На шляху да прафесійнага станаўлення

- 11:33Дашкольная адукацыя

У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў штогадовы рэспубліканскі семінар-практыкум “Развіццё інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах дашкольнай адукацыі”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел метадысты ІРА, раённых (гарадскіх) вучэбна-метадычных кабінетаў, якія курыруюць дашкольную адукацыю, члены секцыі дашкольнай адукацыі рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель” і кіраўнікі адукацыйных устаноў, на базе якіх рэалізоўваюцца інавацыйныя праекты. Установы адукацыі, якія завяршаюць сваю інавацыйную дзейнасць у бягучым навучальным годзе, прадстаўлялі на семінары метадычны прадукт, які ў іх атрымаўся ў выніку.

“Пад інавацыйнай дзейнасцю мы разумеем працэс укаранення ў практыку апрабаваных у ходзе эксперыментальнай дзейнасці вынікаў фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў у сферы адукацыі, — адзначыла метадыст упраўлення вучэбна-метадычнай работы АПА Таццяна Аляксандраўна Дзівакова. — Нагадаю, што ў 2016/2017 навучальным годзе рэалізоўваюцца 15 тэматычных інавацыйных праектаў у 123 установах дашкольнай адукацыі (у 2014/2015 годзе такіх устаноў было 46). Больш за ўсё інавацыйных пляцовак — у Гродзенскай вобласці (22)”.

Рэспубліканскі інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці выхавальніка дашкольнай адукацыі з дапамогай інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, які разлічаны на 2015—2019 гады, рэалізоўваецца на 14 інавацыйных пляцоўках. Яго прадставіла кансультант Валянціна Мікалаеўна Шашок — загадчык кафедры дашкольнай і пачатковай адукацыі АПА. Мэта праекта — азнаямленне выхавальнікаў з мадэллю ц’ютарскага суправаджэння пры фарміраванні іх прафесійнай кампетэнтнасці. Інавацыя рэалізоўваецца найбольш паспяхова пры ўмове ўзаемадзеяння ўстаноў дашкольнай адукацыі, вучэбна-метадычных кабінетаў і ўстаноў дадатковай адукацыі дарослых.

“Педагогам-наватарам прапаноўваецца складаць тэставыя заданні, выкананне якіх адлюструе іх лепшыя прафесійныя якасці пры выхаванні і развіцці дзяцей, прычым па самых розных кірунках, — расказала загадчык ясляў-сада № 72 Брэста Вольга Мікалаеўна Палхоўская. — У працэсе такой работы педагогі атрымліваюць навыкі выкарыстання ІКТ, засвойваюць алгарытм складання тэстаў і патрабаванні да размяшчэння тэставых заданняў у дыстанцыйным асяроддзі Moodle. Фактычна яны праводзяць унутраную экспертызу якасці складзеных заданняў і аналізуюць змест уласных прафесійных кампетэнцый”.

“Сёння патрабуецца такі педагог, які здольны забяспечваць на высокім узроўні працэс агульнага развіцця дзяцей, — паведаміла ўдзельніца праекта загадчык ясляў-сада № 134 Ірына Анатольеўна Баскакова. — Адзін са шляхоў прафесійнага станаўлення педагогаў, у тым ліку і каманды прафесіяналаў, — удзел у пошукавай і інавацыйнай дзейнасці. Са складу творчай групы педагогаў-наватараў мы вылучылі каардынатараў адпаведнай дзейнасці, крытыкаў і аналітыкаў. Інавацыйная каманда, якая ў выніку стварылася, садзейнічае згуртаванню калектыву і фарміраванню станоўчага мікраклімату ва ўстанове. На кожным нашым сумесным пасяджэнні мы з супрацоўнікамі вырашаем не толькі дзелавыя задачы, але і размаўляем на асабістыя тэмы, якія кожнага з нас хвалююць, дзелімся яркімі момантамі жыцця. Нашы спецыялісты распрацавалі тэставыя заданні, якія абмяркоўваліся ў калектыве, удзельнічалі разам са слухачамі АПА ў рабоце па тэме праекта, выступалі на педагагічных нарадах і метадычных мера-прыемствах.

Удзел у інавацыйнай дзейнасці на працягу апошніх двух гадоў дазволіў заняць нашай установе лідзіруючыя пазіцыі ў раёне па выкананні базавых паказчыкаў. Калектыў перамог у конкурсе “Вопыт і ініцыятыва — рэсурс адукацыі сталіцы” і стаў уладальнікам прэміі Мінгарвыканкама. А нядаўна ў нас была перамога ў гарадскім конкурсе на лепшую арганізацыю работы па ахове здароўя дзяцей, прывіцці ім навыкаў бяспечных паводзін і фарміраванні здаровага ладу жыцця”.

