На шляху да новых здзяйсненняў

- 10:33"Настаўніцкай газеце" — 75

Юрый Прасмыцкі, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама

З галоўным педагагічным выданнем краіны знаёмы з часоў настаўніцтва. Нягледзячы на змену службовага статусу, па-ранейшаму лічу яе важным памочнікам у прафесійнай дзейнасці.

За 8 гадоў рэалізацыі сумеснага праекта “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій” на старонках “Настаўніцкай газеты” істотна павялічылася коль­касць матэрыялаў, прысвечаных сістэме адукацыі Брэст­чыны. Сёлета ў профільным выданні апублікавана больш за 400 інфармацыйных нататак і артыкулаў з вопыту работы педагогаў, многія з якіх з’яўляюцца актыўнымі пазаштатнымі аўтарамі. Адукацыйная галіна Брэстчыны годна прадстаўлена на старонках “Настаўніцкай газеты”, у тым ліку дзякуючы дзейнасці карэспандэнцкага пункта ў Брэсцкай вобласці, які працуе з 2005 года. І гэта не толькі радуе, але і многага абавязвае.

Выдатнай формай узаемадзеяння галіновага выдання з чытачамі па наладжванні зваротнай сувязі, пашырэнні кантактаў і знаёмстве з будучымі пазаштатнікамі сталі прэс-туры супрацоўнікаў рэдакцыі па ўстановах адукацыі Брэстчыны. За 3 гады журналісты пабывалі ў Брэсце і Баранавічах, на Камянеччыне, Кобрыншчыне, Століншчыне, Піншчыне, Лунінеччыне, Драгічыншыне і Івацэвіччыне, дзе азнаёміліся з дзейнасцю ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійнай і дадатковай адукацыі. Сустрэчы з педкалектывамі падарылі шмат новых цікавых тэм для публікацый.

У асобе “Настаўніцкай газеты” бачу надзейнага сябра і дарадчыка, а журналісты, упэўнены, бачаць у педагогах Брэстчыны не толькі ўважлівых і ўдзячных чытачоў, але і актыўных аўтараў. Адводжу галіноваму выданню выключную ролю ў прапагандзе дасягненняў рэгіянальнай сістэмы адукацыі на ўзроўні краіны.

75 гадоў у жыцці чалавека — гэта час мудрай сталасці, а ў жыцці газеты — чарговы крок да новых здзяйсненняў. І далей чуйна трымайце руку на пульсе неспакойнага часу, заставайцеся заўсёды сучаснымі, цікавымі і актуальнымі, надзейнымі партнёрамі ў вырашэнні агульных задач у галіне адукацыі.

— Калі і як вы пазнаёміліся з “Настаўніцкай газетай”?

Ніна Дрык, намеснік загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета Маскоўскага раёна Брэста:

— Упершыню пазнаёмілася з газетай у 1991 годзе, калі прыйшла ў школьную бібліятэку, каб даведацца, чым жывуць педагогі краіны, што цікавага адбываецца ў адукацыйнай галіне, які вопыт можна пераняць. Су­працоўнічаць з “Настаўніцкай” пачала ў 2004 годзе і працягваю сёння. Лічу, што працаваць у сістэме адукацыі і не чытаць прафесійнае выданне недапушчальна.

Мікалай Навумчык, настаўнік беларускай мовы і літаратуры кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі:

— Пазнаёміўся з газетай у 1993 го­дзе і з таго часу з ёй не разлучаюся. Прафесар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Галіна Малажай, у якой пісаў курсавую работу, параіла выкарыстаць у ёй артыкул, змешчаны на старонках “Настаўніцкай газеты”. Патрэбны нумар знайшоў у абласной бібліятэцы. Газета адразу зацікавіла.

Аксана Рылка, галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама:

— Пазнаёмілася з “Настаўніцкай” у пачатку майго прафесійнага станаўлення ў 2010 годзе, калі прыйшла працаваць у Раздзялавіцкую сярэднюю школу. Дзякуючы выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, я валодала вялікім багажом ведаў па тэорыі і методыцы выкладання, але на практыцы гэтага аказалася недастаткова. На дапамогу прыйшлі больш вопытныя калегі і “Настаўніцкая газета”.

— Якую ролю адыгрывае “Настаўніцкая газета” ў вашай прафесійнай дзейнасці і якое месца вы адво­дзіце ёй у сістэме адукацыі краіны ў цэлым і вашага рэгіёна ў прыватнасці?

Н.С.Дрык:

— Уважліва праглядаю кожны нумар газеты. У першую чаргу цікавяць метадычныя знаходкі педагогаў, адметныя падзеі і прафесійныя конкурсы ў іншых рэгіёнах. Гэта дапамагае раўняцца на лепшых.

Рознатэматычныя і разнажанравыя матэрыялы часта становяцца крыніцай цікавых творчых ідэй для педагогаў Маскоўскага раёна Брэста. “Настаўніцкая газета” — гэта летапіс айчыннай сістэмы адукацыі, які прапагандуе сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, інфармуе аб рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне адукацыі, дапамагае ў пошуку актуальнай інфармацыі.

М.І.Навумчык:

— “Настаўніцкая газета” — аўтарытэтнае, запатрабаванае і карыснае перыядычнае выданне для любога педагога з любым стажам работы і любой кваліфікацыйнай катэгорыі. “Настаўніцкая” — гэта заўсёды актуальная і надзённая інфармацыя. Гэта адно з нешматлікіх перыядычных выданняў, якое ведае пра адукацыю ў краіне ўсё, расказвае пра яе бягучы стан і перспектывы развіцця, дазваляе быць дасведчаным у адукацыйнай палітыцы. Чытаць “Настаўніцкую” — гэта ўсё роўна, што трымаць руку на пульсе часу. Тыраж газеты сведчыць пра тое, што чытач ёй давярае.

