На роднай мове размаўляем

Добрай традыцыяй у Іўеўскім яслях-садзе — пачатковай школе сталі прадметныя тыдні. Тыдзень беларускай мовы і літаратуры сёлета прайшоў пад дэвізам “Размаўляй па-беларуску”. Мерапрыемствы ў рамках тыдня садзейнічалі развіццю інтэлектуальных і творчых здольнасцей, пашырэнню кругагляду навучэнцаў, выхаванню любові і павагі да роднага слова.

Разнастайнасць праграмы дазволіла кожнаму вучню знайсці заняткі па душы. Урачыстае адкрыццё тыдня адбылося ў панядзелак. У фае ўстановы адукацыі настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў сустракалі дзяўчынкі і хлопчыкі ў нацыянальных касцюмах, якія віталіся па-беларуску, жадалі добрага настрою і запрашалі паўдзельнічаць у стварэнні маляўнічага букета беларускіх слоў. Самымі папулярнымі словамі сталі “Радзіма”, “Мова”, “Дзякуй”, “Добры дзень”. Гэтым жа днём стартавала школьная дыстанцыйныя анлайн-алімпіяда па беларускай мове для вучняў 2—3 класаў.

Класныя кіраўнікі праводзілі тэматычныя інфармацыйныя і класныя гадзіны “Традыцыйная ветлівасць”, “Сцяжынкамі роднага горада”, прысвечаныя Году малой радзімы.

Самымі цікавымі і запамінальнымі мерапрыемствамі сталі “Малюнкавы слоўнікавы дыктант”, падарожжа па старонках кнігі “Чароўны край пад блакітным небам”, гульня па станцыях “Як мы ведаем сваю малую радзіму”. Паспрабаваць веды вучні змаглі ў віктарыне знаўцаў мовы “Беларуская скарбонка”. Каманды спаборнічалі, выконваючы розныя заданні.

У школьным музеі ярка, эмацыянальна і пазнавальна прайшло фальклорнае свята “Добра ў бабулі”. Дзеці даведаліся шмат новага з побыту беларускага селяніна, пра вырабы з саломкі і лёну, глінянага посуду, гулялі ў беларускія гульні “Гарлачык”, “Лён”, спявалі прыпеўкі, расказвалі вершы.

Выхавальнікі групы прадоўжанага дня запрасілі вучняў 2-х класаў на літаратурную гасцёўню “Не проста ў словы мы гуляем — на роднай мове размаўляем”. А выхаванцы дзіцячага садка ўдзельнічалі ў тэатралізацыі “Скарбонка забаўлянак”, у забаве “У сялянскай хаце”, інсцэніравалі верш “Адмарозіў лапкі”. Вучні 3-х класаў пабывалі ў гасцях у выхаванцаў старэйшай групы і правялі заняткі “Любі і ведай родную мову”.

На дынамічным перапынку вучні і настаўнікі арганізавалі флэшмоб “Беларуская танцавальная”.

Настрой узнялі вершы беларускіх паэтаў, беларускія народныя песні, танцы, якія выконвалі навучэнцы. Дзеці выказвалі жаданне, каб беларуская мова гучала з нашых вуснаў заўсёды, каб яе пачулі нашы нашчадкі.
Скончыўся тыдзень падвядзеннем вынікаў, урачыстым узнагароджаннем самых актыўных удзельнікаў, знаўцаў роднай мовы і літаратуры граматамі і дыпломамі на школьнай лінейцы.

Вольга ТРАЦЯКЕВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў;
Таццяна СЯЛІЦКАЯ,
выхавальніца групы прадоўжанага дня.