На шляху да “разумнай школы”: “воблачныя” тэхналогіі, мабільнае навучанне, электронны дакументаабарот

- 11:51Суразмоўца
Пасля шырокага абмеркавання і разгляду на пасяджэнні савета па праблемах інфарматызацыі сістэмы адукацыі пры Міністэрстве адукацыі была прынята новая Канцэпцыя інфарматызацыі сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 года. Пра асноўныя напрамкі рэалізацыі гэтай канцэпцыі і перспектывы развіцця працэсаў інфарматызацыі ў адукацыйнай галіне наш карэспандэнт гутарыць з дырэктарам Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Мікалаем Ізмайлавічам ЛІСТАПАДАМ.

— Мікалай Ізмайлавіч, раскажыце, калі ласка, у сувязі з чым была распрацавана новая канцэпцыя па інфарматызацыі? Якія падыходы пакладзены ў яе аснову?
— Прычынай, якая падштурхнула нас да распрацоўкі новай канцэпцыі, сталі тыя змяненні, якія адбываюцца ў галіне інфарматызацыі адукацыі і інфарматызацыі ў цэлым. Прэзідэнт краіны ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу адным з нацыянальных прыярытэтаў назваў стварэнне інфармацыйнага грамадства. Адукацыя ж павінна ісці ў авангардзе гэтых працэсаў. Таму і з’явілася задумка новай канцэпцыі. У яе стварэнні ўдзельнічалі вучоныя і іншыя зацікаўленыя, якія разумеюць неабходнасць карэнных змяненняў у падыходах да інфарматызацыі адукацыі.
Апошнім часам вельмі многа гаворыцца пра тое, што інфарматызацыя адукацыі — гэта добра, карысна і патрэбна, але калі паглядзець на яе выніковасць з пункта гледжання павышэння якасці адукацыйнага працэсу, то ўбачым, што тут усё не так добра. Сапраўды, праведзена вялікая работа: складзены базы даных, укаранёны і выкарыстоўваюцца на практыцы новыя тэхналогіі, але сказаць, што гэта прывяло да такога прарыўнога павышэння якасці ведаў, мабыць, нельга. Мы не тое, што пачалі таптацца на месцы, а ўсё ж дзесьці працэсы інфарматызацыі замарудзіліся. Гэта і падштурхнула нас да распрацоўкі новых стратэгічных падыходаў.
У аснову канцэпцыі лягло і з’яўленне новых тэхналогій, тэхнічных сродкаў. Гаворка ідзе аб планшэтах, рыдарах, нэтбуках — аб тых прыладах, пра якія пяць гадоў назад яшчэ мала хто і чуў. Мабільная сувязь сёння таксама з’яўляецца крыніцай не толькі галасавой, але і мультымедыйнай інфармацыі. Ёсць рэальная магчымасць праз гэтыя прылады атрымліваць новую інфармацыю і новыя веды. З’явіліся таксама і новыя падыходы да ўзаемадзеяння ў межах арганізацыі перадачы і прыёму інфармацыі — так званыя “воблачныя” тэхналогіі, калі ўся інфармацыя (рэсурсы, тэхнічныя сродкі, сэрвісы і г.д.) змяшчаецца ў адным цэнтры, які і называецца “воблака”, а карыстальнік інфармацыі працуе з гэтым “воблакам” праз аддалены тэрмінал. Прычым гэтае ўзаемадзеянне павінна ажыццяўляцца з любых прылад: і з камп’ютараў, і з планшэтаў, і з рыдараў, і з мабільных тэлефонаў.
Што да рэсурснай базы, то яшчэ зусім нядаўна фінансаванне выдзялялася на закупку камп’ютараў, праекцыйнага абсталявання, на аснашчэнне іншымі тэхнічнымі сродкамі, і дзейнасць устаноў адукацыі якраз і ацэньвалася тым, колькі навучэнцаў прыпадае на адзін камп’ютар і колькі камп’ютарных класаў у школе, наколькі падрыхтаваны настаўнікі да выкарыстання ІКТ. Тут жа прапаноўваецца іншы падыход. Развітая тэхнічная інфраструктура — гэта неабходная ўмова работы. Варта ж звярнуць увагу менавіта на вынікі — ацэньваць працэсы інфарматызацыі па тым, як выкарыстоўваецца тэхніка, як прымяняюцца праграмныя сродкі і наколькі яны эфектыўныя. У аснову новай канцэпцыі пакладзены праектны падыход: калі ў школе ёсць канкрэтны праект па правядзенні інфарматызацыі ў вучэбным працэсе, сістэме кіравання, ёсць канцэпцыя, ёсць падыходы да таго, як гэта рабіць, пачынаючы ад пастаўкі тэхнікі і заканчваючы канчатковым вынікам у выглядзе павышэння якасці адукацыі, тады гэтай навучальнай установе можна выдзяляць грошы.
Яшчэ адзін момант — павінна быць пэўная гнуткасць у рэалізацыі праграм па інфарматызацыі адукацыі. Зараз мы прапаноўваем кожны год пераглядаць і карэкціраваць пералік праектаў у адпаведнасці з тэхнічнымі, тэхналагічнымі і іншымі ўмовамі, што пастаянна з’яўляюцца і мяняюцца.
У нас істотна змянілася сітуацыя з кадрамі: сёння практычна кожны педагог у той ці іншай ступені валодае інфармацыйнымі тэхналогіямі. І ў школе мы часта сутыкаемся з тым, што навучэнец, прыходзячы на ўрок інфарматыкі, ведае на першым этапе гэты прадмет лепш за настаўніка. Мы павінны ўзмацніць кадравую падрыхтоўку, зрабіць яе зусім іншай, каб выпускнікі педагагічных УВА дасканала валодалі інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі.
Нас зараз крыху крытыкуюць, што канцэпцыя не закранае ўсіх аспектаў інфарматызацыі, многія напрамкі апушчаны. Мы свядома гэта зрабілі. Канцэпцыя ў асноўным скіравана на інфарматызацыю агульнаадукацыйнай школы і ў ёй практычна не закранаюцца УВА. Мы лічым, што стартаваць неабходна менавіта з сярэдняй школы.
Галоўная ідэя створанай канцэпцыі — мабільнасць, прыцягненне ў адукацыйны працэс не толькі настаўнікаў, навучэнцаў, але і іх бацькоў, стварэнне такой інфармацыйна-адукацыйнай прасторы, у якой адначасова могуць працаваць з інфармацыйным рэсурсам усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу, прычым узаемадзейнічаць адно з адным. Такі комплексны падыход — гэта магчымасць выкарыстання ўсіх тэхнічных прылад, шырокае выкарыстанне электронных сродкаў навучання. Хутка прыйдзе той час, калі электронныя падручнікі будуць рэальна канкурыраваць з падручнікамі на папяровай аснове.

