На шляху да рэальных зносін

- 20:02Якасць адукацыі

Ва ўпраўленні вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі адбыўся семінар-практыкум для рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў замежных моў “Развіццё маўленчамысліцельнай дзейнасці вучняў сродкамі вучэбнага прадмета “Замежная мова”. Былі падрыхтаваны і праведзены чатыры майстар-класы.

Настаўніцы англійскай мовы Святлана Шабан (сярэдняя школа № 4 Івацэвіч) і Аксана Гумінская (гімназія № 1 Баранавіч) правялі майстар-клас “Удасканаленне маўленчамысліцельнай дзейнасці вучняў пры засваенні нацыя­нальнага кампанента вучэбнай праграмы на ўроках англійскай мовы”.

Маўленчамысліцельная дзейнасць — гэта ўключэнне даследчай дзейнасці навучэнцаў у мадэляванне дыялогу культур праз нацыянальны і рэгіянальны кампаненты. Фарміруецца гуманістычная пазіцыя асобы навучэнца, узбагачаецца вопыт эмацыянальна-пачуццёвых адносін, прызнаецца разнастайнасць культур, з’яўляецца імкненне да супрацоўніцтва з іншымі народамі. Разнастайныя формы работы, эфектыўныя прыёмы. Дыялог у нацыянальным кампаненце як форма ўзаемадзеяння, навучанне ў супрацоўніцтве, рэфлексія. Актыўная маўленчамысліцельная дзейнасць набліжае працэс навучання замежнай мове да рэальных зносін, заахвочваючы навучэнцаў раска­зваць і прадстаўляць сваю краіну, свой рэгіён, сваё найбліжэйшае акружэнне. Інтэрактыўнае ўзаемадзеянне з дапамогай мадэлявання камунікатыўных сітуацый арганізавана на высокім прафесійным узроўні — цікава, карысна, пазітыўна, крэатыўна.

“Фарміраванне сацыяльна-каштоўнасных якасцей асобы навучэнцаў з дапамогай творчых заданняў” — так гучала тэма майстар-класа настаўніцы англійскай мовы гімназіі № 1 Астраўца Наталлі Ляшчэўскай і яе калегі з гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна настаўніцы французскай мовы Галіны Гульпы.

Майстар-клас актуальны, 100% рэлевантны заяўленай тэме. За аснову ўзяты змест “Аб каранавірусе” як ідэальны сцэнарый для смартмобу. Творчасць і ініцыятыва праяўляюцца на ўсіх этапах майстар-класа. Выдатна, што настаўніцы распрацавалі і правялі майстар-клас удваіх, дапаўняючы адна адну. Творчыя заданні спрыяюць фарміраванню маўленчамысліцельнай дзейнасці навучэнцаў. Сацыяльна-каштоўнасныя якасці асобы навучэнцаў вельмі важныя для арганізацыі навучання. А творчыя заданні могуць быць інструментам для развіцця моўных здольнасцей і сацыяльна-каштоўнасных якасцей асобы.

Майстар-клас “Развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў на ўроках замежнай мовы” праводзілі настаўніца французскай мовы настаўнік-метадыст гімназіі № 2 Ваўкавыска Ала Лобач, настаўніца іспанскай мовы настаўнік-метадыст гімназіі № 2 Ваўкавыска Юлія Касталовава і настаўніца англійскай мовы гімназіі імя І.М.Ерашова Лепеля Кацярына Заяц.

Аўтары зрабілі агляд прыёмаў, якія спрыяюць развіццю творчых здольнасцей.

Прыём “Гірлянда”: настаўнік прапануе навучэнцам карцінку альбо слова-стымул. Задача навучэнцаў — за пэўны час скласці максімальна доўгую гірлянду асацыяцый, адштурхоўваючыся ад зыходнага слова, неабходна скласці ланцужок, прычым кожная новая асацыяцыя адносіцца не да першага, а да апошняга слова.

