На шляху да поспеху

- 10:56Спартыўныя падзеі

Юныя футбалісты з Віцебскай вобласці змагаюцца за перамогу на Міжнародным спартыўным турніры, які адкрыўся сёння ў Пскове.

Тры пуцёўкі ў Пскоў былі разыграны на абласных спаборніцтвах па міні-футболе “На шляху да поспеху” сярод дзяцей і падлеткаў, у дачыненні да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Ініцыятыву ўпраўлення ўнутраных спраў аб правядзенні гэтых спаборніцтваў падтрымалі галоўнае ўпраўленне па адукацыі і ўпраўленне спорту і турызму Віцебскага абл­выканкама, а таксама абласны вучэбна-метадычны цэнтр фізічнага выхавання насельніцтва. Пераможцы занальных (Віцебск, Полацк, Орша) этапаў сустрэліся ў фінале, які адбыўся на базе факультэта фізічнай культуры і спорту ВДУ імя П.М.Машэрава.

— Правядзенне гэтага мерапрыемства з’яўляецца добрым прыкладам развіцця нашых спартыўных традыцый і разам з тым новай эфектыўнай формай работы з дзецьмі, якія знаходзяцца на розных формах прафілактычнага ўліку, — адзначыла начальнік аддзела выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Вольга Дарожка. — У маладзёжным асяроддзі здаровы лад жыцця становіцца вядучым трэндам, сучасныя падлеткі любяць рухавыя гульні і вельмі цікавяцца футболам, у чым мы яшчэ раз пераканаліся. Турнір удала дапоўніў шэраг мера­прыемстваў, якія праводзяцца ў рэгіёне і садзейнічаюць фарміраванню духоўна-маральных якасцей нашай моладзі. Упэўнена, што ён стане традыцыйным.

У выніку напружаных баталій на пляцоўцы залатыя медалі дасталіся прадстаўнікам Сенненскага раёна, сярэбраныя — Віцебскага. Замкнулі тройку лідараў юныя футбалісты Дубровеншчыны. Паездка ў Пскоў дазволіць падлеткам не толькі павысіць узровень майстэрства, але і азнаёміцца з культурай і славутасцямі суседняй краіны.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.