— Да пачатку распрацоўкі канцэпцыі, быў праведзены маштабны аналіз існуючых праблем у інфарматызацыі адукацыі. На ваш погляд, якія праблемы на сёння найбольш актуальныя і вырашэнне якіх патрабуе змянення існуючых падыходаў?
— Па-ранейшаму адной з праблем застаецца забеспячэнне ўстаноў адукацыі доступам у інтэрнэт па шырокапалосным канале. На сёння такім інтэрнэтам забяспечаны каля 80% устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. І тут мы сутыкаемся з тэхнічнымі праблемамі: не ў кожнай школе такі інтэрнэт магчыма правесці.
Другая праблема — гэта беларускі адукацыйны кантэнт. Ён з’яўляецца, але яго недастаткова. І калі возьмеце, напрыклад, якую-небудзь пошукавую сістэму і па ключавых словах паспрабуеце штосьці знайсці, то, хутчэй за ўсё, выйдзеце на расійскі сайт. Нам неабходна распрацаваць свой кантэнт і эфектыўна яго размясціць, праіндэксаваць такім чынам, каб ён быў бачны.
Распрацоўкай адукацыйнага кантэнта займаюцца спецыялісты Нацыянальнага інстытута адукацыі. Мы з імі ўзаемадзейнічаем па пытаннях узгодненасці фарматаў, абмену інфармацыяй, каб гэты кантэнт быў даступны з любых прылад. Вельмі важная праблема, якую неабходна будзе вырашаць — гэта аўтарскія правы. Адна справа, калі выдаецца падручнік і аўтар можа патрымаць яго ў руках, а зусім іншая — калі ён размяшчае свой прадукт у віртуальным свеце. На маю думку, у гэтым пытанні нам у меншай ступені трэба вынаходзіць веласіпед. Трэба проста вывучыць сусветны вопыт (гэтым мы таксама займаемся). Зразумела, што забараняльнымі мерамі гэтую праблему не вырашыш. Тут галоўны напрамак нашай дзейнасці — выхаванне культуры работы ў віртуальным свеце, тлумачальная работа, каб ні ў кога не было жадання выдаць чужое за сваё. Трэба сур’ёзна паглядзець на коштавую палітыку распрацоўшчыкаў, якія прадаюць праграмныя прадукты. Калі гэтыя праграмы будуць даступны па кошце, ні ў кога не з’явіцца жадання займацца пірацтвам. Чалавек проста купіць іх.
Яшчэ адна праблема — псіхалагічная непадрыхтаванасць нашых выкладчыкаў, і асабліва кіраўнікоў устаноў адукацыі, да выкарыстання новых інфармацыйных тэхналогій. У чым яна праяўляецца? Калі вы запытаеце любога кіраўніка, ці патрэбен электронны дакументаабарот, то ён адкажа станоўча. Але часта на словах усё і заканчваецца. А вопыт паказвае, што калі дырэктар школы сам працуе з інтэрнэтам, разумее, што такое электронны дакументаабарот і карыстаецца ім, то ва ўстанове адукацыі гэтыя працэсы будуць ісці. Калі кіраўнік адносіцца да гэтага чыста фармальна, то ўсё на гэтым і заканчваецца. Як правіла, у такіх установах з’яўляюцца асобныя настаўнікі, якія займаюцца гэтымі працэсамі, але такога сістэмнага падыходу не назіраецца.
Трэба разумець простую рэч, што прымяненне інфармацыйных тэхналогій прадугледжвае змяненне тэхналогій самога навучання. Калі ўзяць традыцыйныя падыходы, тэхналогіі навучання і накласці на іх інфармацыйныя тэхналогіі, нічога не змяняючы, то мы, па сутнасці, нічога новага не атрымаем. Гэта будзе проста дадатковая нагрузка на настаўніка. Трэба мяняць самі падыходы ў навучанні. Настаўнік павінен быць не проста настаўнікам, а трэнерам, цьютарам, які больш працуе з навучэнцам па яго індывідуальнай траекторыі. Неабходна мяняць бізнес-працэсы ў адукацыі. І тут вялікую ролю адыгрываюць вучоныя, НІА, АПА ў арганізацыі гэтых працэсаў.

