Васьмікласнік Данііл Крывіч з сярэдняй школы № 2 Маларыты амаль 4 гады сур’ёзна займаецца боксам у гарадской прыватнай школе бокса ў трэнера Паўла Дзечука. На рахунку хлопца ўжо больш за 20 баёў, праведзеных на розных спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню. Практычна ўсе з іх юнак выйграў.
З апошніх значных дасягненняў Данііла — 1-е месца ў турніры па боксе сярод дзяцей і моладзі “Здаровая моладзь — здаровая нацыя”, перамога ў Адкрытым міжнародным юнацкім турніры па боксе, прысвечаным памяці палкаводца Аляксандра Суворава, і ў Міждзяржаўным турніры па боксе сярод юнакоў і моладзі. Па выніках апошняга спаборніцтва юнак атрымаў перамогу датэрмінова і быў прызнаны лепшым баксёрам турніру.
Бадай, самым важным для Данііла з’яўляецца дыплом І ступені, атрыманы ў сёлетняй Рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў па боксе ў вагавай катэгорыі 52 кг. Па выніках гэтага спаборніцтва юны маларытчанін выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту па боксе і быў уключаны ў склад зборнай Беларусі для ўдзелу ў чэмпіянаце Еўропы сярод школьнікаў, які пройдзе ў Румыніі ў другой палове ліпеня.
Падчас Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў Данііл выйграў баі ў сапернікаў з Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей. У фінале сустрэўся з баксёрам з Гродзенскай вобласці і выйграў у яго аднагалосным рашэннем суддзяў.
— Гэта быў моцны сапернік, — гаворыць трэнер Павел Дзячук. — Ён з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту па боксе, пераможцам аналагічнай мінулагодняй спартакіяды, удзельнічаў у мінулагоднім чэмпіянаце Еўропы па боксе, але Данііл змог зрабіць тое, да чаго ішоў амаль 4 гады.
— Цяпер жыву чэмпіянатам Еўропы, — расказвае Данііл. — Працягваю трэніроўкі, адпрацоўваю ўдары і прыёмы, каб паказаць добры вынік. Бокс — сур’ёзная штодзённая работа, падчас якой неабходна адначасова думаць, аналізаваць і пралічваць кожны свой крок. Бокс дазваляе рэалізаваць сябе.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.