“Другі год у розных куточках нашай краіны ў 17 установах дашкольнай адукацыі рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі арганізацыі працэсу патрыятычнага выхавання ва ўстанове дашкольнай адукацыі”. Работа гэтая пачалася ў 2015 годзе і працягнецца да 2018-га, — расказала навуковы кансультант Людміла Мікалаеўна Варанецкая, дацэнт кафедры педагогікі БДПУ імя Максіма Танка. — Мэтай патрыятычнага выхавання з’яўляецца фарміраванне першапачатковых ведаў і ўяўленняў пра родны край, выхаванне паважлівых адносін да яго, а таксама пачуццяў грамадзянскасці і працавітасці, цікавасці да сучасных падзей, азнаямленне з культурнымі нацыянальнымі традыцыямі”.

Задачы патрыятычнага выхавання дзяцей вызначаны вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі, але кірункі іх выканання могуць быць рознымі. Першым крокам на гэтым шляху можа стаць вывучэнне гісторыі Беларусі, спасціжэнне ведаў аб сімвалах і славутасцях нашай краіны, дзяржаўных і народных святах, знакамітых людзях, азнаямленне з беларускімі народнымі промысламі, мастацтвам, народнай творчасцю. Па кожным з гэтых кірункаў вызначаюцца свае задачы, змест работы педагогаў, прагназуюцца магчымыя вынікі. Спецыялісты могуць акцэнтаваць увагу на развіцці аднаго спектра, напрыклад, музейнай дзейнасці, або вывучэнні народных традыцый ці рэалізацыі сацыяльных праектаў. Так, калектывы ДЦРД №№ 26 і 214 Мінска могуць падзяліцца вопытам работы інавацыйных пляцовак па развіцці музейнай педагогікі. У яслях-садзе № 19 Наваполацка ў адукацыйным працэсе выкарыстоўваюцца культурна-гістарычныя матэрыялы, ва ўстанове створаны этнічны пакой. У ДЦРД Ашмян ёсць напрацоўкі па ўзаемадзеянні дашкольнай установы, сям’і і соцыуму па патрыятычным выхаванні дзяцей. У яслях-садзе вёскі Кракаўка Ашмянскага раёна — багаты вопыт работы па выкарыстанні ІКТ у выхаванні дашкольнікаў.

Некалькі слоў аб вопыце работы інавацыйнай пляцоўкі па патрыятычным выхаванні на базе дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 214 Мінска, дзе актыўна выкарыстоўваюцца аўтарскія даследаванні педагога Наталлі Віктараўны Пралыгінай (дапаможнікі “Гульні з лялькай”, “Беларускамоўны дзень у старшай групе”, “Вянок гульняў”, “Гутаркі-размовы пра родную старонку” і іншыя). У цэнтры дзейнічае этнаграфічны міні-музей “Беларуская хатка”, ладзяцца пастаноўкі беларускага тэатра “Батлейка”, арганізоўваюцца конкурсы творчых работ: “Кніжка-малышка”, “Мой родны горад і я”, “Беларуская лялька”. З мэтай развіцця ў малышоў навыкаў беларускамоўнага маўлення, фарміравання ўяўленняў пра родны край педагогі ўстановы распрацавалі серыю дыдактычных гульняў “Дыдактычны гадзіннік”. Цікавыя метады і прыёмы работы апрабоўваюцца з выхаванцамі падчас экскурсій у музей сярэдняй школы № 92 Мінска. На належным узроўні і супрацоўніцтва з сем’ямі.

3 верасня 2015 года яслі-сад № 36 Віцебска і яшчэ 11 устаноў дашкольнай адукацыі з’яўляюцца ўдзельнікамі рэспубліканскага інавацыйнага праекта па ўкараненні мадэлі фарміравання інтэлектуальнай самастойнасці дашкольнікаў у гульнявой дзейнасці. Праект ажыццяўляецца пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры рускай мовы як замежнай Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірыны Мікалаеўны Кавінкінай.

