірацца да сваёй кватэры. Катастрафічным для беларускага права з’яўляецца ігнараванне забудоўшчыкамі ўстаноўленых тэхнічных норм, што прыводзіць у выніку да недаступнасці будынкаў і дарог. Відавочна, што практыка правапрымянення да нядобранадзейных забудоўшчыкаў і сістэма прыцягнення іх да адказнасці не з’яўляецца эфектыўнай, таму патрабуецца актывізацыя кантралюючых органаў у гэтай сферы, дапрацоўка дзеючага заканадаўства. Варта падкрэсліць, што парушэнне норм даступнасці ў жылым будаўніцтве выяўляецца ў сур’ёзным пагаршэнні якасці жыцця канкрэтных людзей, сем’яў, часам даводзіць іх да поўнага адчаю. Юрысты офіса нават выязджалі да тых, хто звярнуўся, і з удзелам работнікаў адпаведных службаў пытанні былі паспяхова вырашаны.
У прыёмную прыходзяць і бацькі, чые дзеці маюць патрэбу ў паліятыўнай медыцыне. Яны цікавяцца, напрыклад, як можна вярнуць дзеяздольнасць чалавеку, які прызнаны недзеяздольным. У параўнанні з папярэднімі гадамі значна павялічылася колькасць пытанняў, якія тычацца выхаду інвалідаў з інтэрната, уключэння іх у жыццё грамадства. Спецыялісты звязваюць гэта са змяненнямі ў нацыянальным заканадаўстве і запускам новай кампаніі дэінстытуалізацыі. Гэтае паняцце азначае такі працэс жыццядзейнасці мясцовых суполак, пры якім комплекс усіх неабходных паслуг функцыянуе асаблівым чынам і людзі з любымі, нават самымі складанымі адхіленнямі ад нормы маюць магчымасць без дыскрымінацыі вызначаць свой лад жыцця. У некаторых выпадках гэта праяўляецца ў рэальнай магчымасці чалавека з інваліднасцю жыць дома, а не ў інтэрнаце (інстытуцыйна), мець права адказнага і самастойнага выбару. З пазіцыі дзяржавы гэта праяўляецца ў фарміраванні той сістэмы сацыяльнай абароны, якая забяспечвае чалавека належнымі ўмовамі пражывання, пры якіх ён незалежна ад любых парушэнняў можа паспяхова спраўляцца з усімі цяжкасцямі і праблемамі, якія ўзнікаюць на яго шляху, што і гарантуе рэалізацыю яго правоў.
Права на адукацыю
Адносна сферы адукацыі таксама ўзнікаюць пытанні. Цікавяцца льготамі для тых, хто паступае ва ўстановы вышэйшай адукацыі, арганізацыяй падвозу дзяцей да дашкольных устаноў адукацыі, а таксама атрыманнем адукацыі ўвогуле, арганізацыяй адукацыйнага працэсу ў розных навучальных установах. Так, жанчына, якая выхоўвае дзіця-інваліда 2 групы, звярнулася з наступнай праблемай: УКК было прынята рашэнне аб навучанні яе дзіця дома (да гэтага яно вучылася ў звычайным класе). Жанчына не згодна з такім рашэннем і папрасіла парады ў юрыстаў офіса. Ёй парэкамендавалі звярнуцца ва ўпраўленне адукацыі і аховы здароўя аблвыканкама, ва УКК (у паліклініку) з просьбай аб прадаўжэнні навучання на ранейшых умовах.
У адпаведнасці з артыкулам 160 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі дома арганізуецца для тых вучняў, якія па медыцынскіх паказчыках часова або пастаянна не могуць наведваць установы адукацыі. Пералік такіх паказчыкаў вызначаны Пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 26 мая 2011 года № 44. Рашэнне ж аб атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі дома прымаецца аддзелам (упраўленнем) адукацыi мясцовага выканаўчага i распарадчага органа па месцы жыхарства (месцы знаходжання) вучня на падставе заявы вучня (або законнага прадстаўніка непаўналетняга вучня) і заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі. Такім чынам, галоўнае ў вырашэнні падобных пытанняў — стан здароўя дзіцяці.
У грамадскую прыёмную офіса звярнулася маці, якая выхоўвае дзіця-інваліда. Па выніках медыка-псіхолага-педагагічнай камісіі яе сыну рэкамендавана навучанне ў ЦКРНіР. Аднак дырэктар цэнтра адмовілася прыняць дзіця з-за недахопу ва ўстанове педагогаў і прапанавала навучанне дома. Маці звярнулася ў офіс з пытаннем, ці мела права дырэктар адмаўляць, бо лічыць, што яе сыну лепш было б вучыцца ва ўстанове.
У адпаведнасці з артыкулам 271 Кодэкса аб адукацыі, для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія па медыцынскіх паказчыках часова або пастаянна не могуць наведваць установу адукацыі, ствараюцца ўмовы для атрымання спецыяльнай адукацыі дома. Рашэнне аб атрыманні такой адукацыі прымаецца аддзелам (упраўленнем) адукацыi мясцовага выканаўчага i распарадчага органа па месцы жыхарства (месцы знаходжання) асобы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця на падставе яе заявы (або заявы законнага прадстаўніка непаўналетняга) і заключэння дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Але маці мела права на абурэнне, таму што адным з галоўных абавязкаў установы адукацыі з’яўляецца своечасовы падбор і прыём на работу кваліфікаваных кадраў. Юрысты офіса склалі адпаведны ліст-заяву ў мясцовы выканкам з хадайніцтвам, каб дзіця ўсё ж атрымлівала адукацыю ў гэтым цэнтры.
А вось праблема яшчэ адной мамы дзіцяці-інваліда. Яе сыну было прадастаўлена двухразовае бясплатнае харчаванне ў школе да канца месяца, у якім яму павінна споўніцца18 гадоў. Яна пацікавілася, ці мае ён права на бясплатнае харчаванне да канца навучальнага года. Жанчыне растлумачылі (са спасылкай на заканадаўства), што пасля дасягнення яе сынам 18-ці гадоў яму будзе прадастаўляцца толькі аднаразовае бясплатнае харчаванне.
У выніку Сяргей Драздоўскі адзначыў, што характар зваротаў, якія паступілі за апошні год, сведчыць аб пэўных сістэмных праблемах. Сярод іх, напрыклад, не заўсёды аб’ектыўнае стаўленне да асобы з інваліднасцю, адсутнасць індывідуальнага падыходу ў зносінах з інвалідамі, неаператыўнасць дзяржорганаў пры вырашэнні іх пытанняў — часта людзі з інваліднасцю атрымліваюць адпіскі на свае просьбы, а праблемы іх не вырашаюцца гадамі. Садзейнічаць вырашэнню гэтых праблем зможа, на погляд суразмоўцы, падпісанне Рэспублікай Беларусь Канвенцыі аб правах інвалідаў, якое пакуль адкладваецца.
Надзея ЦЕРАХАВА.