“На шляху да дасканаласці”

- 10:20Навіны рэгіёнаў

Пад такой назвай у Гродне адкрылася выстава студэнцкіх работ, прысвечаная 30-годдзю кафедры выяўленчага мастацтва Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

На выставу, якая размясцілася ў выставачнай зале Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры, прыйшлі не толькі аўтары работ, але і іх педагогі, бацькі і сябры. Урачыстае адкрыццё стала сапраўдным святам мастацтва. У экспазіцыі прадстаўлены работы, створаныя студэнтамі ў розныя гады навучання ў ГрДУ імя Янкі Купалы. Адны аўтары яшчэ вучацца ў Купалаўскім універсітэце, іншыя ўжо сталі вядомымі мастакамі, дызайнерамі.

— З 2 верасня 1991 года — дня заснавання кафедры — прайшоў, здаецца, невялікі адрэзак часу, за які выкладчыкамі і студэнтамі зроблена вельмі шмат, — падкрэсліў, адкрываючы вернісаж, загадчык кафедры выяўленчага мастацтва факультэта мастацтваў і дызайну ГрДУ імя Янкі Купалы Анатолій Бурчык. — Выстава “На шляху да дасканаласці” — гэта творчая справаздача і выкладчыкаў, і студэнтаў, і магістрантаў — усіх, хто прымаў удзел у яе арганізацыі. З прычыны таго, што ў выставачнай зале нельга размясціць вялікую колькасць творчых работ студэнтаў, мы пастараліся сабраць самыя лепшыя. Тут прадстаўлены курсавыя, вучэбныя, дыпломныя работы ў розных відах і жанрах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Мы бачым у нашых таленавітых студэнтах вялікі творчы патэнцыял і, калі ёсць магчымасць раскрыць яго, заўсёды ідзём насустрач.

У віншавальным лісце рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы Ірыны Кітурка да калектыву кафедры гаворыцца: “Кафедра прайшла плённы шлях станаўлення і развіцця, пошуку аптымальных форм работы, інавацыйных падыходаў да навучання, умацавання навуковай і матэрыяльнай базы, што робіць старонкі яе летапісу яркімі і запамінальнымі. Дзякуючы энтузіязму, нястомнаму творчаму пошуку, стваральнай энергіі, высокаму прафесіяналізму таленавітага калектыву, кафедра выяўленчага мастацтва заваявала рэпутацыю аўтарытэтнай у падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў”.

— Кафедра значная ва ўніверсітэце, са сваімі традыцыямі, — падкрэсліў падчас адкрыцця выставы першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі. — На выставе прадстаўлена толькі частка работ, шмат іх выстаўлена ва ўніверсітэце і ўпрыгожвае нашу навучальную ўстанову. Кафедра не стаіць на месцы, пастаянна развіваецца, ёй пройдзены добры шлях. Ёсць куды імкнуцца далей, упэўнены, будуць яшчэ лепшыя вынікі, усе перадумовы для гэтага ёсць. 

Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы ў 2005—2013 гадах Яўген Роўба падкрэсліў, што кафедра вельмі гарманічна ўпісваецца ў структуру ўніверсітэта, які прызваны быць цэнтрам навукі, а для кафедры выяўленчага мастацтва сінонім гэтага слова — творчасць. Каму, як не яе выкладчыкам і студэнтам, несці культуру ў маладзёжныя масы. А што гэта так, пацвярджаюць значныя праекты, рэалізаваныя ў сценах універсітэта. Сярод іх, напрыклад, галерэя UNIVERSUM, дзе праходзяць шматлікія выставы як выкладчыкаў, так і студэнтаў.

Кафедра выяўленчага мастацтва ГрДУ імя Янкі Купалы ажыццяўляе падрыхтоўку па спецыяльнасцях “Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка” на першай ступені вышэйшай адукацыі, а таксама “Тэорыя і методыка навучання і выхавання (па галінах і ўзроўнях адукацыі)” на другой ступені вышэйшай адукацыі. Студэнты не толькі асвойваюць навыкі мастацкага праектавання і камп’ютарнага дызайну, але і атрымліваюць фундаментальную падрыхтоўку па жывапісе, графіцы, скульптуры, кампазіцыі, гісторыі мастацтваў і іншых мастацкіх дысцыплінах. 

Выкладчыкі заўсёды ў пошуку таленавітай і адоранай моладзі. Пры кафедры працуе студыя выяўленчага мастацтва, адкрыты філіялы ў гімназіі № 5 і сярэдняй школе № 16 Гродна. Выкладчыкі Купалаўскага ўніверсітэта дапамагаюць школьнікам у выбары спецыяльнасці, а таксама ў падрыхтоўцы да ўступных выпрабаванняў, праводзяць для іх заняткі, арганізоўваюць канферэнцыі, выставы і пленэры. 

Кафедра супрацоўнічае з факультэтамі розных УВА краіны, якія рыхтуюць спецыялістаў у галіне дызайну і выяўленчага мастацтва, мае партнёраў у Польшчы і Літве.

Наведвальнікі выставы пажадалі студэнтам новых цікавых ідэй і плённых праектаў, творчых поспехаў, дасягнення новых прафесійных вяршынь.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.