На шляху прафесійнага станаўлення

У брэсцкай сярэдняй школе № 12 імя К.Л.Губарэвіча адбыліся фінальныя спаборніцтвы конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” сярод педагогаў Маскоўскага раёна Брэста. У конкурсе, які ўпершыню праходзіў у 7 намінацыях, удзельнічалі педагогі з 11 устаноў адукацыі.

— Педагогам Маскоўскага раёна Брэста ёсць што паказаць і чым ганарыцца, — адзначыў начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Ю.М.Прасмыцкі. — Настаўнікі актыўна выкарыстоўваюць у рабоце розныя адукацыйныя тэхналогіі, авалодваюць неабходнымі псіхалагічнымі ведамі і навукай менеджменту, асвойваюць камп’ютар. Вяршыняй педагагічнага майстэрства з’яўляецца ўрок. Менавіта на ўроку настаўнік развівае і выхоўвае ў навучэнцах тыя якасці, якія дазволяць ім у далейшым дасягнуць поспеху ў жыцці.
Конкурс прафесійнага майстэрства дапамагае раскрыцца прафесійным кампетэнцыям і творчаму патэнцыялу педагогаў, стымулюе іх да прафесійнага і асобаснага росту, павышае прэстыж прафесіі, падтрымлівае і заахвочвае педагагічныя ініцыятывы, а таксама распаўсюджвае лепшы вопыт.
Спаборніцтва складалася з некалькіх этапаў. Перш чым трапіць у фінал, канкурсанты праводзілі адкрытыя ўрокі і рыхтавалі электронныя самапрэзентацыі. Журы адабрала 7 лепшых педагогаў. Сярод іх — настаўнік фізічнай культуры і здароўя, дапрызыўнай падрыхтоўкі сярэдняй школы № 24 Аляксандр Анатольевіч Каверац, настаўніца музыкі сярэдняй школы № 3 Жанна Эдуардаўна Жукоўская, настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 6 Ірына Паўлаўна Гардзяйчук, настаўніца англійскай мовы гімназіі № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава Юлія Віктараўна Харчанка, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 14 імя Я.Фаміна Людміла Пятроўна Марчук, выхавальніца ясляў-сада № 55 Людміла Мікалаеўна Цамяноўская і настаўніца англійскай мовы дзіцячага сада — пачатковай школы № 8 Кацярына Уладзіміраўна Кіпко-Кулага.
— Асноўную ўвагу журы ўдзяляла адкрытым урокам канкурсантаў, — расказала намеснік загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста Н.С.Дрык. — Так, Ж.Э.Жукоўская зрабіла на ўроку цікавае падарожжа ў свет музыкі. Педагог упэўнена, што інтарэс навучэнцаў да прадмета зале-жыць ад асобы настаўніка. А вось урок І.П.Гардзяйчук нагадваў імправізаваны паказ. Педагог лічыць, што майстэрства настаўніка — гэта не выпадковая ўдача ці шчаслівая знаходка, а сістэматычная і карпатлівая праца, прычым даволі часта руцінная. Адкрыцці і поспехі прыходзяць толькі пасля напружанай работы. На “здароўезберагальным” уроку Ю.В.Харчанка дзеці працавалі ў групах, зменных парах і індывідуальна. Змена відаў дзейнасці, цікавыя фізкультхвілінкі, пазітыўны настрой педагога — усё ўплывала на выніковасць вучэбных заняткаў.
Падчас фінальных спаборніцтваў канкурсанты расказвалі пра шлях у прафесію, працоўныя будні, захапленні і мары.
Вызначыць пераможцу конкурсу было складана. Тым не менш самай лепшай сярод удзельнікаў аказалася настаўніца англійскай мовы гімназіі № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава Ю.В.Харчанка.

 

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Ніны ДРЫК.