— Мікалай Ізмайлавіч, ахарактарызуйце асноўныя напрамкі інфарматызацыі, па якіх сістэма адукацыі будзе рухацца да 2020 года.
— Па-першае, гэта фарміраванне адукацыйнай прасторы на базе “воблачных” тэхналогій. Гэтыя тэхналогіі заснаваны на цэнтралізаваным захоўванні і апрацоўцы інфармацыі ў цэнтры апрацоўкі даных, на гнуткіх механізмах кіравання рэсурсамі і вылучэнне іх аддаленым карыстальнікам. Зразумела, што неабходны высакахуткасныя каналы сувязі, тэхнічная інфраструктура. На першым этапе, думаю, не варта гаварыць аб адзіным рэспубліканским цэнтры. Будуць пераважаць лакальныя рашэнні. Выкарыстанне “воблачных” тэхналогій дазволіць істотна сэканоміць сродкі, бо развіваць адзін цэнтр — адно, а зусім іншае — сервер у кожнай школе. Да гэтага імкнецца ўвесь свет, і тут ёсць свае праблемы, якія трэба вырашаць.
Па-другое, развіццё тэхнічнай інфраструктуры. Гаворка ідзе аб аснашчэнні ўстаноў адукацыі рознымі сучаснымі тэхнічнымі сродкамі навучання: камп’ютарамі, планшэтамі. Тэхнічныя сродкі пастаянна мадэрнізуюцца, старэюць, таму неабходна планаваць сродкі на іх набыццё. Камп’ютарны клас у школе ў такім выглядзе, у якім ён быў раней, застанецца хіба што для выкладання курса інфарматыкі. Што да іншых дысцыплін, то тут трэба больш шырока выкарыстоўваць мабільныя класы. У школе павінна быць некалькі мабільных камп’ютарных класаў, якія можна было б устанавіць у прадметных кабінетах, каб настаўнік мог па сваім меркаванні выкарыстоўваць іх. Неабходна таксама даць магчымасць больш шырокага выкарыстання асабістых дамашніх камп’ютараў. Мяркую, што сёння не трэба патрабаваць усяго гэтага ад кожнай школы. Варта выбраць пэўныя пілотныя астраўкі: тыя ўстановы адукацыі, якія найбольш падрыхтаваны да выкарыстання інфармацыйных тэхналогій, і менавіта туды неабходна скіраваць намаганні, а потым паступова іх вопыт пашыраць.
Яшчэ адзін напрамак — інтэграцыя сродкаў інфарматызацыі ў адукацыйную дзейнасць: гаворка ідзе пра адпаведнае метадычнае, арганізацыйнае, кадравае забеспячэнне. Неабходна вырашыць задачу распрацоўкі методык эфектыўнага і абгрунтаванага выкарыстання ІКТ, што прывядзе да значных адукацыйных вынікаў.
У нас часта бывае, што ў школу паступае пэўны электронны сродак навучання і няма метадычнай падтрымкі да яго. У выніку настаўнікі не ведаюць, як з ім працаваць. Адсюль яшчэ адзін напрамак — развіццё кадравага патэнцыялу інфарматызацыі. Тут і падрыхтоўка, і перападрыхтоўка кадраў, і самае важнае — выпускнікі педагагічных УВА павінны ўмець працаваць з ІКТ. Дарэчы, на апошнім пасяджэнні рабочай групы па праблемах інфарматызацыі міністр адукацыі С.А.Маскевіч унёс прапанову, каб у педуніверсітэтах пры здачы дзяржаўнага экзамену па той ці іншай дысцыпліне адным з пытанняў было выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій па гэтым прадмеце.
Акрамя таго, ёсць прапанова некалькі скараціць час перападрыхтоўкі педагогаў, напрыклад, раз на тры гады. Выкарыстоўваць пры гэтым магчымасці АПА, ІРА, каб кожны педагог валодаў функцыянальнай камп’ютарнай граматнасцю. І калі мы кадравую праблему не вырашым, не пераадолеем гэты псіхалагічны бар’ер, то інфарматызацыя будзе ісці марудна.
Значны напрамак — інфарматызацыя сістэмы кіравання адукацыяй. Зараз вельмі многа гавораць пра тое, што школа загружана неўласцівай ёй работай, што педагогам даводзіцца запаўняць шмат розных папер (справаздач, дакументаў, анкет і г.д.). Думаецца, што з укараненнем сістэмы электроннага дакументаабароту колькасць гэтых папер істотна знізіцца. Мы зараз працуем над стварэннем цэнтралізаванага банка даных, каб кожны зацікаўлены змог атрымаць неабходную інфармацыю не дасылаючы ніякіх запытаў, проста ўвайшоўшы ў сістэму.

