На што патраціць ЖЫЦЦЁ?

Якой бачаць сваю будучыню дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў? На якія каштоўнасці яны арыентуюцца? Што неабходна, каб утрымацца ад жыццёвых спакус, і чаму так важна “адпусціць” сваё мінулае, каб адчуваць сябе аўтарам асабістага жыцця?
Алена Мікалаеўна Алтынцава, кандыдат педагагічных навук, намеснік дэкана па навуковай рабоце факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ імя Максіма Танка, амаль 9 гадоў прысвяціла вывучэнню жыццёвага самавызначэння дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Менавіта за гэтую даследчую работу яна як таленавіты малады навуковец была адзначана стыпендыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У чаканні канцэртаў і падарункаў?

Пра тое, каб займацца навукай, Алена Мікалаеўна спачатку і не думала. Пачалося ўсё з валанцёрскага руху. На факультэце сацыяльна-педагагічных тэхналогій педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, які яна скончыла, Алена Мікалаеўна арганізавала валанцёрскі клуб, які называўся “Планета ЛІР” (расшыфроўваецца як “Планета любові і радасці”). Разам са студэнтамі яна ездзіла ў дзіцячыя дамы, школы-інтэрнаты і дамы-інтэрнаты.
“Пачыналі так, як і ўсе, — рыхтавалі падарункі. Аднак, калі ездзіць толькі з падарункамі, дзеці да гэтага вельмі хутка прывыкаюць. Гэта можна сказаць не толькі пра выхаванцаў інтэрнатных устаноў, але і пра любых дзяцей. Мы зразумелі, што падлеткі самі павінны быць актыўнымі ўдзельнікамі тых мерапрыемстваў, якія мы праводзім”, — расказвае Алена Мікалаеўна. Падобныя думкі знайшлі адлюстраванне ў кнізе “Валанцёрскі рух: узаемадзеянне з дзецьмі-сіротамі”.
Пазней валанцёрская работа падказала Алене Мікалаеўне, што ёсць патрэба ў распрацоўцы тэарэтычных і метадычных асноў праграмы па падрыхтоўцы дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, да самастойнага жыцця.

Як утрымацца ад спакус?

“Сваё даследаванне я рабіла ўласнымі нагамі. Заняткі праводзіла ў 7 інтэрнатных установах”, — успамінае Алена Мікалаеўна. — Часам з дзецьмі мы запісвалі мудрыя выслоўі. Я заўсёды разважала, ці трэба гэта ім. Аднак, калі ўбачыла, што адзін хлопец наклеіў гэтыя выслоўі на парце, каб не забыць іх, зразумела, што нездарма. Прычым тычыліся яны самастойнага жыцця і жыццёвага шляху”.
“Самастойнае жыццё пасля інтэрнатных устаноў — гэта эйфарыя, калі хочацца ўсяго і адразу. Самае галоўнае, што павінна быць у дзіцяці, каб яно магло ўтрымацца ад розных спакус, — жыццёвае самавызначэнне. Яго я называю ключавым стрыжнем, маральна-духоўным утварэннем. Зразумела, што будуць памылкі. Але калі жыццёвае самавызначэнне ў дзяцей сфарміравана (ёсць мэты, каштоўнасці, на якія яны арыентуюцца), тады іх жыццёвы шлях будзе правільным, сацыяльна арыентаваным”, — упэўнена Алена Мікалаеўна.
У сваёй рабоце даследчыца не проста вызначыла, якім чынам фарміруецца жыццёвае самавызначэнне. Яна выявіла заканамернасці гэтага працэсу і матэматычна іх абгрунтавала.
“Жыццёвае самавызначэнне і паспяховасць яго фарміравання залежаць у першую чаргу ад успрымання дзіцем свайго мінулага. Што гэта значыць? Калі дзіця неадэкватна ўспрымае сваё мінулае (а ў кожнага з іх за спінай страты), калі яно гэтае мінулае не прымае, дрэнна да яго ставіцца, тады яно ім і жыве. Жыццё мінулым, перажыванні, звязаныя з ім, перашкаджаюць рухацца далей, ствараць сваё сучаснае і сваю будучыню.
Жыццёвае самавызначэнне ў падлетка не фарміруецца, калі ён не бачыць сваёй будучыні. У яго павінны быць мэты і каштоўнасныя арыентацыі. Жыццёвае самавызначэнне залежыць і ад так званага локус-кантролю. Локус-кантроль — гэта асобаснае ўтварэнне, якое дазваляе чалавеку бачыць прычыны падзей у сваім жыцці, або ў самім сабе, або ў навакольных. Калі чалавек ва ўсім вінаваціць тых, хто яго акружае, фарміраванне жыццёвага самавызначэння ў яго замаруджана. Калі ён разумее, што жыццё залежыць не ад навакольных, ён стварае яго сам”, — упэўнена Алена Мікалаеўна.
Вынікі даследаванняў знайшлі ўвасабленне ў метадычным дапаможніку “Мой жыццёвы шлях” (праграма падрыхтоўкі выпускнікоў дзіцячых інтэрнатных устаноў да самастойнага жыцця). У кнізе можна знайсці не толькі метадычныя рэкамендацыі, але і гатовыя распрацоўкі заняткаў, практыкаванні, дапаможны матэрыял, партфоліа. “Любы педагог можа адкрыць кнігу і па ёй займацца са старшакласнікамі”, — гаворыць Алена Мікалаеўна.
У кнізе прапаноўваюцца і гульні. Так, Алена Мікалаеўна расказала пра аўкцыён “На што патраціць жыццё?”. Дзецям даюцца жэтоны, якія азначаюць пэўную суму грошай, і прапаноўваюцца каштоўнасці (як матэрыяльныя, так і духоўныя), якія можна набыць. Колькасць жэтонаў (грошай) абмежаваная, да таго ж дзеці не ведаюць, колькі падчас аўкцыёну ім будзе прапанавана варыянтаў каштоўнасцей.
“Некаторыя дзеці або вельмі хутка патрацілі свае грошы, або не патрацілі нічога. Так, некаторыя трацяць жэтоны на новы аўтамабіль, аднак застаюцца без сям’і, без здароўя. Гэты аўкцыён прымушае іх задумацца”, — гаворыць Алена Мікалаеўна.
А.М.Алтынцава ў складзе калектыву аўтараў займалася і распрацоўкай канцэпцыі арганізацыі пасляінтэрнатнага суправаджэння дзяцей-сірот. Пазнаёміцца з канцэпцыяй можна ў метадычным дапаможніку “Арганізацыя і тэхналогіі пасляінтэрнатнага суправаджэння дзяцей-сірот”.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.