На скрыжаванні класікі і інавацый

- 10:35Віцебшчына

Полацкі каледж Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава — адна з найстарэйшых устаноў адукацыі нашай краіны. Яго гісторыя пачалася з адкрыцця ў 1872 годзе Полацкай настаўніцкай семінарыі. З таго часу мяняліся палітычныя фармацыі, статус навучальнай установы, але нязменнай засталася падрыхтоўка кадраў для сістэмы адукацыі нашай краіны. У 1967 годзе ўстанова была ўдастоена ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, доўгі час яна насіла імя Францыска Скарыны. Шмат намаганняў давялося прыкласці педагогам каледжа, каб пра яго загаварылі як пра лепшую навучальную ўстанову рэспублікі. Сёння — гэта сучасная мабільная ўстанова адукацыі ў складзе ўніверсітэта, у якой перапляліся традыцыі і сучаснасць, класіка і інавацыі, вопыт і перспектывы. Ужо з першых крокаў па каледжы адчуваеш, наколькі прасякнуты гісторыяй кожны яго куточак, наколькі блізкая яна і навучэнцам, і выкладчыкам і як гэтыя беражлівыя адносіны да гістарычнага мінулага перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

—   З Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.М.Машэрава ў нас склаўся добры тандэм, — расказвае дырэктар каледжа Таццяна Генадзьеўна Полушкіна. — Мы захавалі сваю самастойнасць, а наша сумесная работа ідзе плюсам, бо яна дала магчымасць захаваць спецыяльнасці, якія былі адкрыты. На базе агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі мы працягваем падрыхтоўку па спецыяльнасцях “Пачатковая адукацыя”, “Дашкольная адукацыя”, “Музычная адукацыя”, “Замежная мова”. Адкрыццё спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць” для нас было вельмі важным крокам, бо наша полацкая зямля багата на гісторыю, тут многа музеяў, памятных мясцін, і з базамі практык для студэнтаў пытанняў не ўзнікае. Заўсёды, нават у самыя складаныя для каледжа гады, мы праводзілі стапрацэнтны набор, і ў нас поўнае размеркаванне выпускнікоў. Выпускнікі каледжа маюць магчымасць працягнуць навучанне ў ВДУ імя П.М.Машэрава па скарочанай праграме. Працуючы з універсітэтам, нашы выкладчыкі павышаюць сваю прафесійную кампетэнтнасць праз навучанне ў магістратуры і аспірантуры. На сёння ў нас працуюць 38 выкладчыкаў са званнем “магістр педагагічных навук”.

Педагагічны калектыў каледжа — высокапрафесійны, зладжаны, творчы і праца­здольны — складаецца са 103 выкладчыкаў, з якіх 6 педагогаў узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”, 73 выкладчыкі маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Усе педагогі аб’ядноўваюцца ў цыклавыя камісіі (усяго ў каледжы працуе 8 цыклавых камісій).

— Уся наша дзейнасць з 1 па 4 курс на­кіравана на тое, каб не проста наву­чыць выхаванцаў пэўнай асобнай дысцыпліне, а падрыхтаваць спецыяліста і педагога. На кожных вучэбных занятках мы найперш імкнёмся фарміраваць навыкі самастойнага і крытычнага мыслення, бесперапыннай самаадукацыі і самаразвіцця, умення праца­ваць з інфармацыяй, працаваць у калектыве. Толькі такі выпускнік сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы будзе канкурэнта­здольным на сучасным рынку працы, — ­адзначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Мікалаеўна Арцімёнак.

У сваёй рабоце выкладчыкі выкары­стоўваюць найноўшыя ­педагагічныя тэх­налогіі, у тым ліку і інфармацыйна-камунікацыйныя. Вопыт рэалізацыі дыфе­рэнцыраванага навучання ў выкладанні геаграфіі абагульнены Х.І.Вакульчык, вопыт выкарыстання мультымедыятэхналогій у выкладанні псіхалогіі — Т.А.Сайкоўскай, вопыт рэалізацыі кейс-тэхналогіі на вучэбных дысцыплінах спецыяльнага цыкла — Т.Г.Палілейка. Камунікатыўна-дзейнасны па­дыход на занятках рускай мовы выкарыстоўвае В.А.Агароднікава, інтэрактыўную тэхналогію калектыўнага ўзаеманавучання — Л.Л.Шаўчэнка, праектную тэхнало­гію — С.А.Бараноўская. Дарэчы, на Рэс­пу­бліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры работа педагогаў каледжа другі год запар адзначаецца дыпломамі.

