На радасць дзецям і іх бацькам

- 9:30Выхаванне

У Гродне ўрачыста адкрылі яслі-сад № 111. Ён стаў першым у растучым мікрараёне Грандзічы і 94-м у абласным цэнтры.

На адкрыцці прысутнічалі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч, старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык і іншыя ганаровыя госці.

— У новай сучаснай дашкольнай установе створаны ўсе ўмовы для гарманічнага развіцця дзіцяці, — падкрэсліў Уладзімір Каранік. — І размешчаны ён у мікрараёне Грандзічы, які актыўна будуецца, развіваецца. Гэта новыя падыходы да сучаснага жыллёвага будаўніцтва, калі разам з жыллём узводзяцца школы, дзіцячыя сады і іншыя сацыяльныя аб’екты. Сёння актыўна развіваецца шэраг мікрараёнаў абласнога цэнтра, таму ў планах будаўніцтва і дзіцячых садоў, і школ. У 2019 годзе была адкрыта школа ў Паўднёвым, у нас­тупным годзе новая школа прыме вучняў у мікрараёне Грандзічы.

Старшыня аблвыканкама ўручыў кіраўніку новага дзіцячага сада Юліі Парманчук сертыфікат на набыццё спартыўнага надворнага абсталявання.

Віктар Лісковіч падкрэсліў, што новы дзіцячы сад — сучасны комплекс у крокавай даступнасці, дзе створаны ўсе ўмовы для фарміравання маленькага грамадзяніна краіны, выхавання ў яго любові да роднага краю, свайго горада, каб ён мог ганарыцца сваёй краінай. А ў нас ёсць чым ганарыцца. Будаўніцтва новых дзіцячых садоў у краіне будзе працягнута.

Мечыслаў Гой дадаў, што такі дзіцячы сад, як гэты, з басейнам, камфортнымі ўмовамі для заняткаў фізкультурай, музыкай, харэаграфіяй, — выдатны падарунак для дзяцей і іх бацькоў. Адкрыццё яго стала яшчэ адным крокам у вырашэнні пытанняў, звязаных з забеспячэннем месцамі ў дашкольных установах дзяцей, якія пражываюць у новых мікрараёнах Гродна. Мэр горада таксама прыехаў на свята з падарункам. Ад Гродзенскага гарвыканкама дашкольная ўстанова атрымала сертыфікат на набыццё камп’ютарнага класа.

Дзіцячы яслі-сад узведзены па тыпавым праекце і разлічаны на 230 месцаў. На яго будаўніцтва выдаткавана звыш 7 мільёнаў рублёў. Будаўнічыя работы выкананы ААТ “Гроднапрамбуд”. Сімвалічны ключ кіраўніку новага дзіцячага сада перадаў генеральны дырэктар ААТ “Гроднапрамбуд” Абдулвагаб Вагабаў.

У новай дашкольнай установе 12 груп. Тут ёсць фізкультурная, музычная і харэаграфічная залы, басейн, камп’ютарны клас, медыцынскі блок. Аснашчаны сучасным тэхналагічным абсталяваннем харчаблок і пральня. Створаны пакой бяспекі, дзе сабраны матэрыялы і дапаможнікі для навучання дзяцей асновам бяспекі жыццядзейнасці.

На абсталяванай тэрыторыі ёсць спартыўная зона, бегавыя дарожкі і тэматычныя гульнявыя пляцоўкі з бяспечным пакрыццём.

Ужо адкрыты і працуе пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, які наведваюць 23 дзіцяці з лёгкімі парушэннямі маўлення. З красавіка плануецца адкрыццё групы кароткачасовага знаходжання на бясплатнай аснове для 12 дзяцей. А з верасня — спецыяльнай групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.