Днямі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адбылося пасяджэнне Рэспубліканскага савета прарэктараў УВА. Яго ўдзельнікамі сталі больш за 30 прарэктараў па выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце на чале з намеснікам міністра адукацыі Кацярынай Пятруцкай. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— На сустрэчы мы падвялі вынікі ідэалагічнай і выхаваўчай работы ва УВА краіны за 2023/2024 год і намецілі план яе развіцця на бягучы навучальны год. Таксама абмеркавалі ўзмацненне мер па прафілактыцы супрацьпраўных дзеянняў у маладзёжным асяроддзі, пытанні прафілактыкі суіцыдаў, дзейнасць студэнцкіх фарміраванняў. У гэтым годзе асаблівую ўвагу ўдзелім і рабоце прафесарска-выкладчыцкага складу са студэнтамі. Бо наша задача — выхаваць не толькі дасведчанага спецыяліста, прафесіянала, але і чалавека, адказнага за сваю краіну, — падкрэсліла Кацярына Аляксандраўна.
Паводле яе слоў, у 2024/2025 навучальным годзе ўвага будзе акцэнтавана на мерапрыемствах, прымеркаваных да 80-годдзя Вялікай Перамогі, а таксама прысвечаных знаёмству з вынікамі расследавання Генпракуратурай крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. Напярэдадні Дня народнага адзінства будзе дадзены старт марафону сустрэч з лідарамі меркаванняў, якія дапамогуць студэнтам разабрацца ў няпростым грамадска-палітычным становішчы і азнаёмяць іх з сацыяльна-эканамічнымі паказчыкамі і праграмамі.
Не застанецца без увагі і працоўнае выхаванне моладзі. Юнакі і дзяўчаты прадоўжаць работу ў студэнцкіх атрадах, напрыклад, на “Атланце” і БелАЗе, а таксама падключацца да ўборкі ўраджаю.
— Валанцёрская дзейнасць дапаможа прывіць студэнтам гуманнае стаўленне да навакольных, яны змогуць паўдзельнічаць у дабрачынных праектах і тым самым зрабіць уклад у будучыню краіны. Канечне, і электаральная кампанія не абміне нашу студэнцкую моладзь. Яна будзе ўключана ў грамадскі парадак дня краіны праз удзел у дэбатным руху, клубе аналітыкаў, маладзёжным парламенце. Сёння студэнцкая супольнасць — гэта разумныя і таленавітыя маладыя людзі, якія маюць уласныя погляды і гатовы іх аргументаваць, таму і настаў час дыялогу з імі на роўных, — пераканана намеснік міністра.
У сваю чаргу старшыня Рэспубліканскага савета прарэктараў Васіль Сянько адзначыў, што работа ідэолагаў ва УВА павінна быць накіравана на вырашэнне задач, пастаўленых Прэзідэнтам.
— Наш савет — гэта дыялогавая пляцоўка для прарэктараў. На ёй яны могуць абмяняцца думкамі, падзяліцца станоўчым вопытам працы, звярнуць увагу на пэўныя аспекты для паляпшэння ідэалагічнай работы. Зараз мы абазначылі прыярытэты на наступны год, абмеркаваўшы, як працаваць па тых пяці напрамках, якія вызначыў Прэзідэнт на Рэспубліканскім педсавеце. Сярод іх — павышэнне прэстыжу прафесіі, адкрыццё новых спецыяльнасцей, развіццё экспарту адукацыйных паслуг, утрыманне таленавітай моладзі ў краіне і ўмацаванне фундаменту адукацыі — патрыятызму, — дадаў Васіль Васільевіч.
Ён лічыць, што патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт, таму ключавая задача — паляпшэнне ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах.
— Нашы выкладчыкі штодня ўваходзяць у аўдыторыі да студэнтаў, і менавіта іх меркаванне часам з’яўляецца для навучэнцаў асабліва аўтарытэтным. Таму мы будзем яшчэ больш увагі ўдзяляць рабоце з прафесарска-выкладчыцкім складам, а таксама рабоце куратараў, бо гэтыя людзі ў пазавучэбны час вызначаюць асноўныя напрамкі дзейнасці студэнтаў, — патлумачыў прарэктар ГрДУ.
Акрамя таго, удзельнікі пасяджэння мелі магчымасць папрацаваць на тэматычных пляцоўках. На іх былі разгледжаны праблемы захавання інфармацыйнай бяспекі навучэнцаў ва ўмовах агрэсіўнага медыяасяроддзя, інавацыйныя падыходы ў рабоце з моладдзю на факультэтах і аспекты ідэалагічнай работы з працоўнымі калектывамі ва УВА. Быў сфарміраваны і план работы савета прарэктараў на 2024/2025 год.
— Мы вызначылі праблемныя аспекты і задачы, якія павінны вырашыць на працягу наступнага навучальнага года, каб павысіць якасць ідэалагічнай і выхаваўчай работы ва ўстановах вышэйшай адукацыі, — рэзюмаваў Васіль Сянько.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота прадастаўлены ГрДУ імя Янкі Купалы