На шляху пакрокавага паляпшэння адносін

- 14:08Інфармацыйная гадзіна

ЕС гатовы падвоіць фінансавую дапамогу Беларусі на 2016 год па некаторых праграмах, накіраваных на павышэнне канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі і рэгіянальнае развіццё. Аб гэтым заявіў на брыфінгу ў прадстаўніцтве ЕС у Мінску намеснік кіраўніка дырэктара па пытаннях Еўропы і Сярэдняй Азіі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунар Віганд.
Гунар Віганд сказаў, што гэта не першае яго наведванне Беларусі. “Я прыехаў з калегамі, каб абмеркаваць тыя захады, якія мы можам зрабіць разам з урадам Беларусі для паглыблення і паляпшэння нашых адносін”, — падкрэсліў ён.
Прадстаўнік Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў таксама расказаў, што ў яго адбылася сустрэча з намеснікам міністра замежных спраў Аленай Купчыной. Паводле яго слоў, узгоднены “парадак дня мадэрнізацыі адносін, у які ўвайшло сем асноўных тэм”. У прыватнасці, гэта пытанні прыватызацыі, гандлю і інвестыцый, навакольнага асяроддзя, энергетыкі, транспарту, сацыяльнага развіцця, правоў чалавека. Па гэтых напрамках вызначаны адзінаццаць прыярытэтных дзеянняў, якія бакі павінны ажыццявіць у сваіх адносінах.
У Мінску 9—10 снежня працавала дэлегацыя экспертаў, задача якой — падрыхтоўка штогадовай праграмы дзеянняў Еўрапейскага саюза для Беларусі, гэта значыць праграмы супрацоўніцтва з Беларуссю пры фінансавай падтрымцы ЕС на 2016 год. Дэлегацыю ўзначальваў начальнік аддзела ўсходняга суседства генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні Мацье Буске.
Гунар Віганд сказаў аб гатоўнасці падвоіць фінансавую дапамогу для Беларусі на наступны год. Паводле яго слоў, гэтыя пытанні абмяркоўваліся, у тым ліку ў МЗС і Мінэканомікі. Гунар Віганд таксама сказаў аб магчымасці садзейнічання Беларусі па ўступленні ў СГА і дадатковым крэдытаванні Беларусі з боку міжнародных інстытутаў.
“Мы спадзяёмся, што цяпер знаходзімся на шляху пакрокавага паляпшэння адносін паміж Беларуссю і ЕС”, — падкрэсліў прадстаўнік Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў. Ён таксама адзначыў: “Мы імкнёмся гаварыць з як мага большай колькасцю субяседнікаў ва ўрадзе, грамадстве, бізнес-колах. Мы настроены на ўзаемадзеянне і спадзяёмся, што гэта дасць магчымасць дасягнуць найбольшага выніку”.
Гунар Віганд на брыфінгу ў прадстаўніцтве ЕС у Мінску таксама заявіў, што тэкст пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС гатовы да падпісання. “Перагаворы па спрашчэнні візавага рэжыму праведзены добра. Фактычна магу сказаць, што тэкст гэтага дакумента гатовы да далейшага падпісання, як і пагадненне па рэадмісіі”, — падкрэсліў Гунар Віганд.
Ён таксама ўдакладніў: “Абодва пагадненні гатовы да падпісання, але дыпламатычныя пашпарты павінны адпавядаць патрабаванням у сферы бяспекі. Гэта адзінае пытанне, якое абмяркоўваецца. Спадзяёмся, што яно хутка будзе вырашана”.