А.В.Рылка:

— Чытаючы газетныя матэрыялы, знаёмлюся з навінамі ў сферы адукацыі, па-добраму зайздрошчу прафесійным дасягненням калег, што выдатна матывуе да далейшай самаадукацыі і самаразвіцця, адкрываю новыя праекты, знаходжу творчыя ідэі, якія ўплываюць на прафесійную дзейнасць. Лічу, што газета валодае добрым інфармацыйным патэнцыялам для тых, хто імкнецца рухацца наперад і самаўдасканальвацца.

— Якім газетным публікацыям і рубрыкам аддаяце перавагу?

Н.С.Дрык:

— Аддаю перавагу рэгіянальным матэрыялам з тэматычнай паласы “Адукацыйная прастора: Брэстчына”. Вельмі падабаецца рубрыка “Адукацыя ў асобах”, якую лічу своеасаблівай рэспубліканскай дошкай гонару лепшых педагогаў. Даволі цікавыя і пазнавальныя матэрыялы друкуюцца на старонцы “Дамашняя энцыклапедыя”. Не пакідаю без увагі вопыт вучэбна-метадычных кабінетаў краіны, а таксама рубрыку “Суботняя планёрка”, якая знаёміць з кіраўнікамі рэгіянальных аддзелаў па адукацыі і дзейнасцю падведамасных ім устаноў. Шмат карыснага можна даведацца ў рубрыцы “Адказвае Міністэрства адукацыі”.

М.І.Навумчык:

— Апошнім часам газета стала больш аператыўнай. У вочы адразу кідаецца тэматычная разнастайнасць матэрыялаў. У “Настаўніцкай” зной­дзеш артыкулы на любы густ.

Перавагу аддаю матэрыялам, змешчаным пад рубрыкамі “Адукацыя ў асобах”, “Адказвае Міністэрства адукацыі”, “Адукацыя: дакументы і каментарыі”. Увагу прыцягвае тэматычная старонка “Адукацыйная прастора”, праз якую наладжана зваротная сувязь з чытачамі з рэгіёнаў. Матэрыялы рубрык “Клуб “Крыштальны журавель” і “Педагагічны вопыт” — своеасаблівая энцыклапедыя перадавой метадычнай думкі краіны.

А.В.Рылка:

— Аддаю перавагу матэрыялам, прысвечаным арганізацыі выхаваўчай работы і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. З цікавасцю знаёмлюся з практычнымі напрацоўкамі ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў, аналітычнымі матэрыяламі па выніках цэнтралізаванага тэсціравання.

— Чаго, на вашу думку, не хапае “Настаўніцкай”?

Н.С.Дрык:

— Думаю, што газеце варта ўдзяляць больш увагі недахопам, якія су­стракаюцца ў дзейнасці сістэмы адукацыі. Не трэба баяцца крытыкаваць негатыўныя з’явы, паколькі здаровая крытыка не дазваляе самазаспакойвацца, а прымушае пастаянна развівацца і рухацца наперад.

“Настаўніцкая” не павінна браць на сябе функцыю метадычных часопісаў. Распрацоўкі ўрокаў можна даваць раз на квартал у спецыяльным дадатку. Хацелася б бачыць на газетных старонках больш гумару са школьнага жыцця. Рэдакцыйныя прэс-туры па рэгіёнах павінны стаць традыцыйнымі.

М.І.Навумчык:

— На адукацыйным партале
ng-press.by можна было б адкрыць рубрыку “Школьнае метадычнае фарміраванне педагогаў”. З улікам часу ўжо немэтазгодна друкаваць праграму тэлеперадач.

А.В.Рылка:

— На маю думку, “Настаўніцкая” дастаткова поўна асвятляе самыя розныя напрамкі адукацыйнага жыцця. Варта не спыняцца на дасягнутым і пастаянна ўдасканальвацца.

— Вашы пажаданні калектыву рэдакцыі з нагоды 75-гадовага юбілею газеты.

Н.С.Дрык:

— Шчыра ўдзячна супрацоўнікам “Настаўніцкай” за прафесійную працу. Няхай і надалей газета адыгрывае важную ролю ў развіцці і ўдасканаленні адукацыйнай галіны, прапаган­дзе лепшага вопыту педагогаў краіны. Умацоўвайце ідэалагічныя каштоўнасці беларускага грамадства, распаўсю­джвайце духоўныя каштоўнасці, бу­дзь­це аўтарытэтнымі дарадчыкамі для педагогаў па пытаннях адукацыі і выхавання. Невычэр­пнай энергіі і энтузіязму, новых задум і творчых знаходак!

М.І.Навумчык:

— У “Настаўніцкай газеты” пазнавальны твар, цвёрды почырк і характар. З нагоды юбілею жадаю супрацоўнікам крэатыўных ідэй і праектаў, актуальных і цікавых матэрыялаў, творчых узлётаў, даверу чытачоў і новых падпісчыкаў. Заставайцеся і надалей крыніцай актуальнай інфармацыі, цікавымі, мудрымі і добразычлівымі суразмоўцамі і дарадчыкамі! Няхай вам заўсёды свеціць пуцяводная зорка, якая дапаможа не збіцца са шляху, па якім крочыць газета ўжо 75 гадоў!

А.В.Рылка:

— Новых творчых праектаў, удзячных чытачоў, цікавых аўтараў і асалоды ад працы!

Запісаў
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.