На роўных правах

- 9:43Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі старшыня Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні гэтага саюзнага органа падпісаў дэкрэт ВДС “Аб Асноўных напрамках рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021—2023 гады”.

Мерапрыемства праводзілася ў рэ­жыме відэаканферэнцыі. Падпісаны дакумент быў папярэдне завізіраваны Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

Адкрываючы пасяджэнне, Аляксандр Лукашэнка падкрэ­сліў, што Саюзная дзяржава для Беларусі — прыярытэт з прыярытэтаў:

— Разам мы стварылі ўнікальную інтэграцыйную ма­дэль, дзякуючы якой забяспечваюцца роўныя правы беларусаў і расіян, паглыбляецца эканамічнае ўзаемадзеянне. Мы актыўна супрацоўнічаем па розных напрамках і нацэлены на далейшае пашырэнне саюзнай інтэграцыі, абараняем адзіныя для нашых братэрскіх народаў гістарычныя і маральныя каштоўнасці.

Нагадаем, у развіццё Асноўных напрамкаў рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021—2023 гады распрацаваны пакет з 28 саюзных праграм, якія стануць практычнай асновай для паглыблення інтэграцыі. Паводле ацэнак беларускага боку, толькі прамы эфект ад рэалізацыі інтэграцыйнага пакета для Беларусі прагназуецца ў росце ВУП прыкладна на $1 млрд, не ўлічваючы дадатковых магчымасцей для беларускага бізнесу на расійскім рынку.

На пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы Прэзідэнт Беларусі заявіў:
— Па сутнасці, мы пачынаем перазагрузку сумеснай эканамічнай прасторы. Яна прадугледжвае ўкараненне сучасных тэхналогій, стыляў, метадаў прыняцця рашэнняў.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, вынікам гэтай работы павінны стаць фарміраванне якасна новага асяроддзя абароту тавараў і паслуг, стварэнне аб’яднаных галіновых рынкаў, рэалізацыя адзінай фінансавай, падатковай, крэдытнай, прамысловай палітыкі і інш.

Беларускі лідар упэўнены, што ўсе прынятыя на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета дакументы чарговы раз пацвярджаюць наяўнасць значнага патэнцыялу для далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы:
— Наперадзе нас чакае вялікая работа, але я ўпэўнены: усё намечанае будзе рэалізавана ў поўным аб’ёме на карысць нашых краін і народаў, што адпавядае мэтам і прынцыпам саюзнага будаўніцтва.


Па матэрыялах БелТА
падрыхтавала Кацярына РУМЯНЦАВА.