“У рамках работы над інавацыяй творчая група педагогаў установы распрацавала аўтарскія дапаможнікі з выкарыстаннем палачак Кюізенера і блокаў Дзьенэша: “Упрыгож вопратку”, “Рассялі жыхароў”, “Лабірынт”, “Церамок”, “Сад-агарод”, — паведаміла загадчык ясляў-сада № 36 Віцебска Святлана Уладзіміраўна Папкова. — Вопыт работы педагогаў установы з гэтымі дапаможнікамі стаў зыходным пунктам пры перспектыўна-каляндарным планаванні дзейнасці ў сферы “Мастацтва. Канструяванне” для дзяцей першай малодшай групы і пры азнаямленні з галіной “Элементарныя матэматычныя ўяўленні” для дзяцей другой малодшай, сярэдняй і старшай груп. Падрабязней аб гэтым можна даведацца ў метадычным дапаможніку “Гульнявыя дапаможнікі ў фарміраванні матэматычных уяўленняў дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту”.

У красавіку 2016 года быў выдадзены дапаможнік “Планаванне адукацыйнага працэсу летам: старшая група”, аўтарам якога з’яўляецца намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 36 Віцебска С.В.Арлова. У кнігу ўключаны дыдактычныя гульні з выкарыстаннем палачак Кюізенера і блокаў Дзьенэша. У снежні 2016 года ў Віцебскім абласным ІРА надрукаваны методыка-практычны матэрыял аб вопыце работы ўстановы — дапаможнік “Каляровыя падліковыя палачкі Кюізенера” і “Лагічныя блокі Дзьенэша” пры арганізацыі рухавых гульняў з дзецьмі дашкольнага ўзросту”.

Чатыры ўстановы дашкольнай адукацыі аб’яднаў праект “Укараненне мадэлі талерантнага адукацыйнага асяроддзя пры арганізацыі інтэграванага навучання і выхавання ва ўстановах дашкольнай адукацыі” пад кіраўніцтвам Юліі Мікалаеўны Кісляковай, загадчыка кафедры прыватных методык факультэта павышэння кваліфікацыі спецыялістаў адукацыі ІПКіП БДПУ імя Максіма Танка. Тэрміны яго рэалізацыі — 2014—2017 гады. У ходзе работы па праекце педагогі-інаватары распрацоўваюць і апрабоўваюць канспекты спецыяльна арганізаванай дзейнасці па фарміраванні талерантнасці ў старэйшых дашкольнікаў, па арганізацыі ранішніх сустрэч дзяцей, па камунікатыўных гульнях і практыкаваннях пры працэсе фарміравання спосабаў сацыяльнага ўзаемадзеяння выхаванцаў. У спецыяльнай групе для дзяцей з парушэннем псiхiчнага развiцця (цяжкасцямi ў навучаннi) апрабоўваецца матэрыял па выхаванні іх самастойнасці і выпрацоўцы навыкаў працавітасці.

“Прыярытэтнай задачай для педагогаў-інаватараў нашай установы з’яўляецца арганізацыя безбар’ернага, адаптыўнага, развіццёвага, асобасна арыентаванага асяроддзя для ўсіх выхаванцаў. А таксама арганізацыя сумеснай творчай дзейнасці дзяцей, бацькоў і педагогаў, — паведаміла намеснік загадчыка ясляў-сада № 10 Пінска Алена Уладзіміраўна Красоўская. — Ва ўстанове функцыянуе 14 груп, 5 з іх — агульнага развіцця, 5 інтэграваных груп і 4 спецыяльныя. Выхавальнікі імкнуцца ствараць такія гульнявыя сітуацыі, каб малышы лепш пазнаёміліся з узорамі талерантных паводзін і трывала замацавалі іх у сваім жыцці. Асабліва ярка сяброўская атмасфера адчуваецца пры правядзенні дзіцячага цімбілдынгу — інтэрактыўных гульнявых праграм, падчас якіх у комплексе праводзяцца цікавыя, займальныя практыкаванні, гульні, заданні, справіцца з якімі ў адзіночку складана, а часам і немагчыма. Дзеці вучацца разумець адно аднаго і выконваць задачы ў камандзе.

У садзе дзейнічае сямейны клуб, функцыянуе педагагічная лабараторыя “Практыка, арыентаваная на поспех”. Праз арганізацыю майстар-класаў, прэзентацыю выхаваўчых напрацовак і сацыяльна-педагагічных трэнінгаў педагогі ўдасканальваюць прафесійнае майстэрства, вызначаюць найбольш эфектыўныя формы і метады работы з дзецьмі і іх сем’ямі”.

