На шляху да прафесійнага станаўлення

- 11:43Навіны рэгіёнаў

Малады спецыяліст… Дзіўнае спалучэнне слоў! У ім і прага навізны, і сіла маладосці, і напорыстасць жаданняў, і пэўны багаж ведаў, і магчымасць творчасці, пошуку, здольнасць напоўніць свежым дыханнем традыцыйныя асновы жыцця. Якаснае рашэнне задач, якія стаяць перад сучаснай адукацыяй, шмат у чым залежыць ад тых, хто сёння прыходзіць працаваць у школу. За апошнія 4 гады ў Нясвіжскі раён прыбылі 207 маладых педагогаў, толькі ў 2018 годзе — 47. Адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме, кіраўнікоў устаноў адукацыі з’яўляецца клопат пра маладых педагогаў, іх падтрымка, стварэнне ўмоў для паўнавартаснай адаптацыі ў педагагічных калектывах.

У раёне выкарыстоўваецца сістэмны падыход да павышэння прафесійнай кампетэнтнасці маладых спецыялістаў, што дазваляе ім хутка адаптавацца да працы, пазбягаць моманту няўпэўненасці ва ўласных сілах, наладжваць паспяховую камунікацыю, раскрываць сваю індывідуальнасць і фарміраваць уласную прафесійную траекторыю. На працягу навучальнага года маладым педагогам аказваецца пастаянная тэарэтычная і практычная дапамога з боку кіраўніцтва, настаўнікаў, прафсаюзнага камітэта, вынікам чаго з’яўляецца хуткая адаптацыя новых працаўнікоў, рост іх прафесійнай кампетэнтнасці, вырашэнне сацыяльна-бытавых праблем і высокі ўзровень прыняцця імі настаўніцкай прафесіі.

Вучэбна-метадычны кабінет упраўлення па адукацыі, спорце і турызме ўдзяляе асаблівую ўвагу павышэнню прафесійнага ўзроўню маладых спецыялістаў. З мэтай стварэння ўмоў для фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці маладога спецыяліста, зацікаўленасці ў самаадукацыі і развіцці творчага патэнцыялу асобы педагога ў раёне функцыянуюць 8 школ прафесійнага станаўлення — гэта школы маладога спецыяліста, маладога настаўніка замежнай мовы, выхавальніка-пачаткоўца, маладога педагога-арганізатара, класнага кіраўніка, спецыяліста СППС, настаўніка хіміі і біялогіі, маладога настаўніка фізічнай культуры. На працягу года арганізоўваюцца і праводзяцца пасяджэнні гэтых школ, дзе разглядаюцца найбольш важныя моманты ў прафесійнай дзейнасці педагога, абмяркоўваюцца актуальныя пытанні выхавання сучаснага пакалення. Маладыя спецыялісты могуць падзяліцца вопытам са сваімі калегамі, ад якіх таксама атрымліваюць каштоўныя парады. Педагогі-пачаткоўцы прымаюць актыўны ўдзел у метадычнай рабоце ўстаноў адукацыі: рыхтуюць выступленні на пасяджэннях метадычных аб’яднанняў, прымаюць удзел у раённых мерапрыемствах, семінарах-практыкумах, майстар-класах, метадычных дыялогах і форумах, вэбінарах, павышаюць сваю кваліфікацыю.

Варта таксама адзначыць, што маладыя педагогі актыўна ўдзельнічаюць і ў творчых конкурсах. Гэта і педагагічны КВЗ, і турыстычныя злёты педагагічных работнікаў, і раённы чэмпіянат па інтэлектуальных гульнях “Інтэлект — формула поспеху”, і іншыя.

Раз у тры гады вучэбна-метадычны кабінет праводзіць конкурс прафесійнага майстэрства сярод маладых спецыялістаў першых трох гадоў работы “Педагагічны дэбют”. Педагогі ўключаюцца ў спаборніцтвы на званне самага крэатыўнага, творчага, знаходлівага маладога педагога Нясвіжчыны. Усе фіналісты конкурсу ўзнагароджваюцца ганаровымі граматамі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама, а пераможцы — грашовымі сертыфікатамі ад раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Вынікі работы маладых педагогаў традыцыйна падводзяцца ў канцы навучальнага года на пасяджэнні “Бенефіс маладога настаўніка”, якое праходзіць у форме творчай справаздачы. Разглядаюцца праблемныя пытанні адукацыі і выхавання на сучасным этапе развіцця грамадства, маладыя спецыялісты актыўна шукаюць рашэнні праблем арганізацыі адукацыйнага працэсу. Падчас мерапрыемства педагогі-пачаткоўцы выконваюць розныя інтэрактыўныя заданні, абмяркоўваюць відэаролікі, у якіх закранаюцца надзённыя праблемы адукацыі, дзеляцца вопытам работы з калегамі. “Бенефіс маладога настаўніка” — гэта цудоўная магчымасць для маладых педагогаў прадставіць сваю дзейнасць і паглядзець на сябе і сваіх калег з боку дасведчанага педагагічнага работніка.

Шырока практыкуецца правядзенне сумесных мерапрыемстваў для маладых настаўнікаў і ветэранаў педагагічнай працы. Так, у лістападзе 2017 года на базе Нясвіжскага раёна прайшло выязное пасяджэнне прэзідыума савета ветэранаў працы сістэмы адукацыі і галіновага прафсаюза і прэзідыума маладзёжнага савета пры Мінскім абласным камітэце Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з дасягненнямі маладых спецыялістаў, станам, праблемамі і перспектывамі развіцця сістэмы адукацыі Нясвіжчыны.

Штогод на жнівеньскай канферэнцыі мы ўшаноўваем не толькі маладых спецыялістаў, але і іх бацькоў. Бацькам педагогаў-пачаткоўцаў, якія ўжо ў першыя гады працы ў сістэме адукацыі змаглі зарэкамендаваць сябе, праявіць здольнасці, талент і прафесіяналізм, уручаюцца падзячныя лісты ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама. Таксама стала добрай традыцыяй ушаноўваць на жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі маладыя педагагічныя сем’і, што ўтварыліся на працягу навучальнага года. За тры апошнія гады з’явілася сем такіх сем’яў.

Сумесная праца педагогаў, метадыстаў і кіраўніцтва ўстаноў адукацыі дае станоўчыя вынікі. Маладыя настаўнікі паспяхова адаптуюцца да ўмоў працы і праяўляюць сябе як кампетэнтныя спецыялісты, годныя таго, каб працягваць сваю дзейнасць у Нясвіжскім раёне.

Марына БОГУШ,
метадыст ВМК упраўлення па адукацыі,
спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама.