На радасць каралеве спорту

- 11:43Спартыўныя падзеі

У пятніцу вызначыліся прызёры Рэспубліканскага лёгкаатлетычнага спартыўна-масавага мерапрыемства “300 талентаў для Каралевы”, арганізаванага Міністэрствам адукацыі, Міністэрствам спорту і турызму, Нацыянальным алімпійскім камітэтам, Беларускай федэрацыяй лёгкай атлетыкі і Рэспубліканскім цэнтрам фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў.

Па выніках фінальнага этапу, які прайшоў на базе лёгкаатлетычнага манежа Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, лепшай стала каманда Гродзенскай вобласці, на другім месцы прадстаўнікі Гомельскай вобласці, на трэцім — Магілёўскай.

Каралева спорту, Яе Вялікасць Лёгкая Атлетыка, можа радавацца: для яе маленькіх прыхільнікаў (навучэнцаў пачатковых класаў агульнаадукацыйных устаноў) арганізатары ўжо чацвёрты раз падрыхтавалі яркае, незабыўнае свята. Ды і самі таленты паказалі ў эстафеце 8х50 м, кіданні мяча, скачках са скакалкай і бар’ерным бегу на 30 м увесь свой спрыт, хуткасць, адвагу. Усяго за папярэднія тры гады больш за 600 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак прынялі ўдзел у праекце, а 40 з іх сталі навучэнцамі спецыялізаванага класа ў Акадэміі талентаў Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву.

— Менавіта ў такім узросце фарміруецца сапраўдны спартсмен. Калі дзеці глядзяць на нашых чэмпіёнаў Эльвіру Герман, Карыну Таранда, то самі мараць стаць чэмпіёнамі. Аднак стаць чэмпіёнам — гэта вялікая і цяжкая праца, якая пачынаецца са школьных гадоў, калі пакрокава, па прыступках неабходна прайсці нялёгкі шлях. Кожны з вас на гэтым нялёгкім шляху ўжо зрабіў першыя крокі, пераадолеўшы папярэднія этапы спаборніцтваў. Прыемна, што геаграфія ўдзельнікаў фінальных спаборніцтваў пашыраецца, дзяцей, якія далучаюцца да спорту, становіцца ўсё больш і больш. Хочацца падзякаваць бацькам, якія ўкладваюць у выхаванне дзяцей часцінку сябе. Асаблівая ўдзячнасць арганізатарам турніру, трэнерам, педагогам, — адзначыў у прывітальным слове міністр спорту і турызму Сяргей Міхайлавіч Кавальчук.

Шлях да фіналу для маленькіх спартсменаў быў сапраўды няпростым. Падчас першага этапу, які праходзіў у маі 2018 года, вучні 1—3 класаў на занятках фізічнай культуры і здароўя здавалі тэсты для вызначэння ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці. Па іх выніках і былі вызначаны ўдзельнікі другога этапу праекта. З 28 верасня па 5 кастрычніка па выніках тэсціравання вызначаліся лепшыя хлопчыкі і дзяўчынкі (навучэнцы 2—4 класаў) ад кожнай вобласці і Мінска. Трэці этап у форме вучэбна-трэніровачнага збору прайшоў у канікулярны перыяд. Менавіта тады і былі адабраны 300 дзяцей малодшага школьнага ўзросту на фінальныя спаборніцтвы.

Як паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Валянцінавіч Тамільчык, цікавасць да каралевы спорту заўважна вырасла ў нашай краіне дзякуючы ў тым ліку такому цудоўнаму праекту, як “300 талентаў для Каралевы”. Гэтае традыцыйнае мерапрыемства мае сваю гісторыю і з кожным годам адкрывае ўсё новыя і новыя імёны лепшых юных спартсменаў, дорыць і ўдзельнікам, і балельшчыкам мноства станоўчых эмоцый. Асаблівыя словы прызнання і падзякі былі выказаны ў адрас трэнераў, настаўнікаў, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, профільных ведамстваў, усіх, хто робіць уклад у развіццё і папулярызацыю школьнага спорту.

Калі назіраеш за тым, як хлопчыкі і дзяўчынкі падчас спаборніцтваў выкладваюцца на ўсе 100, як яны імкнуцца хутчэй перадаць эстафету таварышу па камандзе, без дотыку пераскочыць бар’еры падчас бегу, трапна кінуць мяч, як спрытна скачуць на скакалцы, то разумееш, што словы старшыні Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзіма Анатольевіча Дзевятоўскага, сказаныя ім на ўрачыстым адкрыцці фінальнага этапу, абавязкова збудуцца. Сярод маленькіх спартсменаў дакладна ёсць будучыя алімпійскія чэмпіёны.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.