Наступны інавацыйны праект — “Укараненне мадэлі фарміравання міжасабовых узаемаадносін бацькоў з дзецьмі дашкольнага ўзросту ва ўмовах узаемадзеяння ўстаноў дашкольнай адукацыі і сям’і” разлічаны на 2015—2017 гады. Ён рэалізоўваецца пад кіраўніцтвам дэкана факультэта прафесійнага развіцця Гродзенскага абласнога ІРА Ларысы Міхайлаўны Таранцей у 13 дашкольных установах.

Адна з іх — яслі-сад № 1 Іўя. “Мы заўважылі, што сучасныя бацькі амаль не звяртаюць увагі на інфармацыйныя папкі-перасоўкі ў групах і на аб’явы, — падзялілася меркаваннямі намеснік загадчыка ўстановы Тэрэса Іосіфаўна Мазур. — У той жа час яны заўсёды знаходзяць час заглянуць на сайт установы ў пошуках новай інфармацыі або матэрыялаў вучэбнага, метадычнага і выхаваўчага характару, таму мы пачалі размяшчаць усе неабходныя для бацькоў звесткі на сайце. Там з’явіліся старонкі “Школа для бацькоў “Свет даверу”, “Вашы пытанні і каментарыі”, “Вы пытаецеся — мы адказваем”, “Выхаванне выхаваннем”, “Сакрэты сямейнага выхавання “Шчаслівыя разам”, “Бібліятэка. Цікава і важна”, “Відэаролікі”, “Дашкольная акадэмія”. Сайт установы дазваляе максімальна ажыццяўляць узаемадзеянне педагогаў з сям’ёй на аснове даверу і ўзаемнай карысці”.

“Калі дзеці бачаць, што іх бацькі ўдзельнічаюць у жыцці ўстановы дашкольнай адукацыі, яны акрыляюцца, пачынаюць больш давяраць бацькам, адчуваюць удзячнасць ім за клопат, — расказала намеснік загадчыка ДЦРД Мастоў Таццяна Яўгенаўна Фітлоўская. — У нашай установе інавацыйная мадэль рэалізоўваецца, у прыватнасці, праз правядзенне тыдняў сям’і. Кожны трэці тыдзень месяца пэўная сям’я прымае ўдзел у жыцці групы, уключаецца ў яе адукацыйны працэс, не парушаючы пры гэтым распарадак дня. Бацькі могуць, напрыклад, разам з дзецьмі аформіць сямейную газету, дзе раскажуць пра традыцыі сям’і, яе каштоўнасці і захапленні. У другі дзень раскажуць аб сваёй прафесіі (або гэта за іх зробяць дзеці, выкарыстоўваючы фатаграфіі і іншыя атрыбуты). Бацькам прадастаўляецца магчымасць правесці майстар-класы для малышоў па вырабе цюльпанаў з паперы, лялек-абярэгаў з нітак, папрацаваць разам у тэхніцы арыгамі і г.д. Іншы раз бацькі праводзяць этычныя гутаркі з выхаванцамі, расказваюць гісторыі з дзяцінства, чытаюць казкі і вершы, арганізоўваюць сумесныя развіццёвыя гульні, а таксама гуляюць з дзецьмі ў настольна-друкаваныя гульні, у шашкі і шахматы, даміно. Адзін з дзён можа ператварыцца ў дзень добрых спраў, калі таты і мамы аказваюць пасільную дапамогу ўстанове ў рамонце кніг і цацак, у вырабе кармушак для птушак, у падрыхтоўцы да свята”.

У яслях-садзе № 6 Шчучына, напрыклад, праводзяцца сямейныя КВЗ. Педагогі ўстановы лічаць, што людзі, якія могуць жартаваць і смяяцца над сваімі недахопамі, больш уважлівыя да рэкамендацый іншых людзей і больш настроены на супрацоўніцтва. Конкурсы, якія праводзяцца падчас гульні, не проста забаўляльныя, яны патрабуюць ад бацькоў ведання азоў педагогікі і вучэбнай праграмы.

***

Падчас семінара разглядаліся таксама інавацыйныя праекты: па ўкараненні мадэлі педагагічнага суправаджэння гульнявой дзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту, сумесныя праекты дашкольнага і першай ступені агульнага, сярэдняга ўзроўняў адукацыі (“Укараненне мадэлі фарміравання асобаснай і сацыяльнай ідэнтычнасці дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа”). Абмяркоўваўся і сумесны інавацыйны праект дашкольнага, спецыяльнага і першай ступені агульнага, сярэдняга ўзроўняў адукацыі “Укараненне мадэлі Рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы”.

Надзея ЦЕРАХАВА.