Прыём “Злучы неспалучальнае”: настаўнік загадзя рыхтуе карцінкі з выявамі розных прадметаў ці карткі з парамі слоў. Навучэнцам прапануецца злучыць у сказе два цалкам непадобныя прадметы або знайсці, што іх аб’ядноўвае. Задача настаўніка — падабраць як мага больш нечаканых пар прадметаў.

Прыём Storycubes: выкарыстоўваюцца спецыяльныя кубікі з выявамі прадметаў на гранях. Прапануецца прыдумаць гісторыю, абапіраючыся на камбінацыю малюнкаў, што выпалі.

Аўтарамі майстар-класа “Міжнародны праект “Кніга свету” як ініцыятыва для творчасці настаўніка і навучэнца” былі настаўніца нямецкай мовы настаўнік-метадыст Зялёнкаўскага дзіцячага сада — базавай школы імя Т.С.Марыненка Полацкага раёна Аліна Стэльмачонак і настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 14 Мазыра Галіна Кебец.

“Кніга свету” — выдатны праект, які да­зваляе развіваць міжкультурную кампетэнцыю настаўнікаў і вучняў. Актуальнасць выбару тэмы гэтага праекта тлумачыцца тым, што яна ўяўляе сабой даследаванне магчымасцей выхавання пачуцця патрыятызму ў адносінах да сваёй малой радзімы сродкамі замежнай мовы. Акрамя выхаваўчай мэты, кіраўнікі гэтага праекта Мая Мяфо­дзьеўна Дароніна, настаўніца англійскай мовы, настаўнік-метадыст Браслаўскай гімназіі, і Аліна Міхайлаўна Стэльмачонак ставілі адукацыйныя (лінгвістычную і краіназнаўчую) мэты, якія прадугледжвалі вывучэнне асаблівасцей і кампанентаў, што складаюць паняцце “малая радзіма” у нашай краіне, за мяжой, а таксама метадаў работы з матэрыя­лам, які даследуецца.

У якасці развіццёвай мэты выступіла развіццё навыкаў і ўменняў (з боку навучэнцаў) работы ў камандзе, анлайн-камунікацыі з носьбітамі мовы, работы з лістамі і аўтэнтычнымі відэа- і аўдыяматэрыяламі. Ціка­васць заключалася ў тым, што трэба вызначыць, ці існуе такое паняцце ў іншых краінах, параўнаць лексічныя кампаненты гэтага паняцця. У сваіх даследаваннях прадстаўнікі Рэспублікі Беларусь і замежных краін абапіраліся на вопыт і апісанні рэальных лю­дзей — носьбітаў мовы, што дало магчы­масць практыкаваць аўтэнтычную вусную мову, чытаць, успрымаць і разумець маўленне на слых. Зносіны з прадстаўнікамі іншых краін і культур дапамаглі выказаць здагадку, што само паняцце і яго структурныя кампаненты (як лексічныя, так і сэнсавыя) адрозніваюцца ў розных краінах у залежнасці ад культур, традыцый краін, іх менталітэту.

Часта пры вывучэнні замежных моў не ўдзяляецца ўвагі асаблівасцям кантэксту, у якім яны развіваюцца: гістарычным, геаграфічным, сацыякультурным. Часам мова вывучаецца дзеля самой мовы, што натуральна прыводзіць да цяжкасцей у зносінах з замежнікамі. Удзел у праекце дапамагае вырашыць гэтую праблему.

Іншамоўныя зносіны з аднагодкамі з іншых краін пераводзяць вывучэнне замежнай мовы ў плоскасць практычнага прымянення для рэалізацыі творчых здольнасцей удзель­нікаў міжнароднага праекта, з уласцівай унікальнасцю іх людзей і фактаў культуры. Фундаментальная, эфектыўная і выніковая работа! Размешчана на платформе Flipcrid SMART-Formel.

Рабочая спасылка на лепшыя фрагменты: https://www.youtube.com/watch?v=dzghyeJzh4.

Галіна ХАДАСЕВІЧ,
метадыст упраўлення вучэбна-метадычнай работы АПА.