На шляху да ўдасканалення прафесійнага майстэрства

Ужо стала добрай традыцыяй праводзіць напярэдадні новага навучальнага года інструктыўна-метадычныя мерапрыемствы, прысвечаныя актуальным пытанням арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах адукацыі.

У Магілёўскай вобласці абласны семінар “Актуальныя пытанні арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах адукацыі ў 2018/2019 навучальным годзе” прайшоў 23—24 жніўня 2018 года на базе ўстановы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі”.

Удзельнікамі семінара сталі загадчыкі раённых (гарадскіх) вучэбна-метадычных кабінетаў, метадысты і спецыялісты аддзелаў па адукацыі, дырэктары ЦКРАіР, кіраўнікі спецыяльных і дапаможных школ (школ-інтэрнатаў), дзіцячых дамоў, намеснікі дырэктараў па вучэбнай і выхаваўчай рабоце ўстаноў адукацыі, кіраўнікі раённых (гарадскіх) прадметных метадычных аб’яднанняў. Больш за 500 чалавек змаглі паўдзельнічаць у рабоце семінара.

На абласным семінары прысутнічалі начальнік Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама У.У.Рыжкоў і яго намеснік І.М.Кускова.

У рамках семінара працавала 14 прадметных і тэматычных секцый. Звярнулі ўвагу на асаблівасці арганізацыі ў 2018/2019 навучальным годзе адукацыйнага працэсу пры вывучэнні вучэбных прадметаў і правядзенні факультатыўных заняткаў, пры рэалізацыі адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку ва ўстановах адукацыі, якія рэалізоўваюць адукацыйную праграму спецыяльнай адукацыі.Абмяркоўвалася арганізацыя выхаваўчай, ідэалагічнай і сацыяльнай работы, дзейнасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, арганізацыя работы бібліятэк устаноў адукацыі і інш.

Акцэнтавалася ўвага на ўкараненне ў 2018/2019 навучальным годзе новай мадэлі арганізацыі прафесійнай адукацыі вучняў 10-х класаў, забеспячэнне якасці і даступнасці спецыяльнай адукацыі ў рэгіёне, стварэнне ўмоў для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця на ўсіх узроўнях асноўнай адукацыі.

Не абмінулі і пытанні ўзмацнення міжпрадметных сувязей пры вывучэнні вучэбных прадметаў, выхаваўчага патэнцыялу вучэбных заняткаў не толькі праз змест вучэбнага матэрыялу, але і з дапамогай розных форм і спосабаў арганізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў.

Выступленні ўдзельнікаў семінара не проста падкрэслілі значнасць метадычнай работы, але і звярнулі ўвагу на яе якасць і ўзровень, выкарыстанне сучасных методык і тэхналогій пры навучанні, удасканаленне прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў.

Падчас семінара ў межах работы секцый удзельнікі маглі пазнаёміцца з вопытам работы педагогаў Магілёўскай вобласці як праз непасрэднае прадстаўленне вынікаў работы, так і праз арганізаваныя выставы.
Па выніках работы секцый праведзена абмеркаванне праблемных пытанняў па кірунках дзейнасці, вызначаны шляхі іх вырашэння, выпрацаваны рэкамендацыі па асноўных кірунках работы метадычных аб’яднанняў на 2018/2019 навучальны год, вызначаны перспектывы.

Святлана СЕЛЯЗНЁВА.