На роўных: дыялог пакаленняў

- 9:51Спартыўныя падзеі

Адкуль узяць матывацыю? Што дапаможа аднавіцца пасля траўмы? Як перамагчы мандраж перад адказным стартам? Гэта дзіцячыя, але вельмі важныя пытанні, без адказаў на якія не абысціся ні аднаму спартсмену­-пачаткоўцу. У інтэрнэце адгадкі шукаць дарэмна, лепш спытаць у тых, хто ведае гэта ўсё не па чутках, — у пераможцаў чэмпіянату свету і прызёраў Алімпіяды.

Так і зрабілі трыумфатары сусветных школьных гульняў U15, студэнты — удзельнікі Алімпійскіх і Параалімпійскіх гульняў мінулага года, а таксама спартакіяды Саюзнай дзяржавы. Нагода для сустрэчы пакаленняў асаблівая: ушанаванне лепшых маладых атлетаў, якое прайшло ў Зале алімпійскай славы Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь. А віншаваць ёсць за што! Летась яны прынеслі ў скарбонку спартыўных дасягненняў краіны 63 медалі.

Узнагароджвалі спартсменаў першы намеснік міністра адукацыі Ірына Анатольеўна Старавойтава, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, прызёр Алімпійскіх гульняў Іван Рыгоравіч Ціхан, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Сяргей Барысавіч Рэпкін, прадстаўнікі федэрацый па відах спорту.

— Такі выдатны вынік стаў магчымы дзякуючы сістэмнай рабоце ўсіх структур, якія задзейнічаны ў сферы спорту, — адзначыла Ірына Анатольеўна. — Добрая матэрыяльна-тэхнічная база, моцныя трэнеры, работа з кадрамі на месцах — за кошт гэтага растуць поспехі школьнікаў і студэнтаў. Сёння мы сабраліся тут, каб ушанаваць нашых пераможцаў і падзякаваць ім за тое, што яны вызначыліся са сваімі прыярытэтамі. У іх ёсць выразныя мэты, да якіх яны імкнуцца. Вельмі важна, каб побач былі прафесіяналы, якія падтрыма­юць і падкажуць, дадуць штуршок першыя часы. Так адкрываецца дарога да вялікіх дасягненняў, такіх як перамогі на чэмпіянатах свету і Алімпійскіх гульнях. Магчыма, не ўсе дасягнуць такога высокага ўзроўню, таму трэба памятаць і аб масавым спорце.

Пасля ўзнагароджання юных атлетаў чакаў яшчэ адзін прыемны сюрпрыз — адкрыты дыялог з запрошанымі чэмпіёнамі. “Смялей, моладзь, — падбадзёрваў Сяргей ­
Барысавіч. — Тут галоўнае — пачаць”. І праўда, варта было камусьці адважыцца на першае пытанне, як аўдыторыя адразу ажывілася. Школьнікаў і студэнтаў цікавіла, у чым сакрэт перамогі, за кошт чаго можна пераадолець псіхалагічную “яму” і як не разгубіцца перад важным выступленнем.

— Зняць мандраж проста, — расказаў Іван Рыгоравіч. — Заўсёды ўспамінайце што-небудзь прыемнае. У жыцці абавязкова ёсць такія моманты, калі вы ў коле родных ці сяброў адчуваеце сябе спакойна. Паспрабуйце адцягнуцца ад думак аб адказнасці. Можна выйсці на прабежку або заняць сябе адукацыйнай дзейнасцю. Гэта дасць магчымасць не нервавацца і добра выступіць. Трэніраваліся старанна? Тады цяпер засталося толькі паказаць, на што вы здольныя!

А дзе знайсці матывацыю ўставаць да 8.00 на трэніроўку? У двухразовага прызёра Алімпійскіх гульняў па кіданні молата адказ такі:

 — Калі ты, нягледзячы на гэта, прачынаешся і ідзеш, то ты пераадолеў сябе. Перамагчы ляноту, стаць дысцыплінаваным — вось шлях да медалёў і перамог.

Дзмітрый АРХІПЕНКА.
Фота аўтара.