Толькі ўласным прыкладам можна зацікавіць і навучыць, — лічаць педагогі музычнага аддзялення каледжа. Каля 40 працэнтаў педагогаў — выкладчыкі музыкі, бо яны працуюць з навучэнцамі індывідуальна.

—         Так атрымалася, што ад падрыхтоўкі музычных кіраўнікоў для дзіцячых садкоў і настаўнікаў музыкі і спеваў для школ многія каледжы адмовіліся ў сувязі з іх незапатрабаванасцю (калі раней прадмет “Музыка і спевы” выкладаўся ў школах уключна да 8 класа і дзеці прыходзілі да нас са спецыяльнай падрыхтоўкай, з пэўным светапоглядам, светаразуменнем, то зараз гэтыя ўрокі заканчваюцца ў 4 класе), а мы — не. І рады, што не пайшлі па гэтым шляху. Выпускнікі аддзялення вельмі запатрабаваны ў рэспубліцы. І мы цесна працуем з мастацкімі школамі Полацкага раёна, Віцебскай вобласці і краіны ў цэлым, — падкрэслівае дырэктар каледжа.

На музычным аддзяленні праводзіцца шмат прафесійных конкурсаў, якія даюць магчымасць навучэнцам адчуць усе перавагі будучай прафесіі.  Для праф­арыентацыйнай работы і павышэння прэстыжу прафесіі музычнага кіраўніка, настаўніка музыкі на працягу 20 гадоў у каледжы праводзіцца Рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў імя М.М.Пятрэнкі, ладзяцца конкурс самастойна падрыхтаванага твора, дзе навучэнцы могуць прадэманстраваць свае выканальніцкія навыкі, конкурс юнага кампазітара, на якім прадстаўляюцца ўласныя творы навучэнцаў, конкурс дырыжораў і інш. Мастацкія калектывы прадстаўляюць каледж на творчых пляцоўках рознага ўзроўню. Дарэчы, ва ўстанове працуюць 3 калектывы са званнем “народны”: харавая капэла выкладчыкаў і навучэнцаў імя У.Масленнікава, вакальная студыя “Серпанцін”, вакальна-інструментальны ансамбль “Вясна”. (Вялікая ўдзячнасць педагогам і навучэнцам каледжа за цудоўны канцэрт, падрыхтаваны для ­ўдзельнікаў прэс-туру! — Заўв. аўт.)

Спецыяльнасць “Турызм і гасціннасць” была  адкрыта ў каледжы ў 2008 годзе. На сёння штогод набіраецца па 1 групе і толькі на платнай форме атрымання адукацыі. Педагогамі аддзялення распрацаваны бадай што самы цікавы вучэбны план, які ўключае і экскурсазнаўства, і краіназнаўства, і  геаграфію турызму, і курорталогію, і інш. Спецыяльнасць дазваляе навучэнцам пазнаць свет, завочна пабываць у розных яго кутках, пашырыць свой кругагляд. Навучэнцы маюць магчымасць працягнуць навучанне па спецыяльнасці “Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны” ва ўніверсітэце.

Як расказала  намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Сняжана Ана­тольеў­на Булах, каледж выкарыстоўвае розныя формы ўзаемадзеяння з установамі, арганізацыямі, якія прымаюць удзел у прафесійнай практычнай падрыхтоўцы навучэнцаў усіх спецыяльнасцей. Тэхналагічная практыка “Аздараўленча-выхаваўчая работа з дзецьмі ў летні перыяд” на педагагічных спецыяльнасцях праводзіцца на базе ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама ў дзіцячых аздараўленчых летніках, што дазваляе арганізаваць практыку ў складзе студэнцкіх педагагічных атрадаў. Сёлета сумесна з полацкім РК ГА “БРСМ” былі створаны 2 педагагічныя атрады “Лясная казка” імя Т.С.Марыненка”, “Ізумрудны” імя Т.С.Марыненка”.

Навучэнцы спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць” праходзяць тэхналагічную практыку на базе Нацыянальнага полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Да­рэчы, навучэнец Віталь Сцепавы, знаходзя­чыся на практыцы ў Музеі беларускага кнігадрукавання Полацка, распрацаваў вэб-рэсурс па чатырох выставачных залах музея, якія спалучаюцца гіперспасылкамі.

Асаблівая ўвага ва ўстанове ўдзяляецца арганізацыі даследчай дзейнасці. Яна ўключае два напрамкі: навукова-даследчую дзейнасць выкладчыкаў і вучэбна-даследчую дзейнасць навучэнцаў. У каледжы  створана навуковае таварыства навучэнцаў і выкладчыкаў “Лідар” у 8 секцыях: лінгвістычнай (кіраўнік А.А.Джэрэн), псіхолага-педагагічных дысцыплін (І.Д.Ча­лей), замежных моў (В.П.Іванова), музычных дысцыплін А.В.Зелянко), турызму (Т.Г.Палілейка), дашкольных дысцыплін (А.П.Васіленка), сацыяльна-гуманітарных дысцыплін (В.М.Мішута), прыродазнаўча-матэматычных дысцыплін (Х.І.Вакульчык). 