— Як плануецца ажыццяўляць асноўныя палажэнні канцэпцыі?
— Зараз падрыхтаваны план рэалізацыі канцэпцыі. Ён быў даведзены да ўсіх зацікаўленых, і мы папрасілі іх унесці свае прапановы, што і было зроблена. У найбліжэйшы час план будзе прадстаўлены на разгляд у Міністэрства адукацыі. Акрамя таго, у міністэрстве створана рабочая група, якую я ўзначальваю. Галоўная задача гэтай групы — скіраваць рэалізацыю мерапрыемстваў канцэпцыі па інфарматызацыі адукацыі на канкрэтныя адчувальныя вынікі. У склад рабочай групы ўваходзяць прадстаўнікі нашага цэнтра, БДУ, БДУІР, МГІРА, а таксама прадстаўнікі бізнесу. Прыкладна раз на месяц мы збіраемся і абмяркоўваем надзённыя пытанні, канкрэтныя праекты ў галіне інфарматызацыі. Адзін з праектаў — укараненне электроннага дзённіка. Мы зараз праводзім маніторынг магчымасці нашых школ удзелу ў канкрэтных праектах, якія дадуць канкрэтныя вынікі.

— Мікалай Ізмайлавіч, пры паспяховай рэалізацыі канцэпцыі, да якіх вынікаў прыйдзе сістэма адукацыі?
— Мы прыйдзем да “разумнай школы”, дзе інфармацыйныя тэхналогіі стануць рэальным інструментам адукацыйнага працэсу. Тут маецца на ўвазе і выкарыстанне электронных дзённіка і журнала, і пластыкавых картак для ідэнтыфікацыі асобы дзіцяці, для аплаты харчавання, для выдачы кніг у бібліятэках, для доступу ў інтэрнэт, і прымяненне ЭСН, магчымасцей канферэнц-сувязі. Гэта і шырокае прыцягненне бацькоўскай грамадскасці ў адукацыйны працэс, адзіная база даных, узаемадзеянне настаўнікаў-прадметнікаў па гарызанталі, распаўсюджанне ў электронным выглядзе перадавога педагагічнага вопыту і многае іншае. Усё гэта, мяркуецца, прывядзе да павышэння якасці адукацыйнага працэсу: той, хто сапраўды жадае вучыцца, атрымае максімум магчымасцей. Мы прагназуем, што ва УВА прыйдуць больш падрыхтаваныя навучэнцы і ўзровень адукацыі нашай краіны будзе высока пазіцыяніравацца на міжнароднай арэне.

— Вялікі дзякуй за гутарку.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.