У той велізарнай дзяржаве, якая называецца “Прафесія”, маладым пакуль выдадзены толькі “від на жыхарства”, а паўнапраўнымі грамадзянамі з пашпартамі і пастаяннай канчатковай прапіскай у адукацыі яны стануць толькі тады, калі пройдуць стадыю проб і магчымых памылак і асвояць вопыт навучання і выхавання.
Штогод у нашу настаўніцкую сям’ю ўліваюцца маладыя калегі. Аналіз якаснага складу педагогаў установы дазволіў стварыць абагульнены партрэт сённяшняга маладога настаўніка: маладыя людзі ва ўзросце 19—23 гадоў, адукацыя сярэдняя спецыяльная або вышэйшая, як правіла, настаўнікі гуманітарных прадметаў, якія маюць добрую тэарэтычную базу, з адсутнасцю практычных уменняў і навыкаў, якія хочуць пачынаць работу на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі і ні ў якім разе не выконваць абавязкі класнага кіраўніка. Гэта агульнае, а ў кожнага з іх свая ступень зацікаўленасці і матывацыі ва ўдасканаленні педагагічных кампетэнцый.
Такім чынам, мэтай работы з маладымі педагогамі ў нашай установе лічым забеспячэнне адаптацыі іх да работы ў педагагічным калектыве, стварэнне ўмоў для прафесійнага росту маладых спецыялістаў.
Сёлета сярод 22 членаў нашага калектыву працуюць 4 маладыя педагогі (больш за 18%). З іх двое — першы год, па адным — другі і трэці. Зразумела, асаблівай увагі патрабуюць пачаткоўцы — настаўнік хіміі, біялогіі, настаўнік рускай мовы і літаратуры.
Адным з напрамкаў метадычнай работы з педкадрамі з’яўляецца арганізацыя работы з маладымі педагогамі. За апошнія гады склалася пэўная сістэма работы, назапашаны вопыт, выразна размеркаваны функцыі паміж членамі педкалектыву. Сустрэча маладых настаўнікаў, вырашэнне жыллёвых праблем, азнаямленне з функцыянальнымі абавязкамі, традыцыямі школы, падрыхтоўка загаду — гэта задача дырэктара, а вось далейшая штодзённая праца належыць намесніку дырэктара, педагогу-псіхолагу, настаўніку, кіраўніку метадычнага аб’яднання.
Асноўнымі напрамкамі дзейнасці з’яўляюцца азнаямленне з нарматыўнымі прававымі дакументамі, каляндарна-тэматычнае планаванне і распрацоўка ўрока, аналіз і самааналіз урока, сістэма ацэнкі ведаў вучняў, арганізацыя пазакласнай работы па прадмеце, вядзенне школьнай дакументацыі, метады работы з бацькамі, забеспячэнне дысцыпліны і інш.
Вырашаем пастаўленыя пытанні з улікам таго, што малады спецыяліст у сваім прафесійным станаўленні праходзіць некалькі этапаў:
1 этап — 1-ы год работы, самы складаны — адаптацыйны, уваходжанне ў прафесію. Ад яго ў многім залежыць, якім будзе настаўнік.
2 этап — 2—3 гады — працэс развіцця прафесійных уменняў, пошуку метадаў работы з дзецьмі, назапашванне вопыту, фарміраванне свайго стылю. Даём магчымасць удзельнічаць у метадычных мерапрыемствах, семінарах, конкурсах не толькі на ўзроўні ўстановы, але і раёна, далучаем да правядзення адкрытых урокаў і пазакласных мерапрыемстваў.
3 этап — 4—5 гадоў — стварэнне ўласнай педагагічнай сістэмы, укараненне новых тэхналогій.
Сярод існуючых форм і метадаў работы з маладымі педагогамі ў нашай навучальнай установе найбольш эфектыўнымі зарэкамендавалі сябе настаўніцтва, школа маладога настаўніка, дыягностыка і анкетаванне, наведванне адкрытых урокаў, кансультаванне, самаадукацыя і ўдзел у метадычных мерапрыемствах.
Вялікую ролю ў станаўленні маладых спецыялістаў як прафесіяналаў адыгрываюць педагогі-настаўнікі. Іх вопыт, мудрыя парады і падтрымка дапамагаюць маладым настаўнікам справіцца з цяжкасцямі, знайсці сваё месца ў прафесіі.