З 2005 года ў каледжы добрай трады­цыяй стала правядзенне дзён навукі, а з мінулага года арганізоўваецца маладзёжны фестываль “NАUКА+” (з міжнародным удзелам), дзе навучэнцы і педагогі прэзентуюць найбольш цікавыя і яркія работы. Так, сёлета Святлана Цыбульская прадставіла сваю творча-даследчую работу ў форме эсэ “Магутная сіла слова”, у якой разгледзела творчасць заслужанага настаўніка БССР, удзельніцы Вялікай Айчыннай вайны, выкладчыцы каледжа Надзеі Ярмак. Педагог-канцэртмайстар Д.М.Яраш вывучала сучасную музычную адукацыю праз прызму тэорыі пакаленняў, патлумачыла, чаму бабулі разумеюць унукаў лепш за бацькоў. Магістр педагагічных навук І.А.Губская расказала, як Microsoft Exel можа аблегчыць работу педагога. Была распрацавана ведамасць па разліку нагрузкі выкладчыка. Фактары, якія ўплываюць на парушэнні харчовых паводзін, прааналізавала навучэнка Ларыса Каляніцкая.

— Дзякуючы ўваходжанню каледжа ў склад універсітэта, навуковая работа стала лягчэйшай. Да нас прыязджаюць прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу і праводзяць для навучэнцаў вучэбныя заняткі, выступаюць на канферэнцыях, секцыях, прывозяць сваіх студэнтаў для ўдзелу ў нашых канферэнцыях. І навучэнцы бачаць узровень іх работ, сябе на фоне іншых, — падкрэслівае метадыст А.А.Джэрэн. —  Магчыма, камусьці гэта спатрэбіцца ў будучыні: калі яны стануць студэнтамі УВА, ім не бу­дзе боязна брацца за курсавыя і дыпломныя работы. Сапраўды, фестываль запальвае новыя зорачкі, якіх на парах проста не заўважаеш. У нас ёсць навучэнцы, якія мо­гуць выступіць на сцэне, прэзентаваць сябе, а ёсць тыя, якім бліжэй навуковая дзейнасць, і яны таксама павінны быць заўважаны. Важна, каб яны раскрылі яшчэ адну грань свайго таленту і адчулі, што гэтая іх асаблівасць запатрабавана ў нас у каледжы.

У апошнія гады важнай часткай у жыцці навучэнцаў каледжа стала ­валанцёрская дзейнасць. Будучыя педагогі спяшаюцца на дапамогу тым, хто адчувае ў гэтым патрэбу, аказваюць і матэрыяльную, і маральную падтрымку. У складзе валанцёрскага клуба 5 атрадаў: “Сябры NEW”, “Альтэрна­тыва”, “Клопат”, “Вясёлка”, Polotsk Travel. Кожны валанцёрскі атрад працуе па сваім напрамку, і ў кожнага ёсць свая адметная рыса. Так, прафілактыку здаровага ладу жыцця праводзяць валанцёры атрада “Альтэрнатыва”, пытанням экалагічнай накіраванасці прысвячаюць сваю дзейнасць навучэнцы атрада “Вясёлка” і інш. Праекты валанцёр­скага атрада “Клопат” носяць патрыятычную накіраванасць. Так, праект “І памяць сэрца гаво­рыць…” рэалізоўваўся на працягу двух гадоў і быў накіраваны на супрацоўніцтва з Музеем баявой славы Полацка, на добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў, правя­дзенне акцыі “Памятаем… Цэнім…” і г.д.

Нягледзячы на тое, што навучальны год набліжаецца да свайго завяршэння, яркае і насычанае жыццё ў каледжы працягваецца. У навучэнцаў і педагогаў шмат цікавых праектаў, арыгінальных ідэй і грандыёзных планаў на найбліжэйшую перспектыву. А гэта новыя магчымасці самарэалізацыі і самаразвіцця.

— Валанцёрства  — не забава, не спосаб прапусціць заняткі, а самааддача на ка­рысць грамадства, — гаворыць кіраўнік клуба
“Альтэрнатыва”  Г.В.Шакаль. — Валанцёрскі рух— гэта цікава, кожны адчувае сваю неабходнасць ад таго, што дапамагае людзям. І навучэнцы ахвотна адгукаюцца на карысныя справы.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.