На шляху да форуму “Музеі Беларусі”

26—28 верасня ў Гомелі пройдзе ІІ Нацыянальны форум “Музеі Беларусі”. З гэтай нагоды 23 верасня ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь была арганізавана прэс-канферэнцыя, падчас якой намеснік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік паведаміў, што ў форуме прымуць удзел 99 арганізацый, у тым ліку 6 музеяў устаноў адукацыі.

Агульная тэма ІІ Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі” сфармулявана як “Музей і грамадства: ад камунікацыі да ўзаемадзеяння”. У рамках дзелавой праграмы мерапрыемства пройдуць адпаведная тэме навукова-практычная канферэнцыя, круглы стол “Музей як сучасная грамадская інстытуцыя”, спецыялізаваныя сесіі “Сучасныя платформы ўзаемадзеяння музея і грамадства: сэрвіс, педагогіка, культура ўдзелу, медытацыя”, “Вайна і мір у музейных экспазіцыях. Вопыт музеяў Германіі”, “Дыдактычныя выстаўкі: вучымся ў гісторыі, мадэлюем будучыню”, “Музей і наведвальнік: сучасныя мадэлі ўзаемадзеяння”. У Гомелі чакаюць уплывовых у музейным жыцці гасцей з Расіі, Германіі, Украіны, Літвы, Славакіі і іншых краін.
Галоўную інтрыгу сёлетняму форуму, як і два гады назад, створыць конкурс “Музеі Беларусі — трэцяму тысячагоддзю”, па выніках якога вызначацца музей — уладальнік гран-пры” (прысуджаецца аднаму ўдзельніку, які прадставіў лепшую экспазіцыю на форуме, лепшыя матэрыялы ў адной або некалькіх намінацыях) і пераможцы ў тэматычных намінацыях: “Лепшае навуковае праектаванне экспазіцыі”, “Лепшае мастацкае праектаванне экспазіцыі”, “Лепшая арганізацыя міжнароднай выстаўкі”, “Лепшая арганізацыя выстаўкі з уласных фондаў”, “Лепшы музей па арганізацыі культурна-адукацыйнай дзейнасці” і “Лепшае музейнае выданне”. Васіль Чэрнік на прэс-канферэнцыі падкрэсліў, што форум “Музеі Беларусі” праводзіцца ў мэтах вывучэння і распаўсюджвання музейнага досведу, у прыватнасці новых методык у музейнай дзейнасці, якія садзейнічаюць захаванню і папулярызацыі нацыянальных культурных каштоўнасцей.
Акрамя таго, арганізатары прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным гістарычным музеі падрыхтавалі для прадстаўнікоў СМІ два адмысловыя сюрпрызы. Так, “бацька” айчыннай мастацкай галаграфіі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі, старшыня Савета дырэктараў і галоўны дарадца закрытага акцыянернага таварыства “Галаграфічная індустрыя”, акадэмік Міжнароднай інжынернай акадэміі Леанід Танін прэзентаваў галаграфічную выяву слуцкага пояса 1776—1780 гадоў са збораў НГМ — сумесны праект музея, ТАА “Магія святла” і СЗАТ “Саюз дома нашага”. Леанід Віктаравіч нагадаў, што ў 2011 годзе ў Нацыянальнай акадэміі навук была арганізавана першая ў Беларусі сусветная выстаўка галаграм, у якой узялі ўдзел больш за 20 краін свету, а беларуская экспазіцыя была прызнана адной з лепшых. Ён таксама паведаміў, што сёння разам з расійскімі, украінскімі, грэчаскімі і малдаўскімі калегамі ажыццяўляе міжнародны праект “Захаваем скарбы праваслаўя пры дапамозе галаграфіі”. “Неўзабаве мы прадставім гледачам унікальную галаграфічную калекцыю музейных экспанатаў і праваслаўных святынь”, — паабяцаў аўтар праекта.
Таксама ў рамках прэс-канферэнцыі быў прэзентаваны спецыяльны праект тэлеканала “Беларусь 3” — цыкл дакументальных фільмаў “Музеі Беларусі”. Супрацоўнікі канала ўжо адзнялі 8 серый — пра Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гісторыка-культурны музей “Нясвіж”, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь, Музей кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Музей народнай архітэктуры і побыту, мастацкую галерэю Міхаіла Савіцкага і гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”. Увесь цыкл складуць 14 серый, кожная з якіх будзе ўяўляць своеасаблівую тэлеэкскурсію, закліканую пераканаць у першую чаргу саміх беларусаў у тым, што ім ёсць чым ганарыцца і што ўшаноўваць. “Мы сучасная і самадастатковая краіна. І мы павінны разумець, што мы нічым не горшыя за тую ж Францыю, Расію ці Польшчу, якія ганарацца тым, што захавалі сваю культурную спадчыну”, — пракаменціраваў сутнасць і прызначэнне фільмаў “Музеі Беларусі” галоўны рэдактар тэлеканала “Беларусь 3” Віктар Маючы.

Мікола ЧЭМЕР.