Настаўніцтва ў лепшым яго выглядзе трэба расцэньваць як свайго роду ардынатуру, у якой сустракаюцца два аб’екты і два суб’екты адукацыі. Сапраўднае, а не ўмоўнае настаўніцтва дапамагае маладым знайсці сябе ў прафесіі. На жаль, мы не маем магчымасці выбару з некалькіх кандыдатур, бо даводзіцца прызначаць настаўнікамі нават педагогаў сумежных прадметаў, але калі здараецца сапраўдны тандэм — гэта знаходка для ўсіх. Пры ажыццяўленні настаўніцтва тэарэтычны курс зведзены да мінімуму, акцэнт ставіцца на тое, чаму не адводзяць шмат часу ў вышэйшых навучальных установах, — фарміраванне практычных уменняў і навыкаў.
Работа з маладымі спецыялістамі ў нашай установе будуецца з улікам трох аспектаў іх дзейнасці: педагог-настаўнік — малады спецыяліст; малады спецыяліст — калега; малады спецыяліст — навучэнцы, бацькі.
Каб з маладога спецыяліста за некалькі гадоў вырас перспектыўны настаўнік, выхавальнік, знаёмы з усімі сферамі педагагічнай дзейнасці, які ўмее аналізаваць станаўленне ўласнага майстэрства, здольны да рэалізацыі ўласнага творчага патэнцыялу ў педагагічнай дзейнасці, ва ўстанове арганізавана работа школы маладога педагога, кіраўніком якой я з’яўляюся.
Актыўна выкарыстоўваюцца адкрытыя ўрокі, пазакласныя мерапрыемствы з наступным абмеркаваннем убачанага, праводзяцца трэнінгі. Пытанні выхавання і навучання абмяркоўваюцца падчас круглых сталоў з удзелам педагогаў-настаўнікаў, дзе кожны выказвае сваё меркаванне і адстойвае яго. Пры правядзенні заняткаў у школе маладога педагога прымяняюцца разнастайныя прыёмы: рашэнне педагагічных сітуацый, “мазгавы штурм”. Усё гэта дазваляе ўдакладніць веды па канкрэтнай тэме, пашырыць кругагляд, выпрацаваць практычныя ўменні і навыкі.
Вялікае значэнне ў рабоце аказвае ўсведамленне ўласных індывідуальных магчымасцей. Нізкая самаацэнка не стымулюе педагагічны працэс. З мэтай арганізацыі работы па самапазнанні і раскрыцці сваіх унутраных рэсурсаў педагог-псіхолаг нашай навучальнай установы А.В.Валчкевіч праводзіць гутарку аб тым, як малады спецыяліст ацэньвае сябе як педагога ў рэальнасці і якім бачыць сябе ў ідэале, вывучае асобу маладога педагога, выяўляе моцныя і слабыя бакі яго характару. Для аналізу выкарыстоўваюцца тэсты па вызначэнні тыпу тэмпераменту, сацыяметрыя (вызначэнне статусу ў калектыве) і інш.
Ступень практычнай падрыхтаванасці адсочваецца ў выніку назіранняў за арганізацыяй адукацыйнага працэсу ў класе. Педагог-псіхолаг таксама праводзіць з маладымі спецыялістамі кансультацыі, карэкцыйную работу, дзелавыя гульні, трэнінгі, рэлаксацыі.
Неацэнную метадычную дапамогу атрымліваюць маладыя спецыялісты, удзельнічаючы ў рабоце школьных семінараў, педагагічных саветаў, майстар-класаў. Напрыклад, у такіх як “Выхаванне сітуацыяй поспеху”, “Фарміраванне вучэбнай матывацыі школьнікаў як умова іх паспяховасці”, “Сістэма ацэнкі якасці працы настаўніка”, “Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі”, “Кампетэнтнасны падыход у дзейнасці настаўніка”, “Сучасны ўрок”. Семінары і педагагічныя саветы праходзяць у актыўнай форме, і маладыя педагогі з цікавасцю ўдзельнічаюць у ролевых гульнях, дыскусіях, круглых сталах, выказваюць сваё меркаванне па тых ці іншых пытаннях, удзельнічаюць у прадстаўленні групавых напрацовак.
