На радасць дзецям і бацькам

- 9:20Адукацыйная прастора

Урачыстае адкрыццё новага дзіцячага садка адбылося надоечы ў Бабруйску.

Сучасную дашкольную ўстанову пабудавалі ў маладым гарадскім мікрараёне Маладзёжны. Увод у эксплуатацыю дазволіць вырашыць тут праблему з крокавай даступнасцю ўстаноў дашкольнай адукацыі.

Новы дзіцячы садок разлічаны на 240 месцаў, ці 13 груп, у ліку якіх — адна спецыяльная. Ва ўстанове створана безбар’ернае асяроддзе, усталяваны ліфт, што прадастаўляе магчымасці для атрымання дашкольнай адукацыі дзецям з парушэннямі апорна-рухальнага апарату. У матэрыяльным плане створаны ўсе ўмовы для паўнавартаснага развіцця дзяцей.

— У дашкольнай установе ёсць музычная, спартыўная, гімнастычныя залы, медыцынскі блок, кабінеты для заняткаў па бяспецы жыццядзейнасці, педагога-псіхолага, настаўніка-дэфектолага і метадычны. Кожная група абсталявана неабходнай мэбляй, мяккім інвентаром, цацкамі, тэлевізарамі, стацыянарнымі і перасовачнымі дошкамі. Прадугледжаны таксама рэсурсныя цэнтры для захоўвання метадычнай літаратуры і наглядных дапаможнікаў. Для ўмацавання здароўя дзяцей ёсць басейн. На тэрыторыі ўстановы створаны гульнявыя і фізкультурныя пляцоўкі з навесамі для кожнай групы, дарожкі для язды на веласіпедах і самакатах, — паведаміла начальнік упраўлення па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама Алена Лісіца.

Павіншаваць дзяцей і педагогаў з наваселлем прыйшлі намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, прадстаўнікі мясцовай улады, дэпутацкага корпусу. Ганаровыя госці ўручылі ў якасці падарункаў патрэбныя для дашкольнай установы рэчы.

Свята адкрыцця новага дзіцячага садка адзначылася шматлікімі віншаваннямі, песнямі, танцамі і гульнямі і стала радаснай падзеяй для дзяцей, бацькоў, педагогаў. Дарэчы, сёння сетка ўстаноў да­школьнай адукацыі Бабруйска прадстаўлена 63 установамі з агульным ахопам звыш 9 тысяч дзяцей.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Аляксандра АНТАШКЕВІЧА.