На шляху міласэрнасці і дапамогі

- 15:53Нам пішуць

Жыць — значыць змагацца: з няўдачамі і перашкодамі, з непаразуменнем, адзінотай і несправядлівасцю. Але амаль усе цяжкасці часовыя і вырашаюцца насамрэч лёгка. Сапраўднымі ж барацьбітамі за сваё шчасце можна назваць людзей з інваліднасцю. Кожны дзень людзей з інваліднасцю — гэта змаганне з побытавымі праблемамі, з прадузятасцю грамадства. Таму яны маюць патрэбу ў падтрымцы, у ласкавым слове.

Педагогі і навучэнцы Акцябрскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі на працягу пяцi гадоў падтрымлiваюць дзяцей і падлеткаў з інваліднасцю, займаюцца з імі ў аб’яднаннях па інтарэсах. Для іх зладзілі забаўляльную праграму “Мы разам”. На сустрэчу завіталі выхаванцы Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Яны ўдзельнічалі ў гульнях і конкурсах, адгадвалі загадкі. Для дзяцей з інваліднасцю выступілі ўдзельнікі гурткоў “Лялечны тэатр” і “Юны артыст” пад кіраўніцтвам Наталлі Аляксееўны Кадол. Аматары тэатральнага мастацтва прадставілі лялечны спектакль паводле беларускай народнай казкі “Рукавічка” і сцэнкі пра школьнае жыццё. Веранiка Навiчонак, удзельнiца гуртка “Мяккая цацка”, выступала ў ролі Смяшынкі, якая цiкава забаўляла дзяцей.

Да дабрачыннага мерапрыемства далучыліся члены раённага савета старшакласнікаў “Адзінства”. Яны правялі акцыю “Кожны ўмее марыць”, каб давесці дзецям з інваліднасцю, што людзі навокал ставяцца да іх як да роўных і заўсёды жадаюць дапамагчы. Старшакласнікі падарылі гасцям у знак падтрымкі і сяброўства паветраныя шары і самаробных папяровых жураўлікаў. Іх лічаць сімвалам здзяйснення мар і жаданняў. Арганізатары і госці зрабілі сумесную фотасесію з плакатамі, на якіх напісалі простыя жаданні падлеткаў. Гэта дапаможа засяродзіць увагу грамадства на тым, што ўсіх людзей аб’ядноўваюць мары. Нягледзячы на стан здароўя, кожны чалавек мае свае жаданні і права на іх здзяйсненне. Цяпер старшакласнікі працуюць над выданнем плакатаў і паштовак з гэтымі фотаздымкамі, каб распаўсюдзіць іх сярод падлеткаў.

— Нам хочацца, каб людзі з інваліднасцю адчувалі сябе роўнымі з іншымі, патрэбнымі грамадству, — кажа намеснік старшыні раённага савета старшакласнікаў Вольга Старыновіч. — Такія сяброўскія сустрэчы, на мой погляд, дапамагаюць у барацьбе з межамі паміж простымі і “асаблівымі” людзьмі. Таксама хочацца звярнуць увагу падлеткаў на тое, што ўсе валодаюць аднолькавымі правамі. У нашым грамадстве няма месца дыскрымінацыі.

Данііл ШАЙКО,
старшыня раённага савета старшакласнікаў.
Вольга КРУКОЎСКАЯ,
педагог дадатковай адукацыі Акцябрскага раённага цэнра творчасцi дзяцей i моладзi.