У школе ёсць педагагічная скарбонка друкаваных і электронных матэрыялаў, па якіх педагог можа даведацца аб тых кампетэнцыях, якімі можа авалодаць, выкарыстоўваючы метадычныя рэкамендацыі. Разам з настаўнікам малады педагог аналізуе свой узровень прафесійных уменняў і вызначае сваю далейшую самаадукацыйную дзейнасць. У рабоце з маладымі спецыялістамі па іх прафесійным станаўленні дапамагаюць розныя памяткі: патрабаванні да сучаснага ўрока, аналіз і самааналіз урока, арганізацыя работы з бацькамі, актыўныя формы навучання, патрабаванні да афармлення класнага журнала, крытэрыі паспяховасці ўрока.
У працэсе адаптацыі ў маладых спецыялістаў адбываецца пераацэнка ўласных сіл. Праводзім рознага роду дыягностыкі (гутарка, анкетаванне, назіранне), што дапамагае вырашаць асобныя праблемы, выяўляць цяжкасці ў рабоце. Па дыягностыцы гэтага года было выяўлена, што вялікіх цяжкасцей у каляндарна-тэматычным планаванні ў маладых спецыялістаў не ўзнікла. Але яны былі ў арганізацыі адукацыйнага працэсу. Аналізуючы анкеты, былі вылучаны параметры, па якіх неабходна тэрміновая дапамога: уменне правільна вызначаць мэты і задачы ўрока, формы і метады вядзення ўрока, забеспячэнне актыўнасці вучняў на працягу ўрока, арганізацыя работы са слабапаспяваючымі.
Ствараем умовы для наведвання адкрытых урокаў, раённых семінараў, матывуючы сваіх маладых настаўнікаў да ўдзелу ў правядзенні метадычных мерапрыемстваў на базе ўстановы. Прапануем ім удзельнічаць самім у розных конкурсах і прыцягваць сваіх вучняў. У мінулым навучальным годзе маладыя спецыялісты Я.С.Волк, А.В.Куль і іх вучні былі ўзнагароджаны дыпломамі факультэтаў журналістыкі і правазнаўства за ўдзел у завочных навукова-практычных канферэнцыях, што, несумненна, дазваляе павысіць матывацыю маладых настаўнікаў да педагагічнай дзейнасці.
Ацэнка дзейнасці маладых спецыялістаў ажыццяўляецца ў працэсе правядзення штогадовага тыдня маладога настаўніка (у красавіку), у далейшым — атэстацыі, падчас якіх ёсць магчымасць убачыць першыя крокі прафесійнага росту, параўнаць з пачатковым этапам. Як вынік, ажыццяўляецца аналіз фарміравання прафесійна-педагагічных кампетэнцый. З дапамогай педагога-настаўніка, кіраўніка метадычнага аб’яднання ствараецца індывідуальная траекторыя ўдасканалення педагагічнага майстэрства.
Падводзячы вынікі работы з маладымі педагогамі, адзначаем і ганарымся тымі, хто становіцца сапраўдным спецыялістам, застаецца верным прафесіі. Прааналізавалі працэнт замацавання маладых за апошнія 5 гадоў і ўбачылі, што ён роўны 50%. Большасць педагогаў звольнілася са школы па прычыне змены месца жыхарства, сямейнага становішча.
Вялікай знаходкай, зорачкай, якая заззяла ў нашым калектыве, лічым маладога педагога К.Г.Себасцьяновіч, настаўніцу нямецкай мовы, якая адпрацавала абавязковы тэрмін пасля размеркавання і вырашыла працягнуць педагагічную дзейнасць далей. Яна пераможца раённага конкурсу “Настаўнік-стажор — 2016”, якая на працягу двух гадоў рыхтуе прызёраў раённай алімпіяды сярод вучняў другой ступені. У першы год работы мы далучылі яе і да інавацыйнай дзейнасці па тэме “Укараненне мадэлі полікультурнага выхавання навучэнцаў у работу ўстановы адукацыі”. Яна з задавальненнем удзельнічала ва ўсіх справах, якія праводзіліся ў рамках рэалізацыі праекта, прымала ўдзел у творчай справаздачы на ўзроўні вобласці. З творчым падыходам арганізуе пазакласную работу па прадмеце, актыўна ўкараняе інфармацыйныя тэхналогіі. Усё гэта дае нам падставы лічыць, што, працуючы з маладымі педагогамі, мы знаходзімся на правільным шляху.
Антаніна ЛУДЗІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Рагозніцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.