Пасяджэнне калегіі Міністэрства адукацыі, прысвечанае развіццю маладзёжнай палітыкі, адбылося ў Беларускім дзяржаўным універсітэце замежных моў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Кіраўнік дзяржавы неаднаразова падкрэсліваў, што моладзь — стратэгічны рэсурс і будучыня краіны, — адзначыў міністр адукацыі Андрэй Іванец. — Сёння больш як 1 600 000 нашых грамадзян адносяцца да катэгорыі моладзі, палова з іх — працуючая моладзь, астатнія — навучэнцы. Відавочна, што тыя падыходы, якія сёння пабудаваны ў краіне па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, з’яўляюцца сістэмнымі і комплекснымі. Менавіта таму працуем у час калегіі ў шырокім прадстаўніцтве ўсіх дзяржаўных органаў кіравання, мясцовых органаў улады, прадстаўнікоў і кіраўнікоў маладзёжных аб’яднанняў.

Згодна з законам аб рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, у краіне рэалізуецца сем яе асноўных кірункаў. Першы — якасць адукацыі і падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў.
— Два гады назад былі распрацаваны індэксы эфектыўнасці рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, якія разлічваюцца на аснове даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта па аб’ектыўных параметрах нацыянальнай статыстыкі і часткова згодна з праведзенымі сацыялагічнымі апытаннямі, — зрабіў акцэнт міністр адукацыі. — Першы кірунак паказвае добрую дынаміку. Па выніках мінулага года ўзровень задаволенасці якасцю адукацыі маладымі грамадзянамі склаў 92,4%.
Патрыятычнае выхаванне і ўдзел моладзі ў палітычным жыцці краіны — яшчэ адзін кірунак рэалізацыі маладзёжнай палітыкі. Па словах Андрэя Іванца, гатоўнасць абараняць краіну выказалі больш як 80% юнакоў.
Занятасць моладзі — таксама важны аспект маладзёжнай палітыкі: больш як 85% маладых людзей задаволены ўмовамі працы. Наступны кірунак — здароўе: 53% маладых людзей, па выніках за мінулы год, актыўна займаюцца фізічнай культурай і спортам.
— Прэзідэнт краіны заўсёды нагадвае, што здароўе чалавека — у яго руках, яно залежыць у першую чаргу ад таго, які лад жыцця мы вядзём і колькі часу ўдзяляем заняткам фізкультурай і спортам, — сказаў міністр адукацыі. — Захаванню сямейных каштоўнасцей і падтрымцы маладых сем’яў у краіне таксама ўдзяляецца вялікая ўвага, а пераемнасць пакаленняў і нараджэнне дзяцей — асноўная задача сям’і.

Больш як 90% моладзі задаволены бяспечнымі ўмовамі, якія створаны ў краіне. Прафілактыка асацыяльных і супрацьпраўных паводзін, інфармацыйная работа з моладдзю — тыя тэмы, якія займаюць асобнае месца ў рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі, а значыць, ім таксама варта ўдзяляць увагу.
— Важна пачуць не пра мерапрыемствы, якія правялі за мінулую пяцігодку, а заўважыць вынік, які бачыць і адчувае моладзь ад нашых мерапрыемстваў, — зазначыў Андрэй Іванец. — Кожны малады чалавек павінен адчуваць сябе важным удзельнікам грамадска-палітычных працэсаў, абароненым, здаровым і з упэўненасцю глядзець у будучыню.
Пра тое, на што звяртаецца ўвага ў рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, сказала таксама намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая:
— Пасяджэнне калегіі Міністэрства адукацыі прысвечана рэалізацыі маладзёжнай палітыкі за 2025 год. Мы аналізуем стан спраў і абмяркоўваем перспектывы на наступны год. 17% ад колькасці насельніцтва ў нашай краіне — гэта моладзь. Нашымі сувыканаўцамі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі па асноўных напрамках з’яўляюцца МУС, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства спорту і турызму.
Намеснік міністра зазначыла, што падчас пасяджэння калегіі эксперты выяўляюць праблемныя месцы і вызначаюць пункты росту.
— На працягу апошніх трох гадоў маладзёжная палітыка мае вельмі выразныя крытэрыі і індэксы эфектыўнасці, якія былі распрацаваны спецыяльным навуковым калектывам, — дадала Кацярына Аляксандраўна. — Таму мы маем цалкам вымераныя лікавыя паказчыкі, якія раскажуць пра стан спраў. Мы бачым станоўчую і адмоўную дынаміку, і такім чынам працуем з канкрэтнымі фактычнымі данымі. Нам трэба вырашыць шэраг задач, у тым ліку фарміраванне патрыятычных і грамадзянскіх якасцей моладзі. Выхаванне ў духу патрыятызму — гэта аснова ўсёй маладзёжнай палітыкі.
Кацярына Пятруцкая справядліва зазначыла, што моладзі важна быць пачутай і ўдзельнічаць у жыцці грамадства. У гэтым дапамагаюць дыялогавыя пляцоўкі, сустрэчы з дэпутатамі і інш. Прыярытэт надаецца і рабоце з маладымі спецыялістамі: яны не проста выпускнікі ўстаноў адукацыі, якія прыйшлі на работу, а кадравы рэзерв краіны.
— Каб ператварыць патэнцыял маладога спецыяліста ў сістэму, Міністэрства працы і абароны, аблвыканкамы, гарвыканкамы і іншыя структуры павінны стварыць цэласную структуру, якая будзе вырашаць тры ключавыя праблемы, — расставіла акцэнты намеснік міністра. — Першая — адаптацыя і замацавальнасць. Каб чалавек застаўся на працы, павінна быць вырашана жыллёвае пытанне, арганізаваны інстытут настаўніцтва. Наступная праблема — магчымасць дыялогу: людзі павінны быць пачутымі, сустракацца з кіраўніцтвам. Яшчэ адна праблема — прызнанне грамадскасці. Маладым людзям важна не толькі працаваць, але і быць заўважанымі.
Аналізуючы рэалізацыю маладзёжнай палітыкі па напрамках, Кацярына Пятруцкая нагадала, што сёння — час канкрэтных спраў, а значыць, трэба дзейнічаць і працаваць на карысць краіны.
Наталля САХНО
Фото из Telegram-канала Министерства образования





